Чалавек і яго справа | Дзяннiца

Чалавек і яго справа

Версия для печатиВерсия для печати

Хрустальны  журавель –  узнагарода  за майстэрстваАлена Васільеўна Пасюта – настаўніца беларускай мовы і літаратуры Дзяржаўнай гімназіі г. Шчучына. Яна стала фіналісткай Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года-2009”, членам прафесійнага клуба “Хрустальны журавель”. Пра сваю калегу расказваюць педагогі гімназіі.
Настаўнік, улюбёны ў свой прадмет
На Зямлі існуе вялікая колькасць прафесій, і праяўляюцца ў іх людзі па-рознаму. Нехта – стараецца працаваць з душой, усяго сябе аддае любімай справе, а хтосьці нават не хавае, што работа яму ў цяжар. Шукаюць тайну свайго поспеху і педагогі. Ёсць шчасліўчыкі, якія вучаць так, як жывуць: робяць усё натуральна, атрымліваюць задавальненне ад зносін з дзецьмі.
На мой погляд, менавіта да такой катэгорыі педагогаў адносіцца Алена Васільеўна Пасюта. Мне здаецца, што формула яе поспеху простая і складаная адначасова. Грунтуецца яна на “трох кітах”: шчырай любві да дзяцей, захапленні прадметам і на высокім прафесіяналізме. Алена Васільеўна вельмі яркі, камунікабельны, абаяльны, працалюбівы, адказны чалавек. Менавіта гэтыя якасці дазволілі ёй стаць фіналісткай Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года-2009”, членам прафесійнага клуба “Хрустальны журавель”. Гэтаму папярэднічала штодзённая карпатлівая работа: урокі, факультатывы, кіраўніцтва навукова-даследчымі праектамі, правядзенне тэматычных навукова-практычных канферэнцый, курыраванне гімназічнага друку, паездкі па роднай Беларусі і блізкім замежжы.
Мы супрацоўнічаем з Аленай Васільеўнай праз дзейнасць навуковага таварыства “Арыён”. Толькі ў гэтым накірунку актыўнасць і рэзультатыўнасць гэтага чалавека проста ўражваюць. За пяць год работы ў гімназіі Алена Васільеўна выступіла натхняльнікам і арганізатарам дзвюх тэматычных навукова-практычных канферэнцый, прысвечаных Адаму Міцкевічу, а таксама паэтам і пісьменнікам Шчучыншчыны. Пад яе кіраўніцтвам гімназісты напісалі і паспяхова абаранілі больш за 10 даследчых праектаў. Некаторыя работы былі прадстаўлены на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Так, работа К. Махнач “Апалон Карынфскі – перакладчык вершаў Я. Купалы” была адзначана дыпломам ІІІ ступені на міжнароднай канферэнцыі “Адзінства народаў – адзінства літаратур”. А сумесны праект М. Карэцкага, В. Краеўскага і К. Махнач “Сцяжынкамі муз” адзначаны граматай Міністэрства адукацыі.
Усе гэтыя і іншыя праекты запатрабаваныя. Імі карыстаюцца не толькі вучні і педагогі нашай гімназіі, але і жыхары горада. На паліцах бібліятэк Шчучына вы знойдзеце брашуры “Літаратурная Шчучыншчына”, “Імя Цёткі ў памяці шчучынцаў”, “Сакрэты беларускай душы”.
Некалькі гадоў запар члены рэдкалегіі газеты “Гімназіст” і альманаха “Вечнае пяро”, выпуск гэтых выданняў таксама ўзяла “пад сваё крыло” таленавітая настаўніца, паспяхова прымалі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе школьнай прэсы.
Алена Васільеўна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у сваіх калег: яна ўмее падтрымаць у цяжкую мінуту, разам парадавацца поспеху.
Асноўнае поле дзейнасці настаўніцы – урокі. І яна стварае іх так, як добрая гаспадыня пячэ пірагі.
Нельга расказаць усё пра чалавека ў адным кароткім артыкуле. Аднак хацелася б падкрэсліць галоўнае: усяго можна дасягнуць і ўсё можна пераадолець, калі любіш тое, чым займаешся, калі адданы справе ўсёй душой.
Алена ЛІСОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнай гімназіі г. Шчучына.


Сябра і калега

Першае маё знаёмства з Аленай Васільеўнай Пасюта адбылося, калі мы паступілі ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы. Студэнты прыехалі з розных куточкаў Гродзенскай вобласці і шукалі сваіх землякоў. Так пазнаёміліся і мы – як зямлячкі.
Ва ўніверсітэце Алена Васільеўна была актыўнай студэнткай, яе выбралі старастам групы.
Пасля заканчэння вучобы нашы шляхі разышліся. І толькі праз 13 гадоў мы сустрэліся зноў – у  гімназіі. І вось ужо трэці год працуем разам. Не перастаю здзіўляцца, як у яе хапае сіл, энергіі, часу, каб дасягаць такіх выдатных поспехаў.
А поспех заўсёды ідзе з ёю побач. Вучні Алены Васільеўны займаюць першыя месцы на раённых прадметных алімпіядах, не раз станавіліся прызёрамі абласных. Настаўніца працуе з творчым запалам. Яна – намеснік дырэктара па вучэбнай дзейнасці.
Алена Васільеўна – спакойны, разважлівы чалавек. Няма ў яе эмацыянальных “выбухаў”. Яна ўмее знайсці такія словы, якія ўражваюць сваёй глыбінёй, прастатой, непасрэднасцю. Яна заўсёды дасць карысную параду.
Ірына ПАДГУРСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры.    
   

Бліц-інтэрв’ю
Мары збываюцца
Пасля таго, як Алена Васільеўна Пасюта вярнулася з рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года-2009”, цікавасць да яе асобы яшчэ больш узрасла. Яе літаральна засыпалі пытаннямі. Калегі, сябры, знаёмыя і канешне ж вучні…
– Якія самыя яркія імгненні  дзяцінства засталіся ў Вашай памяці?
– Я вырасла ў вёсцы Вялікае Мажэйкава, таму назаўсёды засталіся ў душы жывапісныя мясціны, прыгажосць роднай прыроды. Яшчэ дашкольніцай я ўмела бегла чытаць, дзядуля навучыў мяне рашаць прыклады.
– Чаму вырашылі стаць настаўніцай?
– Гэта прафесія прыцягвала мяне з дзяцінства. Я збірала сяброў, праводзіла ўрокі, любіла правяраць сшыткі, ставіць адзнакі.
– Якія Вашы жыццёвыя прынцыпы?
– Ва ўсіх сітуацыях стараюся быць адкрытай, шчырай, і, безумоўна, прадуктыўнай – дасягаць у рабоце пэўных вынікаў і поспехаў.
– Якія ўражанні ад дзён, праведзеных у сталіцы?
– Самыя яркія і цікавыя. У мяне была магчымасць сустрэцца з вельмі таленавітымі і крэатыўнымі  людзьмі, якія, можна сказаць, вызначаюць узровень сучаснай  адукацыі. Спачатку было даволі складана, мала часу на падрыхтоўку. А затым разумела, што ўмяшчаюся ў той фармат, які патрабуецца, і страх адступіў, з’явіліся  ўпэўненасць і камфорт.
Вельмі хвалюючай была сустрэча з Прэзідэнтам. Я ніколі раней не была ў рэзідэнцыі Прэзідэнта, дзе нас сустракаў аркестр пад кіраўніцтвам Бабарыкіна, фотарэпарцёры і журналісты. Кіраўнік нашай дзяржавы ўважліва сочыць за тым, што адбываецца ў адукацыі, і надае гэтаму вялікую ўвагу.
– Аб чым Вы думалі, стоячы за сцэнай і рыхтуючыся да выхаду?
– У мяне не было часу хвалявацца, дапамагала думка аб тым, што на мяне ўскладзена вялікая адказнасць прадстаўляць усю вобласць, і зрабіць гэта трэба дастойна.
– Што новага Вы для сябе адкрылі, прыняўшы ўдзел у конкурсе?
– Дзякуючы конкурсу я яшчэ раз пераканалася, што наша работа – запатрабаваная і незвычайная. Знаёмства з новымі людзьмі дало магчымасць выстраіць і свой план дзеянняў. Я многаму навучылася і шмат даведалася. Усё гэта дапаможа мне ў далейшым.
– Што для Вас работа?
– На мой погляд, гэта стыль жыцця.
– Ідэальны вучань для Вас, які ён?
– Гэта, бясспрэчна, сучасны, крэатыўны чалавек, які ўсім цікавіцца.
Гутарыла Юлія СВІРЫДЗЕНКА, вучаніца 10 “В” класа.