Шчучынскі веснік | Дзяннiца

Шчучынскі веснік

Версия для печатиВерсия для печати

У кожнай кватэры – сваё ацяпленне
Пашанцавала будучым жыхарам новага 40-кватэрнага дома, які  МПМК-166 узводзіць на вуліцы Будаўнікоў у Шчучыне.
– У кожнай кватэры гэтага дома будзе ўстаноўлены кацёл на газавым паліве, – гаворыць намеснік галоўнага інжынера ДП “Шчучынская МПМК-166” Яўгеній Уладзіміравіч Паўлаў. – Жыхары змогуць самі рэгуляваць тэмпературу і будуць плаціць толькі за выкарыстаныя кубаметры газу.
Дарэчы, дом такога тыпу – не першы ў нашым горадзе. Пакватэрнае ацяпленне і ў пабудаваным некалькі гадоў таму доме каля аўтастанцыі.
Ганна РУДСКАЯ.
Каб быць з тэхнікай на “ты”
Інжынер-механік ААТ “Васілішкі” Д.М. Тамуль пабываў на курсах па ўстройстве, правілах эксплуатацыі і тэхнічным абслугоўванні новых трактароў, якія былі арганізаваны ў цэнтры РУП “МТЗ”. Неабходнасць набыцця дадатковых ведаў узнікла з папаўненнем аўтатрактарнага парка гаспадаркі сучаснай сельгастэхнікай. Цяпер у ААТ “Васілішкі”, акрамя замежных трактароў, чатыры энерганасычаныя “Беларусы”. Яны могуць весці ворыва не горш за “Джон-Дзіры”.
Бесперабойная работа “Беларусаў”, як паказаў час, залежыць не толькі ад майстэрства механізатараў, але і ад спецыялістаў. Да новых “наваротаў” са старым  багажом ведаў не падступішся.
У бліжэйшы час павысяць сваю кваліфікацыю спецыялісты і іншых гаспадарак раёна.
Сяргей ГАРДЗЕЙЧЫК.
“Як добра мець шмат сяброў!”
Спектакль пад такой назвай паказалі нядаўна вучням пачатковых класаў першай і трэцяй гарадскіх школ артысты народнага паэтычнага тэатра “Волат” з Астрыны. Рэжысёр тэатра І.А. Жукоўская і творчы калектыў ўдала выкарысталі ў пастаноўцы элементы тэатралізацыі, лялечнага тэатра і гульні. Юныя гледачы з цікавасцю назіралі за дзеяннем на сцэне раённага Дома культуры, актыўна ўдзельнічалі ў розыгрышы прызоў.
Падобныя спектаклі “волатаўцы” мяркуюць паказаць і выхаванцам дзіцячых садкоў, адаптаваўшы іх пад адпаведны ўзрост гледачоў. Думаецца, такія творчыя паслугі будуць запатрабаванымі.
Дарэчы, моцныя тэатральныя традыцыі Астрынскага гарпасялковага Дома культуры адлюстраваліся і ў назве ўстановы: цяпер гэта Дом культуры і тэатральнай творчасці.
Ала УЛАДЗІМІРАВА.