Шчучынскі веснік | Дзяннiца

Шчучынскі веснік

Версия для печатиВерсия для печати

У новым годзе будуць абуладкаваны яшчэ 5 аграгарадкоў
 Падрыхтаваны пашпарты аграгарадкоў будучага года. У 2010-м у рамках праграмы адраджэння сяла прадстаіць абуладкоўвацца вёскам Першамайская, Ляшчанка, Руткевічы, Балічы і Ракавічы. 
А зараз блізіцца здача ў эксплуатацыю сацыяльных і вытворчых аб’ектаў сёлетніх аграгарадкоў, статус якіх набылі Тапілішкі, Астрына, Бакшты і Вялікае Мажэйкава.
  — Нагадаем, што праграмай у нашым раёне было прадугледжана ўзвесці 20 аграгарадкоў, — гаворыць галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама М.М.Рудая. – Пятнаццаць з іх будуць рэальна існаваць ужо на 1 студзеня 2010 года. Праграма адраджэння вёскі паспяхова выконваецца, і з яе канчатковай  рэалізацыяй, трэба думаць, стваральныя працэсы ў сельскай мясцовасці працягнуцца.
Таццяна ВАЛЯНЦІНАВА.
Акружаны ўвагай і клопатам
У раёне праведзена абследаванне ўмоў пражывання ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і прыроўненых да іх катэгорый, сямей загінуўшых, а таксама адзінокіх грамадзян пажылога ўзросту. Жыццём-быццём гэтых людзей цікавіліся  камісіі, у складзе якіх былі прадстаўнікі раённай улады, работнікі пассельвыканкамаў, савета ветэранаў, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і іншых зацікаўленых службаў.
Выслуханыя заўвагі, пажаданні і просьбы былі занатаваны і прааналізаваны. Найчасцей яны тычыліся рамонту жылля, печаў, замены электраправодкі, выдзялення матэрыяльнай дапамогі ці змяшчэння ў аддзяленне сястрынскага догляду.
На падставе матэрыялаў абследавання складзены мерапрыемствы, якія пасля разгляду і зацвярджэння на пасяджэнні райвыканкама будуць прыняты для выканання ў наступным годзе.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.
“Падарунак сябру”
Пад такой назвай Шчучынскі раённы камітэт грамадскага аб’яднання “БРСМ” праводзіць раённую акцыю, удзел у якой можа прыняць кожны, хто на хвілінку хоча стаць чараўніком і даставіць радасць свайму бліжняму.
Падарункі, а гэта могуць быць цацкі, кніжкі, паштоўкі, паробкі, будуць перададзены дзецям-інвалідам, дзецям-сіротам 29 снежня гэтага года на дабрачыннай ёлцы “Нашы дзеці”.
Падарункі можна дастаўляць у Шчучынскі РК ГА “БРСМ” да 20 снежня па адрасе: г.Шчучын, пл. Свабоды, 11, каб. 2а.
Ганна РУДСКАЯ.
Узнагарода за творчасць
Пачатак снежня стаў шчодрым на падарункі для жыхара Астрыны Валерыя Аляксеевіча Васільева. Ён атрымаў грамату, падзячнае пісьмо, падарункі, грашовую прэмію. Так высока ацанілі творчасць майстра абласное праўленне грамадскага аб’яднання “БелТІЗ” і абласны метадычны цэнтр народнай творчасці.
Валерый Аляксеевіч ператварае ў творы мастацтва звычайныя карані і галінкі, знойдзеныя ў лесе. Яго паробкі з дрэва сталі экспанатамі абласной і рэспубліканскай выстаў творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі і выклікалі вялікую цікавасць у наведвальнікаў.
Ала УЛАДЗІМІРАВА.