Шчучынскі веснік | Дзяннiца

Шчучынскі веснік

Версия для печатиВерсия для печати

Мясцовае паліва для Астрынскай кацельні
На гэтым тыдні пасля некаторага перапынку была “запушчана” кацельня ў гарадскім пасёлку Астрына.
– Кацельня, якая падае цяпло ў школу, дзіцячы садок, жылы сектар пасёлка, цяпер будзе працаваць на мясцовым відзе паліва – драўніннай шчэпцы, – гаворыць дырэктар РУП ЖКГ Д.Д. Адзінец.
– Пры дапамозе драбілкі дровы ператвараюцца ў шчэпку, якая і выкарыстоўваецца ў якасці паліва, – тлумачыць працэс начальнік участка г.п. Астрына Шчучынскага РУП ЖКГ А.К. Былеўскі. – Галоўная задача, якая стаіць перад намі на сённяшні дзень, – знізіць спажыванне блакітнага паліва. Частку дроў нарыхтоўвае спецыяльная брыгада па нарыхтоўцы дроў і прыгатаванні шчэпкі, частку прывозяць гатовымі.
Ганна РУДСКАЯ.
Ведай нашых!
Вераніка Кулеш – выпускніца СШ №3 г. Шчучына атрымала стыпендыю аблвыканкама імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко.
Сорак стобальных сертыфікатаў на рахунку выпускнікоў навучальных устаноў нашай вобласці па выніках цэнтралізаванага тэсціравання-2009. Дзяўчынка са Шчучыншчыны таксама ўвайшла ў лік лепшых. На мінулым тыдні намеснік старшыні аблвыканкама Ігар Жук уручыў узнагароды таленавітай моладзі.
Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання Гродзеншчына застаецца ў ліку лепшых на працягу апошніх трох год.
Ганна РУДСКАЯ.
Будзе спецыяльнасць – будзе і работа
Тынкоўшчык-маляр, абліцоўшчык-плітачнік, муляр, афіцыянт, повар, пячнік, прадавец, аператар ЭВМ, цырульнік, вадзіцель – гэтыя і іншыя спецыяльнасці набудуць грамадзяне, якія зарэгістраваны ў якасці беспрацоўных у аддзеле дзяржаўнай службы занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
139 чалавек адпраўлены на вучобу ў розныя ўстановы Шчучына, Гродна і Мастоў, такія як вучэбна-вытворчы камбінат №2 г. Гродна, Гродзенскі будаўнічы ліцэй, ДПТВ-198 і іншыя. Асвоіўшы спецыяльнасць, запатрабаваную на рынку працы, можна будзе хутчэй знайсці работу.
Скарыстаць магчымасць набыць новую спецыяльнасць могуць і асобы з ліку незанятага насельніцтва.
Ала УЛАДЗІМІРАВА.