Щучинский вестник | Дзяннiца

Щучинский вестник

Версия для печатиВерсия для печати

У магазін ... без грошай
У Вас няма грошай і ў той жа час трэба набыць неабходны тавар. Як быць? Здаецца, выхад толькі адзін: пазычыць іх у суседа ці чакаць зарплаты. А вось у ААТ “Шчучынаграхімсэрвіс” можна ісці ў магазін за прадуктамі без грошай.
— Мы складаем плацёжныя ведамасці. У іх запісваем прозвішча працаўніка арганізацыі і пад роспіс адпускаем неабходныя рэчы, — гаворыць вядучы бухгалтар Ірына Уладзіславаўна Хох.
Такіх магазінаў у адкрытым акцыянерным таварыстве тры. Яны размешчаны на станцыі Ражанка, у горадзе Шчучын і ў вёсцы Ляшчанка. Тут працуюць вопытныя, уважлівыя прадаўцы Марына Станіславаўна Чашчэвік, Вольга Пятроўна Крыкава, Генуэфа Уладзіславаўна Паплеўка.
У канцы месяца плацёжныя ведамасці здаюцца ў бухгалтэрыю, дзе праводзяцца канчатковыя разлікі. Такая форма гандлёвага абслугоўвання задавальняе ўсіх.
Заўважым толькі, што ў магазінах не прадаюцца гарэлка, піва і цыгарэты. Іх, каб і хацеў, у крэдыт не возьмеш.
Канстанцін КЛЕБАН.
Камфорт для турыста
Працягвае развівацца “Комплекс гасцінічных паслуг”, які стварыла райспажыўтаварыства на базе будынка былой Берштаўскай бальніцы. Ужо выраблена праектна-каштарысная дакументацыя для поўнай рэканструкцыі забудовы.
—Прыезджым вельмі падабаецца адпачываць у маляўнічым берштаўскім краі, — гаворыць старшыня райспажыўтаварыства С.С. Лях. – За гасцінічныя паслугі мы выручылі амаль паўмільёна рублёў. Даход можа быць значна большы, калі стварыць лепшыя бытавыя зручнасці для нашых пастаяльцаў. Над гэтым зараз і працуем. Сёлета ж сутачнае “крыху спартанскае” прабыванне на нашай базе адпачынку каштуе 10 – 12 тысяч рублёў.
Дарэчы, райспажыўтаварыства імкнецца заняць і яшчэ адну пакуль пустуючую нішу – у арганізацыі прыдарожнага сэрвісу. Плануецца на трасе Гродна – Мінск ля вёскі Міцары пабудаваць кафэ “Экспрэс”.
Таццяна ВАЛЯНЦІНАВА.
Культ прыроды
Нядаўна ва ўрачыстай абстаноўцы прайшло падвядзенне вынікаў абласнога этапа VІ Рэспубліканскага экалагічнага форума. І хоць мерапрыемства адбывалася ў Ваўкавыску, пра нашу Шчучыншчыну і шчучынцаў там узгадвалася не раз.
Да прыкладу, у конкурсе  на лепшае ўтрыманне дэндралагічных паркаў-помнікаў прыроды другое месца прысуджана  эксперыментальнай базе “Руткевічы”, а трэцяе – саўгасу “Вялікае Мажэйкава”.
Сярод лідараў конкурсу на лепшую публікацыю на экалагічную тэму  ў намінацыі “Наш агульны дом” – галоўны рэдактар газеты “Дзянніца” Таццяна Ступакевіч. А ў рэспубліканскім фотаконкурсе “Гэта твая зямля”  трэцяе месца занялі работы кіраўніка студыі Шчучынскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Міхаіла Чарнадзедава.
Раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя  віншуе пераможцаў і жадае ім здароўя і далейшых поспехаў.
Аляксандр Сушчэвіч,
 начальнік райінспекцыі ПР і АНА.

Добрая традыцыя
Прыемны сюрпрыз чакаў на ўрачыстай лінейцы, прысвечанай пачатку навучальнага года, вучняў Астрынскай сярэдняй школы.
— Школьнікі, якія працавалі на зерняскладзе і дапамагалі на палявых работах больш за 10 дзён, атрымалі прэмію, — расказвае намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце Яўгенія Вацлаваўна Няцецкая. – Падарункі ад гаспадаркі – пеналы і шакаладкі – мы ўручылі і 26 першакласнікам.
Не першы год школьнікаў віншуе гаспадарка. Прыемна пачынаць вучыцца з прэміямі і падарункамі.
Ганна РУДСКАЯ.
Сустрэча з паэтам
Трывала застанецца ў памяці вучняў Ракавіцкай сярэдняй школы першавераснёўская сустрэча з паэтам Гвідонам Ждановічам. Цудоўныя вершы, падораныя нам Гвідонам Іосіфавічам, хвалявалі, краналі за жывое. А зборнік яго паэзіі, з аўтографам аўтара, стаў выдатным падарункам для вучняў і настаўнікаў.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ,
вучаніца 8 класа Ракавіцкай СШ.