ЧАЛАВЕК І ЗАКОН - тэматычная падборка | Дзяннiца

ЧАЛАВЕК І ЗАКОН - тэматычная падборка

Версия для печатиВерсия для печати

Некалькi гадзiн, якiя перавярнулi жыццё
Справа была вечарам і рабіць, як кажуць, не было чаго. Напэўна таму чацвёра маладых людзей, трое з якіх – навучэнцы ДПТВ-198, вырашылі ўнесці хоць нейкую разнастайнасць у такі звычайны і нічым не прыкметны дзень. І ўнеслі... Колькасць артыкулаў, па якіх суд выносіў абвінавачванне шукальнікам прыгод, не абмяжоўваецца двума ці трыма. У некаторых іх ажно пяць! І гэта ўсяго за некалькі гадзін! Слаўна пагулялі...
А пачыналася ўсё, як заўсёды ў такіх выпадках, са спіртнога.
Прыкупіўшы ў магазіне піва і гарэлкі, хлопцы накіраваліся ў бок гарадской лазні. Па дарозе кампанія “падрасла” – знайшлося нямала жадаючых выпіць “на халяву”. У гутарцы і ідэя “выдатная” ўзнікла: трэба тэрмінова ехаць на заробкі ці то ў Мінск, ці то ў Маскву. А для паездкі грошы патрэбныя. Дзе ж іх узяць? Не іначай, як украсці!
Калі лішнія асобы накіраваліся па сваіх справах, чацвёра сяброў, па прапанове аднаго з іх, прынялі рашэнне наведацца ў якую-небудзь кватэру, каб вырашыць сваю фінансавую праблему. Акно на балконе пяціпавярхоўкі, да якой трымала шлях кампанія, аказалася адчыненым. Без асобых праблем Андрэй В. залез у кватэру і праз некалькі хвілін вярнуўся з барсэткай. Аднак, хлопцам не пашанцавала: акрамя дакументаў і дзвюх пластыкавых картак у ёй нічога не было.
Тым не менш, ад намеру з’ехаць па лёгкія грошы яны не адмовіліся. Па прапанове таго ж Андрэя В. яны накіраваліся ў інтэрнат збіраць свае рэчы і прадукты.
Доўга ламаць галаву над тым, як дзейнічаць далей, кампаніі не прыйшлося. Рашэнне ўзнікла само сабою: няма грошай – трэба знайсці транспарт. А яго – хоць адбаўляй на Паўднёва-Заходняй. Туды яны і накіраваліся. Чамусьці ў вока ўпала “Аўдзі” серабрыстага колеру. Неўзабаве шукальнікі прыгод ужо імчалі на скрадзеным аўтамабілі. Ды не змаглі ад’ехацца далёка – пракалолі кола. Шкада было проста так пакідаць аўтамабіль на дарозе, таму нахабныя пасажыры правялі поўны агляд машыны. Каністры са знойдзеным палівам вырашылі прыхаваць у бліжэйшым ляску – авось прыдадуцца. А самі накіраваліся ў цэнтр горада.
І ўсё ж, як кажуць, надзея памірае апошняй. Як не паспрабаваць скарыстацца банкаўскімі карткамі, знойдзенымі ў барсэтцы? Тым больш, што там жа былі запісаныя лічбы, падобныя на коды. І зноў іх спасцігла няўдача.
Адчайныя хлопцы не губляліся – зноў і зноў разглядалі новыя варыянты.
Паспрабаваць свайго шчасця вырашылі ў касцёле. Трапіць унутр не ўдалося, а ў падвале нічога каштоўнага яны не знайшлі. З тым і накіраваліся на “новы аб’ект” – у Дом гандлю. Моцныя рашоткі не дазволілі ажыццявіць новыя планы. Так ні з чым, пешшу і без грошай адправіліся яны на Перакрыжаванне. Была ідэя нават фуру скрасці, але вадзіцель пільны папаўся. І пайшлі яны па шашы Гродна-Мінск у бок Смалярні... Дабраліся дзе пяшком, дзе на транспарце да станцыі Скрыбаўцы, а адтуль на цягніку да Ліды. Так і скончыліся вольныя прыгоды чатырох сяброў.
Пяць гадоў і шэсць месяцаў пазбаўлення волі  з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага  рэжыму прызначыў суд Андрэю В. Ён павінен прайсці прымусовае лячэнне ад алкагалізму.
Тры гады пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і прымусовае лячэнне ад алкагалізму атрымаў Аляксандр Р.
Тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на адзін год шэсць месяцаў чакаюць Анатолія С. і Аляксея Д.
“П’яныя” прыгоды чатырох сяброў завяршыліся за турэмнымі рашоткамі. Наўрад ці думалі яны пра пакаранне, калі адно за адным учынялі новыя злачынствы. Затое цяпер часу падумаць больш чым дастаткова.
Валерый ЦЫБУЛЬСКІ,
памочнік пракурора.
Ганна РУДСКАЯ.

Пра банкаўскую картку і пін-код на адваротным баку
Высокія тэхналогіі імкліва ўрываюцца ў наш быт. Ужо не здзіўляюць нікога банкаматы і інфакіёскі: з імі лёгка абыходзяцца і маладыя людзі, і пенсіянеры. Карыстацца імі зручна: твае грошы заўсёды з табой, і не ў тоўстым кашальку, а ў выглядзе тоненькай пластыкавай карткі.
І ўсё ж ёсць іншы бок справы. Трэба пастаянна памятаць пін-код.  Асобныя грамадзяне знайшлі выхад – запісваюць запаветныя лічбы на адваротным баку карткі. І забываюць аб тым, што страта карткі раўназначная выдачы таму, хто яе знайшоў, генеральнай даверанасці на атрыманне вашай зарплаты. Небяспечна запісваць пін-код на паперы, а потым захоўваць яе ў кашальку. Зламысніку, якому ён трапіць у рукі, нескладана здагадацца пра прызначэнне лічбаў.
Калі ўсё ж няма жадання запамінаць пін-код, або ён ужо запісаны на паперы, закадзіруйце гэтыя лічбы. Дапішыце туды іншыя – так, каб яны абрамлялі патрэбныя вам. У такім выпадку трэба толькі помніць, што пін-код пачынаецца, да прыкладу, з шостай лічбы.
Калі вы картачку згубілі – не спадзявайцеся, што яе прынясуць на “талерачцы з блакітным абадком”. Гэта бывае, на жаль, вельмі рэдка. У такой сітуацыі самы надзейны спосаб зберагчы свае “кроўныя” – тут жа па тэлефоне набраць нумар дзяжурнага аператара (нумар у выглядзе наклейкі знаходзіцца на банкамаце) і заблакіраваць згубленую картку. Блакіроўка адбываецца ў рэжыме рэальнага часу, г.зн. імгненна.
Прыміце гэтыя парады да ведама, не палічыце іх не вартымі вашай увагі. Каб не апынуцца ў ліку 178 пацярпелых, з чыіх згубленых ці ўкрадзеных картак чужой рукой былі сёлета зняты грошы. Колькасць абманутых грамадзян вырасла, бо за ўвесь мінулы год іх было крыху больш за 120.
Што датычыцца сумы, украдзенай з карт-рахункаў, то за гэтыя грошы можна было б купіць аднапакаёвую кватэру ў абласным цэнтры.
Андрэй ПРАКАПОВІЧ,
намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі УУС Гродзенскага аблвыканкама.

 

Дарога патрабуе культуры
Правілы дарожнага руху – гэта, па сутнасці, правілы паводзін удзельнікаў дарожнага руху. Менавіта ў гэтым дакуменце дакладна вызначаны абавязкі для пешаходаў і пасажыраў, веласіпедыстаў і вадзіцеляў. Разам з тым, ёсць адно агульнае правіла, якое распаўсюджваецца на кожнага, – быць далікатнымі і прадбачлівымі.
Вадзіцель паварочвае на перакрыжаванні. Спераду – пешаходны пераход, па якім ідзе пешаход. Вадзіцель прапускае пешахода. Або пешаход бачыць, што машына ўжо блізка, не кідаецца ёй наперарэз, мо ўспею, а прапускае машыну. Гэта і ёсць ветлівасць.
Родная сястра ветлівасці – прадбачлівасць. І пешаход, і вадзіцель павінны прадбачыць, як складзецца сітуацыя праз 3-5 секунд, што можа адбыцца праз 10-20 секунд. Гэта неабходна для таго, каб своечасова прыняць неабходныя меры і пазбегнуць канфлікту на дарозе.
Сапраўдны вадзіцель ветлівы і прадбачлівы. Ён не будзе круціць пальцам каля скроні і выкрыкваць у адрас пешахода, які замарудзіў на пераходзе, грубыя словы. Нельга лічыць добрым, надзейным вадзіцелем чалавека, які надзелены такімі рысамі, як агрэсіўнасць, неўраўнаважанасць, высакамернасць, нядобразычлівасць. Любая з іх можа прывесці да бяды. Напрыклад, агрэсіўны вадзіцель учыняе мноства небяспечных дзеянняў: лёгка заражаецца павышанай хуткасцю машыны, якая абганяе, спрабуючы абысці крыўдзіцеля любой цаной. Калі ён трапляе на адну паласу з транспартным сродкам, што, па яго меркаванні, рухаецца недастаткова хутка, злуецца і абганяе, нават калі абгон забаронены.
Дарога не церпіць рэзкіх манеўраў. Рэзкае павышэнне хуткасці, тармажэнне або перастраенне заўсёды бывае нечаканым для другіх удзельнікаў дарожнага руху.
Вадзіцель заўсёды павінен помніць, што пешаход перад аўтамабілем безабаронны, але і пешаходу не трэба забываць, што магчымасці вадзіцеля не бязмежныя.
Калі па віне другога вадзіцеля на дарозе ўзнікла небяспечная сітуацыя, і вы ўмелымі дзеяннямі не далі ёй перарасці ў дарожна-транспартнае здарэнне, будзьце велікадушнымі і не старайцеся адпомсціць. Не размахвайце рукамі, не стукайце сябе дэманстратыўна па ілбе і не круціце пальцам каля скроні. Рэакцыя на такія дзеянні можа быць самая неадэкватная. Калі небяспечная сітуацыя ўзнікла па вашай віне – папрасіце прабачэння.
Даследаванні айчынных спецыялістаў і вопыт замежных краін з нізкім узроўнем дарожна-транспартных здарэнняў прыводзяць да адназначнага вываду: толькі дысцыплінаванасць пешаходаў і вадзіцеляў дазваляюць знізіць колькасць ахвяр на дарогах.
Віктар СЕРАХАН,
старшы інспектар дарожна-патрульнай службы АДАІ Шчучынскага РАУС.

“Разносчыкі” п’янай заразы
Недзе вясной на старонках “Дзянніцы” мы вялі размову аб ганебнай з’яве, якая называецца самагонаварэнне і рэалізацыя “пойла” з градусам. Выносілі на “дошку ганьбы” і прозвішчы людзей, якія “ціснуць” гарэлку, рэалізуюць яе залежным ад “градусаў” людзям – фактычна робяць грошы на чужой бядзе. Было нейкае спадзяванне, што такая шырокая – на ўвесь раён – агалоска прымусіць парушальнікаў заканадаўства задумацца над сэнсам свайго занятку, а тых, хто грашыў гэтым “бізнесам”, але ў міліцэйскі спіс не трапіў, “завязаць” раз і назаўсёды.
Прайшло амаль паўгода. Спадзяванне, што другога падобнага спіса не будзе, на жаль, не спраўдзілася. Самагоншчыкі і гандляры спіртным сваю справу ведаюць тонка і “працуюць” у тым жа напрамку. Вось што расказаў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС падпалкоўнік міліцыі Іван Браніслававіч Вянцковіч:
– Усяго ў 2009 годзе супрацоўнікі РАУС выявілі 62 факты незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі. Па 30 фактах вінаватыя прыцягнуты да адказнасці, 32 правапарушальнікі чакаюць рашэння суда за свае проціпраўныя дзеянні. Акрамя гэтага, сёлета супрацоўнікі міліцыі знішчылі 8830 літраў самагоннай брагі, канфіскавалі 703,9 літра самагону і 27,2 літра спіртаўтрымліваючай вадкасці. Знішчана 12 самагонных апаратаў,  7 мінізаводаў па вытворчасці самагону. На парушальнікаў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №11 ад 2005 г. “Аб удасканаленні дзяржаўнага рэгулявання вытворчасці, абароту і рэкламы алкагольнай, нехарчовай спіртаўтрымліваючай прадукцыі і нехарчовага этылавага спірту” накладзены штрафы на агульную суму 14345000 рублёў.
Сёння мы заносім на “дошку ганьбы” прозвішчы падпольных вытворцаў і гандляроў спіртным, якія былі прыцягнуты да адказнасці за парушэнне вышэй узгаданага Дэкрэта ў маі – верасні 2009 г.
Тарашкевіч Ч.Э., в. Прудзяны
Пачынчык В.І., г.п. Астрына
Мікула М.С., в. Дзегцяры
Данейка П.П., г. Шчучын
Новік Я.А., в. Андрушоўцы
Гацук Г.С., в. Кірпічоўшчына
Дзятчык І.І., в. Ліпічанка
Бузун З.С., в. Пескі
Івашчанкава І.Б., г. Шчучын
Павядайка Н.С., г.п. Астрына
Вялічка В.І., г. Шчучын
Бергель Р.У., в. Патока
Мар’янская В.У., в. Валянчыцы
Старавойтава Т.І., в. Догі
Шафеў А.Г., в. Тапілішкі
Валчок С.В., г.п. Астрына
Маскевіч Я.Ю., в. Мураўёўка
Руль П.В., в. Хадзілоні
У спісе і добра знаёмыя па мінулых “справах”, і навічкі. Ёсць сярод “герояў” і пенсіянеры, і працуючыя, і тыя, хто толькі гэтым промыслам і зарабляе… І іх “заслуга” ёсць у тым, што кожнае трэцяе злачынства на тэрыторыі раёна ўчыняецца на глебе п’янства. Ад атручвання алкаголем памерла 13 жыхароў раёна, пераважная большасць з іх – мужчыны працаздольнага ўзросту.
Няўжо прага да нажывы замяніла ім маральныя прынцыпы? Паміж іншым, зло, якое распаўсюджваюць гэтыя людзі, можа паразіць іх саміх і іх блізкіх.