Шчучынскі веснік | Дзяннiца

Шчучынскі веснік

Версия для печатиВерсия для печати

Заслужаная ўзнагарода
Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт падвёў вынікі спаборніцтва па нарыхтоўцы травяных кармоў ў 2009 годзе.
Сярод сельскагаспадарчых арганізацый трэцяе месца прысуджана сельскагаспадарчаму вытворчаму кааператыву “Шчучынаграпрадукт”, які ўзначальвае старшыня Б.М. Куц.
Працаўнікі гаспадаркі нарыхтавалі на 2626 галоў жывёлы 753 тоны сена, 16942 тоны сенажу, 182 тоны сіласу, 14991 тону кукурузы на сілас, што на адну ўмоўную галаву складае 34,42 цэнтнера кармавых адзінак.
Сяргей ЛЯВОНАЎ.
Свежай рыбкі? Калі ласка!
Гэтай восенню ААТ “Васілішкі” прадало сваім работнікам і мясцовым жыхарам больш за 3100 кілаграмаў свежай рыбы. Карась ішоў па 3,5 тысячы рублёў, а шчупак, карп, акунь – па 5 тысяч рублёў.
Свежую рыбку вылоўліваюць з Гурнофельскага возера, якое гаспадарка паўтара года таму ўзяла ў арэнду.
— Падчас планавай чысткі з возера спускаем ваду, — гаворыць Л.Э. Габіс, які зараз па сумяшчальніцтве займае пасаду заатэхніка-рыбавода. – Так здабываем рыбу на продаж. На наступны год мяркуем запусціць у возера малька больш каштоўных парод – карпа, белага амура і таўсталобіка. Смачнай рыбкай пачастуем не толькі сваіх работнікаў, але і жыхароў раёна.
Сяргей ГАРДЗЕЙЧЫК.
Парадавалі вяскоўцаў песнямі
Даўно не было так мнагалюдна ў Матыльскім клубе. У выхадны дзень бадай што ўся вёска сабралася паглядзець канцэрт, які тут ладзіў народны ансамбль народнай песні раённага Дома культуры “Медуніцы”.
Прыгожыя галасы спевакоў зачаравалі і дарослых, і моладзь. Шчырыя апладысменты былі ўзнагародай артыстам за кожную выкананую песню. “Беларусь – імя святое”, “А ў полі дуб зялёны”, “Цвіце каліна”, “Бульбачка” і іншыя песні расчулілі ўсіх прысутных.  Вельмі спадабалася выступленне салістаў ансамбля Дзмітрыя Панова і Ігара Будзько.
Канцэрт доўжыўся ажно дзве гадзіны. І нават тады, калі артысты сталі развітвацца, ніхто не хацеў разыходзіцца. Людзі запрашалі артыстаў, каб тыя часцей наведваліся да іх і радавалі сваім талентам.
Генрых ГОЙ,
няштатны карэспандэнт.