Чый сметнік? | Дзяннiца

Чый сметнік?

Версия для печатиВерсия для печати

Мясцовыя жыхары “пастараліся”Адказ на гэта пытанне ў большасці выпадкаў знайсці немагчыма. Аднак так званыя стыхійныя звалкі ўзнікаюць далёка не самі па сабе. Іх учыняюць людзі. Вызваляюць ад хламу свае “апартаменты” і вывозяць смецце куды папала. Часам дзіву даешся: як прырода вытрымлівае такія людскія адносіны? Забруджаныя рэкі, заваленыя смеццем лясы, непрыглядны стан гарадскіх вуліц... І як толькі рука падымаецца кінуць пакет не ў кантэйнер, а прама на вуліцы? А падымаецца!
– Я каля свайго дома пастаянна ўбіраю і паперкі, і пластыкавыя бутэлькі, і ўпакоўкі з-пад соку... Усё, што прынясе вецер, і кінуць бессаромныя грамадзяне, – абурана гучаў у трубцы голас майго суразмоўцы. – Але, шчыра кажучы, так надакучыла прыбіраць за некім! Вунь за варотамі ўчынілі цэлую звалку. І камунгас не прыбірае...
Так пачалася мая тэлефонная размова з жыхаром аднаго з дамоў па вуліцы Леніна. І падстава для яго абурэння, на жаль, была. На тэрыторыі былога аэрадрома, у пачатку вуліцы Леніна, адразу за варотамі гараджане ўчынілі сметнік.
Як паступіць у такім выпадку? Ясна адно: вельмі хацелася знайсці вінаватых і прымусіць іх адказаць за свой учынак! А яшчэ і гараджанін, што патэлефанаваў, сцвярджаў, што на месцы можна знайсці не адну “уліку”.   
Магчыма, участковы інспектар можа дапамагчы ў вырашэнні такога пытання?
– Цяпер такімі праблемамі мы не займаемся, – патлумачыў мне намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Здзіслаў Іосіфавіч Янкевіч. – Пытанні, звязаныя з учыненнем сметнікаў і адловам бадзячых сабак, поўнасцю перайшлі ў веданне камунальнай службы.
Тэлефаную ў санітарную службу. Аказваецца, нераўнадушны грамадзянін звярнуўся і да іх. Наталля Браніславаўна Шкуратава – памочнік урача-гігіеніста прапаноўвае выехаць на месца. Да нас далучаецца і Віктар Адольфавіч Місюк – начальнік участка транспарту, добраўпарадкавання і санітарнай ачысткі РУП ЖКГ.
Убачанае, мякка кажучы, уразіла. Вельмі хацелася б зазірнуць у вочы ўладальнікам гэтага “дабра”.
– Не раз прыходзіцца ўбіраць падобныя сметнікі, – гаворыць Віктар Адольфавіч. – І ўсе лічаць, што гэта наш абавязак. Але чаму ў тых, за кім мы прыбіраем, ніколі не прачнецца сумленне, чаму яны не задумаюцца, што іх абавязак – не смяціць, а захоўваць чысціню ў горадзе?
Не пашанцавала на гэты раз таму, каму належала смецце. Уладальніка “выдаў” вучнёўскі сшытак, які выпаў з падранага пакета. Васьмікласнік адной з гарадскіх школ такім чынам “паклапаціўся” пра свой родны горад.
Не бачу сэнсу называць прозвішча юнага гараджаніна, таму што ўпэўнена, што ён у гэтым не адзінокі. Жыхары бліжэйшых вуліц “дапамаглі” яму ў гэтай справе.
Мінімальны штраф за такія ўчынкі – дзве базавыя велічыні. І справа нават не ў пакаранні. Крыўдна, што не ўмеем мы клапаціцца пра свой горад, захоўваць чысціню і парадак і вучыць гэтаму нашых дзяцей.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота Аляксея БІБІКАВА.