Шчучынскі веснік | Дзяннiца

Шчучынскі веснік

Версия для печатиВерсия для печати

Васілішкі ацэніць моладзь
3 снежня ў аграгарадок Васілішкі з’едуцца больш за 200 юнакоў і дзяўчат Гродзеншчыны – студэнтаў ВНУ і выпускнікоў каледжаў, каб прыняць удзел у абласным злёце моладзі “Дабрабыт Радзімы, працвітанне Беларусі – мой абавязак, мой лёс”.
Галоўнай тэмай канструктыўнай размовы стане замацаванне маладых кадраў на сяле, перспектывы развіцця сучаснай беларускай вёскі і роля ў гэтым тых, хто вось-вось пакіне студэнцкую аўдыторыю і накіруецца ў самастойнае прафесійнае жыццё.
Таццяна ВАЛЯНЦІНАВА.
Камп’ютары на службе ў міліцыі
Некалькі новых сучасных  камп’ютараў паступілі нядаўна на “узбраенне” супрацоўнікаў Шчучынскага РАУС. Такі шчодры падарунак зрабіла абласное ўпраўленне ўнутраных спраў. Як расказаў старшы інжынер аператыўнай сувязі РАУС Генадзь Іванавіч Місяк, на самой справе гэта планавае паступленне аргтэхнікі ў аддзел. Яна значна аблегчыць і ўдасканаліць працу шчучынскіх шэрлакаў холмсаў і аніскіных. Паміж іншым, новыя камп’ютары размеркавалі ў дзяжурную часць, аддзяленне крымінальнага вышуку і іншыя міліцэйскія службы.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
“ВІЧ. Ведаць, каб жыць”
Так гучала тэма пасяджэння аматарскага аб’яднання для падлеткаў “Мир под названием “Я”, якое дзейнічае на базе Астрынскага гарпасялковага Дома культуры і тэатральнай творчасці. Пасяджэнне праходзіла ў актавай зале мясцовай школы, куды былі запрошаны і падлеткі з клуба “Выбар”.
Актуальнасць тэмы была падкрэслена ў тэатральнай інсцэніроўцы, што паказалі ўдзельнікі аматарскага аб’яднання, і ў фільме “Сон”, які не пакінуў абыякавым ніводнага прысутнага. Уважліва слухалі падлеткі парады і рэкамендацыі ўрача, псіхолага і сацыяльнага педагога.
Абавязкі вядучай узяла на сябе мастацкі кіраўнік Дома культуры і тэатральнай творчасці Анастасія Селішчава. Яна ўмела акцэнтавала ўвагу прысутных на самых важных момантах размовы.
Свае адносіны да ўзнятай тэмы падлеткі выказалі ў анкетах. А ў канцы сустрэчы ўсе з цікавасцю разглядвалі вялізны красворд, які красамоўна сведчыў аб тым, як юнакі і дзяўчаты засвоілі матэрыял на цяжкую тэму.
Ала УЛАДЗІМІРАВА.