ЮБІЛЕЙНЫ СЕРВІС ад "ШчучынАГРАХІМсэрвісу" | Дзяннiца

ЮБІЛЕЙНЫ СЕРВІС ад "ШчучынАГРАХІМсэрвісу"

Версия для печатиВерсия для печати

Генеральны дырэктар ААТ “ШчучынАГРАХІМсэрвіс” Ю.М. Вашчыла з ветэранамі прадпрыемстваТрыццацігадовы юбілей. Згадзіцеся, прыступак для “росту” у гэтага прадпрыемства наперадзе нашмат больш, чым пройдзена. І той факт, што юбілейныя ўрачыстасці ў ААТ “ШчучынАГРАХІМсэрвіс” адзначылі, нягледзячы на крызісныя настроі ў эканоміцы, пацвярджае – тут вераць у заўтрашні дзень, у стабільнае развіццё сваёй арганізацыі.
Юбілейны настрой адчуваўся яшчэ да пачатку ўрачыстасці. Ветэраны і работнікі прадпрыемства не спяшаліся заходзіць унутр адміністрацыйнага будынка: цёпла віталіся, распытвалі адзін аднаго пра жыццё-быццё, настальгічна ўспаміналі… Генеральны дырэктар “ШчучынАГРАХІМсэрвісу” Юрый Мечыслававіч Вашчыла, як толькі выйшаў з машыны, тут жа трапіў “у акружэнне” да групкі ветэранаў прадпрыемства – Баляслава Людвікавіча Здановіча, Генадзя Ігнатавіча Бялоцкага і Сяргея Еўдакімавіча Шубадзёрава (на здымку). Немаладыя ўжо людзі шчыра ўзрадаваліся такой увазе кіраўніка, абмяняліся з ім віншаваннямі.
“Дзякуй за працу!”Падарунак ад прадпрыемстваГенадзь Ігнатавіч і Сяргей Еўдакімавіч, да прыкладу, стаялі ля вытокаў стварэння арганізацыі. Першы працаваў брыгадзірам трактарнай брыгады і, па яго словах, “яшчэ з Ражанкі ў Ляшчанку тэхніку перацягваў”, а другі многа гадоў “руліў” на “газіку” – падвозіў да месца працы рабочых. З 46-ці гадоў (!) агульнага стажу дваццаць адшафярыў у Ляшчанцы і Баляслаў Людвікавіч Здановіч. Гэтыя аксакалы вытворчасці дружна прызналіся, што, нягледзячы на ўзрост, з ахвотай удзельнічаюць у юбілеях роднага прадпрыемства. Такую думку выказалі многія ветэраны, з кім давялося пагутарыць.
Зала, дзе праходзіла ўрачыстасць, была запоўнена да адказу. Сярод тых, хто прыйшоў на гэтае свята, – вядомыя ў раёне і вобласці кіраўнікі. Гэта начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Г.І. Вількевіч, Генеральны дырэктар ДУП “Аблсельгастэхніка” А.І. Крачко, начальнік аддзела паставак сродкаў хімізацыі “Аблсельгастэхнікі” І.А. Русіновіч, дырэктары: УКП “Гроднааблаграхімізацыя” – П.І. Карповіч, ДП “Шчучынскі рамонтны завод” – М.К. Карповіч, ААТ “Гроднарайаграсэрвіс” В.М. Глушань, КВУП “Шчучынская ППРф” – М.Я. Жалязоўскі і старшыня Лядскага сельскага Савета С.С. Майко. Усе яны – людзі невыпадковыя. Арганізацыі, якія яны ўзначальваюць, звязаны з прадпрыемствам-юбілярам цеснымі партнёрскімі сувязямі, робяць агульную справу – уносяць кожны свой уклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці.
Генеральны дырэктар “Аблсельгастэхнікі” А.І. Крачко прыехаў з падарункам“Дынаміка развіцця нашага прадпрыемства паўтарыла агульную тэндэнцыю развіцця краіны”, – адзначыў, выступаючы з прамовай, Генеральны дырэктар Юрый Мечыслававіч Вашчыла. Ён зрабіў экскурс у гісторыю, напомніў калі “нарадзілася”  прадпрыемства. Адбылося гэта ў верасні 1979 года. Тады Савет Міністраў Беларускай ССР прыняў пастанову аб стварэнні адзінай рэспубліканскай спецыялізаванай аграхімічнай службы. Менавіта ў гэты час Ляшчанскае спецаддзяленне “Сельгастэхніка” было пераўтворана ў Шчучынскае раённае вытворчае аб’яднанне “Сельгасхімія”.
Сельская гаспадарка мела патрэбу ў паслугах па аргахімічным абслугоўванні, вапнаванні кіслых глеб, нарыхтоўцы і вывазцы торфу, вывазцы і ўнясенні арганічных і мінеральных угнаенняў. І “Сельгасхімія” працяглы час верна служыла сельскім працаўнікам. У важкіх караваях і працоўных дасягненнях аграрыяў раёна ў тыя 80-ыя гады добра праследжваўся ляшчанскі “след”.
Загадчыца склада ўгнаенняў І.І. БолтакРазвівалася і само прадпрыемства: павялічваўся парк аўтатрактарнай тэхнікі, будаваліся складскія памяшканні, пракладваліся дадатковыя чыгуначныя шляхі да іх. Акрамя гэтага, у “Сельгасхіміі” стваралі належныя ўмовы для жыцця людзей: у Ляшчанцы ўзводзілі жыллё, дзіцячы сад, магазін… Па словах Юрыя Мечыслававіча, перыяд да 1990 года пазначаны ростам вытворчасці і станоўчымі тэндэнцыямі да развіцця.
І ўсё ж былі ў гісторыі прадпрыемства не толькі ўзлёты, але і падзенні. З 1990 да 1998 года аб’ёмы работы рэзка зменшыліся. Вытворчая нестабільнасць ударыла па зарплатах работнікаў, па працоўных адносінах. Але і тады рукі не апусцілі. Дзейнічалі ў рэчышчы пераўтварэнняў, якія адбываліся ў краіне. РВА “Сельгасхімія” у 1994 годзе стала Адкрытым акцыянерным таварыствам “Аграхім”. Тут не толькі, як кажуць, змянілі шыльду, але і працаваць сталі па-новаму. Колькасць работнікаў вырасла да 300 чалавек, запрацавалі новы цэх па нарыхтоўцы і перапрацоўцы драўніны, СТА легкавых аўтамабіляў, мукамольны цэх, адчынілі дзверы магазіны рознічнага гандлю. Адным словам, у рабоце з’явілася пэўная стабільнасць.
Загадчыца магазіна М.С. ЧашчэвікА ўжо з 2005 года акцыянернае таварыства, цяпер ужо “ШчучынАГРАХІМсэрвіс”, набірае тэмпы росту вытворчасці, прадастаўлення работ і паслуг. Як падкрэсліў Ю.М. Вашчыла, за апошнія пяць гадоў аб’ёмы работ і ў фізічным, і ў грашовым выражэнні павялічыліся амаль у два разы. Вялікая ўвага ўдзяляецца тэхнічнаму пераўзбраенню. На гэта выдаткавана 3,7 мільярда рублёў. Парк тэхнікі папоўнілі 4 “МАЗы”, 2 пагрузчыкі “Амкадор”, 6 цягачоў. Пабудавана сушыльная камера для піламатэрыялаў, прыняла наведвальнікаў гасцініца “Уют”. Сёлета плануецца завяршыць рамонт базы забеспячэння…
З надзеяй чакаюць у таварыстве наступны год. Ляшчанка будзе мяняць вясковы статус на аграгарадскі, а, значыць, добрыя змены закрануць і прадпрыемства, з якім яна за многія гады фактычна “параднілася”.
рыццацігадовая гісторыя прадпрыемства – у лёсах працавітых, самаадданых людзей. І Генеральны дырэктар, і кіраўніцтва таварыства, як падалося, надзвычай добра гэта разумеюць. Не памылюся, калі скажу, што ці не кожны з прысутных у зале быў выкліканы на сцэну і ўшанаваны: адчуў моцны поціск рукі кіраўніка, пачуў яго “Дзякуй за працу!”, атрымаў “канверты” і падарункі. Вось такі юбілейны сэрвіс ад “ШчучынАГРАХІМсэрвісу”!
Немагчыма назваць усе прозвішчы дастойных людзей, рупліўцаў, сапраўдных патрыётаў гэтай арганізацыі. Дваццаць два з іх працуюць тут з дня яе стварэння, амаль трэцяя частка работнікаў мае “аграхімаўскі” стаж звыш 20 гадоў. Тут ужо склаліся свае сямейныя дынастыі – Жагуней, Куроўскіх, Кузьма… Многія прозвішчы работнікаў прадпрыемства-юбіляра вядомы не толькі ў сваім калектыве, але і за яго межамі.
Добрыя традыцыі калектыву працягвае пакаленне цяперашніх працаўнікоў. Адзін з ветэранаў – Альфонс Альфонсавіч Палейчык – даў ім такі наказ: “Каб працавалі так, як мы”.
Добрыя словы адрасаваў аграхімаўцам Генрых Іосіфавіч Вількевіч. Ён высока ацаніў уклад таварыства ў сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, уручыў прывітальны адрас ад райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў.
“ШчучынАГРАХІМсэрвіс” – займае адно з вядучых месц сярод 45 прадпрыемстваў ДУП “Аблсельгастэхніка”, адзначыў Генеральны дырэктар гэтага галаўнога прадпрыемства А.І. Крачко. Ён пажадаў юбілярам дабрабыту і працвітання, не спыняцца на дасягнутым і ўручыў Ганаровую грамату камітэта па сельскай гаспадарцы аблвыканкама. Віншавальныя словы прагучалі  таксама і ад кіраўнікоў іншых “роднасных” прадпрыемстваў, якія працуюць у сферы агратэхнічнага і аграхімічнага забеспячэння.
Музычны штрых у юбілейны сэрвіс унеслі мясцовыя культасветработнікі і таленавітыя аграхімаўцы.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота Аляксея БІБІКАВА і з архіва прадпрыемства.

 

Слова аграхімаўцам
У.С. Куроўскі, трактарыст:
– Прыйшоў сюды на работу 18 гадоў назад. Можна сказаць, па слядах бацькі Станіслава Іванавіча, які доўгі час працаваў тут на пагрузчыку. У маіх руках цяпер новы трактар МТЗ-1221 з агрэгатам МВУ-8000 для ўнясення даламітавай мукі. Поле дзейнасці – практычна ўсе гаспадаркі раёна.
С.С. Сельхановіч, вадзіцель:
– Маё рабочае месца – вытворчая база на ст. Ражанка, а дакладней – кабіна аўтамабіля “ЗІЛ-554”. Дастаўляю ўгнаенні ў розныя куткі раёна. Працую з машынай і на ўборцы. Некалі прыйшоў сюды на работу з калгаса і ніколькі не шкадую аб гэтым.
Г.І. Сыч, галоўны эканаміст:
– Мой працоўны стаж у таварыстве невялікі. Але адну асаблівасць я паспела заўважыць і адчуць: калі працуеш як належыць – цябе тут абавязкова ацэняць. 
 

Аб’ёмы работ, якія прадпрыемства выканала за 30 гадоў:
* перавезлі 5 млн. 842 тыс. тон грузаў;
* выканалі 241 млн. 250 тыс. тона/км;
* вывезлі 5 млн. 552 тыс. тон арганічных угнаенняў, унеслі іх 3 млн. 727 тыс. тон;
* нарыхтавалі і вывезлі 1 млн. 515 тыс. тон торфу;
* унеслі мінеральныя угнаенні на 475 тыс. га;
* хімахоўныя работы правялі на 197 тыс. га;
* на базе забеспячэння перапрацавалі 1 млн. 350 тыс. тон грузаў;
* распілавалі 96 тыс. м3 круглага лесу;
* правапнавалі 237 тыс. га кіслых глеб.

Асноўныя віды дзейнасці таварыства:
* аграхімічнае абслугоўванне прадпрыемстваў;
* вытворчасць драўляных вырабаў і тары;
* знешнеэканамічная дзейнасць;
* паслугі па разгрузцы, захоўванні і пагрузцы розных грузаў;
* міжгароднія і ўнутрырэспубліканскія перавозкі грузаў аўтамабільным транспартам;
* нарыхтоўка і перапрацоўка драўніны;
* забеспячэнне сельскагаспадарчых і іншых прадпрыемстваў мінеральнымі ўгнаеннямі і сродкамі аховы раслін;
* оптавы і рознічны гандаль.
 

Лічбы і факты
* Уласны аўтамабільны парк уключае 46 адзінак грузавога, легкавога і спецыяльнага транспарту агульнай грузападымальнасцю 485 тон.
* Парк механізаванага атрада налічвае больш за 30 адзінак колавых трактароў, 5 аўтапагрузчыкаў, экскаватары, бульдозер, ёсць таксама прычапная тэхніка для вывазкі ўгнаенняў.
* Складскія памяшканні дазваляюць адначасова захоўваць: 5 тыс. тон даламітавай мукі; 5 тыс. тон цвёрдых мінеральных угнаенняў; 1,5 тон мешкатары.
* Драўляныя паддоны, якія вырабляюць на прадпрыемстве, паспяхова экспартуюцца ў краіны Заходняй Еўропы.
* Вялікая ўвага надаецца развіццю паслуг у сацыяльнай сферы: працуе мыйка аўтамабіляў, лазня, адкрыта гасцініца “Уют” на 10 месцаў.