Шчучынскі веснік | Дзяннiца

Шчучынскі веснік

Версия для печатиВерсия для печати

Рыхтуемся да юбілею раёна
Распачынаецца вялікая работа па падрыхтоўцы да 70-годдзя ўтварэння Шчучынскага раёна. Як вядома, гэту слаўную дату мы будзем адзначаць 15 студзеня 2010 года.
— Арганізацыйныя работы ў першую чаргу  павінны быць накіраваны на навядзенне парадку ва ўсіх населеных пунктах, на прывядзенне ў належны стан памятных мясцін і нашых святыняў, — падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама І.Ю.Сакалоўскі, — на ажыццяўленне плана, зацверджанага кіраўніком раёна.
 З нагоды юбілею ўжо рыхтуецца да выдання фотаальбом “Шчучыншчына – мінулае і сучаснасць”, будзе выпушчана сувенірная прадукцыя з лагатыпам “Шчучынскаму раёну – 70 год”. Чакаецца прыезд шматлікіх ганаровых гасцей.
Багата мерапрыемстваў запланавана ў школах, ДПТВ-198 і культасветустановах раёна. Сустрэчы з заслужанымі людзьмі, што сваёй руплівай працай  стваралі гісторыю раёна, тэматычныя выставы кніг, конкурсы на лепшае сачыненне “Мой родны кут, як ты мне мілы”, спартыўна-масавыя мерапрыемствы – усё гэта будзе прысвечана юбілейнай даце і заклікана спрыяць выхаванню маладога пакалення на слаўных традыцыях, якімі так багаты наш край.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Дыплом з самой Масквы
Шчучынскі райвыканкам адзначаны дыпломам прэфектуры Паўночна-Заходняй адміністрацыйнай акругі Масквы за ўдзел у выставе-кірмашы, якая адбылася тут у мінулым месяцы. Мерапрыемства праходзіла ў рамках Дзён Гродзенскай вобласці ў названай акрузе расійскай сталіцы.
Наш раён дастойна прадставілі на выставе два прадпрыемствы – завод “Аўтапровад” і масласырзавод. Экспазіцыя шчучынцаў прываблівала наведвальнікаў сваім афармленнем: каларытныя экспанаты з нацыянальнай сімволікай падрыхтавалі для гэтага работнікі культуры.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.
Ад шчырага сэрца
Дабрачынны груз паступіў нядаўна ў раённую арганізацыю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Гэта дапамога ад Швейцарскага Чырвонага Крыжа. У пасылках – адзенне, цацкі і тавары медыцынскага прызначэння. Апошнія вельмі спатрэбяцца хворым састарэлым людзям, якія знаходзяцца пад апекай чырванакрыжаўцаў. Асабліва карысная рэч для ляжачых хворых – функцыянальны ложак з проціпролежневым матрацам.
Цацкі з гуманітарнага грузу будуць перададзены ў садок №7, дзе парадуюць маленькіх выхаванцаў групы сутачнага знаходжання. А адзенне будзе дарэчы навучэнцам ДПТВ-198.
Далёкая адлегласць – не перашкода для шчырага жадання дапамагчы таму, каму сёння цяжэй.
Ала УЛАДЗІМІРАВА.