Цераз пень калоду | Дзяннiца

Цераз пень калоду

Версия для печатиВерсия для печати

Пень крыху падзёўбалі;    Вось такі зігзагзрабілі плот ля аднаго з дамоў у Галавічполі
Адзін з дамоў-новабудоўляў у Галавічполі, між іншым, такі зграбны прыгожы церамок, раптам стаў мясцовай “славутасцю”. Праходзячы міма, адны вяскоўцы пасміхваюцца, другія здзіўляюцца, трэція абураюцца. Гэтыя эмоцыі выклікае… плот, якім абнеслі прысядзібны ўчастак вакол пабудовы. Узводзячы агароджу, будаўнікі “ушанавалі”… пень, што застаўся тут з моманту падрыхтоўкі пляцоўкі пад будаўніцтва. Якім чынам?
– У аграгарадку Галавічполе будаўнікі МПМК-167 узвялі дом. Пляцоўку для будаўніцтва належала падрыхтаваць ААТ “Васілішкі”. Многа пнёў знеслі, але не ўсе, – каменціруе намеснік старшыні райвыканкама – куратар будаўнічай галіны У.А. Муха. – Спілавалі і дрэва, якое расло якраз на лініі будучага плоту. А вось пень застаўся… Будаўнікі, якія агароджвалі ўчастак, наблізіўшыся да гэтага месца, паступілі “арыгінальна” – абнеслі пень плотам, заступіўшы ўнутр участка. Замест прамой лініі атрымаўся непрыгожы зігзаг.
А ў двары яшчэ два пніАдчувалася, Уладзімір Аркадзьевіч засмучаны прыкрай недарэчнасцю. Сам асабіста даручаў яе выправіць, але выканаўчая дысцыпліна падначаленых аказалася вельмі нізкай…
У аўторак мы пабывалі ля “славутага” пня. Заўважылі, што спробы ліквідаваць яго былі. Крыху падзёўбалі яго рабочыя гаспадаркі, але так і пакінулі, нават трэскі не прыбралі. Між іншым, на аддаленні – у глыбіні падворка – тырчалі з зямлі яшчэ два досыць вялікія пні. Падумалася: вось дык “спадчына” засталася гаспадарам-навасёлам!
Абсурднасць сітуацыі зразумелая, відаць усім, акрамя выканаўцаў.
– Калі рабілі плот, трэба было прамінуць гэтае месца. Выкарчавалі б пень – тады і дабавілі прасла, – гаворыць старшыня Галавічпольскага сельвыканкама Ф.С. Чарняк.
Неразваротлівасць асобных службовых асоб прывяла да таго, што інфармацыя вясковага значэння дайшла да старшыні райвыканкама С.І. Ушкевіча. Ён быў вельмі абураны і катэгарычны: “За два дні зрабіць усе, як належыць!” Ігнараваць указанне кіраўніка, мяркую, ніхто не асмеліцца. Але ці ж варта турбаваць кіраўніка раёна такой дробяззю? Ёсць жа спецыялісты, чые службовыя абавязкі – кантраляваць ход будаўнічых работ.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота Андрэя ЦЕСЛЮКА.

P.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што пень быў убраны сіламі будаўнікоў ААТ “Васілішкі” і лінія плоту выраўнена.