ЦАРСТВА ТАМАРЫ | Дзяннiца

ЦАРСТВА ТАМАРЫ

Версия для печатиВерсия для печати

БАБА ТАМАРА СА СМАЛЯРНІ ПА-МАЙСТЭРСКУ ЛОВІЦЬ РЫБУ, ЛЮБІЦЬ СВЕТ І ЛЮДЗЕЙ І ЖЫВЕ Ў ЗГОДЗЕ СА СВАІМ СУМЛЕННЕМ
Мясціны запаветныя
За два з паловай кіламетры ад Літвы, на хутары паблізу вёсачкі Бераставіца Навадворскага сельсавета, які больш вядомы як Смалярня (тут некалі быў смалзавод), удалечыні ад людскай мітусні вось ужо сорак пяць гадоў жыве Тамара Васільеўна Варонка. Простая жанчына, звычайная, на першы погляд. Але варта зазірнуць у яе вочы і разгаварыцца, як разумееш, што лёс паднёс табе сапраўдны падарунак, паслаўшы сустрэчу з гэтым светлым чалавекам.
Яе не назавеш улюбёнцам лёсу. Нарадзілася ў 1933-м у Берштах, сіратой рана засталася, шмат гора зведала. Марыла стаць “аптэкаркай”, ды не склалася, а таму добрасумленна працавала ў аптэцы санітаркай. Замуж выйшла па каханні за мясцовага хлопца. Віталь не выстаяў перад прыгажуняй з доўгімі косамі, і ўсё жыццё ўспамінаў той цудоўны бардовы капялюшык, на які запаў. Сорак тры гады ў каханні і згодзе пражылі, дваіх сыноў нажылі. Пахавала свайго Канстанцінавіча ў 1999-м. З ім сышоў кавалачак яе душы.
- Добра, што пасля нас дзеці засталіся, унучка, праўнукі, - разважае бабуля Тамара. - У іх сіла і неўміручасць. І працяг…
Тамара Васільеўна Варонка і старшыня Навадворскага сельвыканкама Аляксандр Яўгенавіч Хвасько - сапраўдныя сябрыСыны бабы Тамары Міхась і Юрый жывуць у Гродне і часцяком яе наведваюць. У двары яе дагледжанай хаткі ля Берштаўскага возера ўсё лета стаіць палатка - для праўнукаў Мікіткі і Кірыла, якія любяць прабабулю і маляўнічыя мясцовыя пейзажы. Яны разам з ёй дыхаюць хваёвым паветрам, кормяць лебедзяў і цешацца пачуццём бязмежнай волі: направа - лес, налева - лес, наперадзе - маляўнічая водная роўнядзь. Запаветныя мясціны!
“Сам з душой - душэўную нітачку знойдзеш...”
Тамара Васільеўна дружыць з усімі: суседзі-дачнікі, заезджыя рыбакі, літоўскія і маскоўскія госці, памежнікі, кінематаграфісты, журналісты знаходзяць з ёй агульную мову і становяцца часткай яе жыцця. Але ёсць у яе найбліжэйшы сябар, якога яна жартам кліча “прыёмным сынам” - старшыня Навадворскага сельвыканкама Аляксандр Хвасько. Аляксандр Яўгенавіч, як роднай маці, давярае бабе Тамары свае сакрэты, просіць парады.
- Ды гэта ж скарбонка мудрасці! - кажа ён. - Сапраўдны філосаф. Скажа не ў брыво, а ў вока! І так разумна, так своечасова…
 - Людзей ні ў чым не вінавачу - час такі, - мудра парыруе суразмоўніца на нашу рэпліку, што свет стаў жорсткі. - Аднак, калі сам з душой, - душэўную нітачку да ўсіх знойдзеш…
У Дзень нараджэння і 8 сакавіка Тамару Васільеўну, акрамя родных, віншуюць лідскія памежнікі, якія доўгі час базіраваліся недалёка ад яе хаты, мясцовы сельвыканкам, шматлікія сябры і знаёмыя з розных гарадоў. Яе любяць людзі, таму што яна любіць іх. І дапамагаюць, таму што яна імкнецца дапамагчы ўсім. У гэтым увесь сакрэт.
Ружы ад Дабралюбава
У 1985 годзе Тамара Васільеўна знялася ў кіно. Вельмі спадабалася адкрытая каравокая жанчына рэжысёру карціны “Мама, я жывы” Ігару Дабралюбаву. Гісторыю 12-гадовага сіраты, які падчас вайны трапляе ў партызанскі атрад, а пазней становіцца разведчыкам, здымалі акурат на смалзаводзе, у берштаўскіх лясах, побач з хатай Варонка. Тут размяшчалася партызанская школа, куды па сцэнарыі, камандзір адправіў вучыцца Пецьку.
Акрамя здымкаў у масоўцы, Тамара Васільеўна шмат дапамагала здымачнай групе. Імкнулася аблегчыць побыт таленавітых акцёраў, і асабліва дзетак, занятых у фільме (жыццё ў палатках не вельмі салодкае). Са Стэфаніяй Станюта пазнаёмілася, тая ёй цукеркі са сталіцы прывозіла, гарбату разам пілі.
А пасля доўгачаканай прэм’еры, якая праходзіла ў Берштаўскім сельскім клубе, Ігар Дабралюбаў выклікаў на сцэну Тамару Васільеўну і ўручыў ёй … цэлае вядро руж. Гэта варта было бачыць!
У 1990-м на экраны выйшаў яшчэ адзін фільм Ігара Дабралюбава “Плач перапёлкі”. Тамара Васільеўна не магла без хвалявання глядзець да болю знаёмыя эпізоды. Таму што прапусціла ўвесь фільм праз сябе, таму што зноў здымалася ў масоўцы, а яе сяліба і благадатныя берштаўскія лясы на чатыры месяцы сталі месцам здымак узрушальнай драмы.
- Вельмі шкада, што Ігар Мікалаевіч памёр, - шкадуе яна. - Вялікі быў чалавек, таленавіты… Яго фільмы сэрцам адчуваеш…
Каралева клёву
“Пасяджу ў лодцы, на возера палюбуюся, - і настрой уздымецца…”У мясцовых рыбакоў прыкмета ёсць: дзе баба Тамара пасядзела з вудай, - на тое месца трэба абавязкова перайсці. Пашанцуе! Што за сакрэты яна ведае - ніхто так і не разгадаў. Але рыбачка хвацкая! Захацела рыбку падсмажыць - спусцілася да возера, закінула вуду, і вячэра гатова. Гэта ж тычыцца і збору ягад і грыбоў. Яна нібы адчувае ўраджайныя месцы.
Рыбакі распавядаюць пра “чарадзейную” чырвоную футру бабы Тамары, якую яна апранала на зімовую рыбалку. І рыба ў яе лунцы чамусьці актыўнічала. Вось мужыкі-канкурэнты і склалі байку, што чырвоны колер рыбу прыцягвае. А можа, і сапраўды, прыцягвае?
У 2007-м падчас зімовай лоўлі Тамара Васільеўна выратавала гродзенскіх хлопцаў, якія праваліліся на возеры пад лёд. У адрозненне ад мужчын, якія, пачуўшы крык аб дапамозе, хуценька збеглі з месца здарэння, яна зрабіла ўсё магчымае, каб выбавіць небарак з ледзянога палону. Адзін хлопец здужыў сам, а другога выцягнулі напаўжывым. Без прытомнасці быў. Расцірала, адпойвала, сушыла…
Летась ён прыязджаў пакланіцца добрай жанчыне і ў падзяку за выратаванае жыццё працягнуў ланцужок з крыжыкам.
- Не ўзяла, - успамінае Тамара Васільеўна, - ён выратаваў яго ў той бядзе, няхай захоўвае і надалей…
Сіла - ад прыроды
- І не сумна Вам тут, на краі сусвету, удалечыні ад цывілізацыі? - пытаемся мы. - Улетку хоць заезджыя турысты бываюць, дачнікі непадалёк працуюць, а ўвосень-узімку?
- Бываюць дні, калі настрой не той або адчуваю сябе горш, - усміхаецца Тамара Васільеўна, - дык я выйду да возера, абыду вакол, у лодцы пасяджу, палюбуюся на прыгажосць, у лазенцы папаруся. І адразу лягчэе. Сіла наша - ад прыроды, ад зямлі-матухны… Вы прыязджайце часцей, зразумееце, што гарадское жыццё сілы высмоктвае, а наша - аднаўляе…
Дома ў Тамары Васільеўны - чысціня і ўтульнасць. Галоўнае багацце - кнігі, любімыя абразы і фотаздымкі розных гадоў. Для газетнага фотапартрэта наша гераіня апранае святочны бардовы шаль. А потым завіхаецца ля стала. Ну як жа не паспрабаваць яе рыбу і грыбочкі?!
Развітваючыся з намі, басаногая гаспадыня вёскі-хутара, якая жыве ў гармоніі з сабой і прыродай, кідае незнарок:
- Я вас не забуду.
І мы Вас таксама, дарагая Тамара Васільеўна!
Ала БІБІКАВА.
Фота аўтара.