Шчучынскі веснік | Дзяннiца

Шчучынскі веснік

Версия для печатиВерсия для печати

Гандаль – на святочнай хвалі
Не за гарамі калядныя і навагодняе святы. Ці не першымі нагадалі шчучынцам аб іх работнікі гандлю. Залы і вітрыны многіх магазінаў ужо ўпрыгожаны яркімі гірляндамі і бліскучымі шарамі, а на прылаўках з’явіўся тавар з навагодняй сімволікай.
Але не толькі знешняй ёлачна-дзедмарозаўскай атрыбутыкай прадпрыемствы гандлю і грамадскага харчавання маюць намер прывабліваць пакупнікоў і наведвальнікаў. Галоўнае – забяспечыць шырокі асартымент тавараў і спектр паслуг, якія асабліва запатрабаваны ў людзей розных узростаў. Канкрэтныя формы навагодне-каляднага гандлю і спосабы задавальнення пакупніцкага попыту дакладна прапісаны ў Плане арганізацыйных мерапрыемстваў па гандлі і бытавым абслугоўванні насельніцтва ў перадсвяточныя і святочныя дні, зацверджаным у райвыканкаме.
Да прыкладу, на 10 снежня намечана правядзенне ў Доме гандлю сумеснай з вытворцамі выстаўкі-продажу прамысловых тавараў, а 6,13, 20 і 27 снежня будуць працаваць святочныя кірмашы на цэнтральным рынку Шчучына.
У грамадскім харчаванні – свае “фішкі” святочнага абслугоўвання. Гэта і прадаўжэнне рэжыму работы кафэ і рэстарана, і новыя арыгінальныя стравы ў меню, і многае іншае.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
“Над сінім Нёманам” спяваў наш “Промень”
У мінулую суботу ў 3-м абласным конкурсе  “Над сінім Нёманам”, які праходзіў у пасёлку Абухава, прымаў удзел  і наш народны хор “Промень” раённага Дома культуры 
— Калі “Баладу пра партызанку Галіну” творчы калектыў спяваў акапэльна, то беларуская народная песня “Сядзіць камар на дубочку” прагучала пад акампанемент зухавата і весела, — дзеліцца ўражаннямі дырэктар РДК Віктар Сінкевіч. – У выніку “Промень” прывёз з абласнога конкурсу дыплом другой ступені. А зараз усе творчыя намаганні самадзейных артыстаў накіраваны на падрыхтоўку да юбілею: 26 снежня хор урачыста адзначыць 20-годдзе з дня ўтварэння.
Таццяна ВАЛЯНЦІНАВА.
Зноў у лазню!
Пасля нядоўгага перапынку пачала працаваць лазня ў Галавічполі.
– Раней лазня належала ААТ “Васілішкі”, – гаворыць старшыня Галавічпольскага сельвыканкама Франц Станіслававіч Чарняк. – Цяпер яна перададзена на баланс РУП ЖКГ. Работнікі прадпрыемства правялі там рамонтныя работы: перарабілі стэлажы ў парылцы, замянілі плітку ў мыечным аддзяленні. У мінулую суботу абноўленую лазню з задавальненнем наведалі галавічпольцы.
Лазня працуе на мясцовых відах паліва. А паколькі з дровамі праблем няма – цяпер няма і перабояў з паступленнем гарачай вады. Вельмі ўдзячны вяскоўцы за створаны камфорт.
Ганна РУДСКАЯ.