Хроніка здарэнняў - Падрыхтавана па матэрыялах РАУС | Дзяннiца

Хроніка здарэнняў - Падрыхтавана па матэрыялах РАУС

Версия для печатиВерсия для печати

“Гаспадар, падзяліся…”
Вядома ж, такіх слоў госці-зладзеі не вымаўляюць. Сваю ганебную справу робяць ціха і хутка. Вось і непрацуючы раней судзімы жыхар вёскі Ражанка не пайшоў з пустымі рукамі з дома, дзе гасцяваў: сцібрыў два мабільныя тэлефоны, пачак цыгарэт і 16570 рублёў. Грошы і рэчы належалі мясцоваму жыхару, таксама непрацуючаму.
Начны разбойнік
Па дапамогу да шчучынскіх міліцыянераў звярнуўся грамадзянін Польшчы, які знаходзіцца ў Шчучыне ў камандзіроўцы. Мужчына паведаміў, што ў адну са снежаньскіх начэй падвергся нападу невядомага зламысніка. Пад пагрозай прымянення насілля той адкрыта адабраў у паляка партманет з 200 еўра, 100000 беларускіх рублёў, вадзіцельскім пасведчаннем і мабільны тэлефон.
Над раскрыццём злачынства працавалі аператыўнікі райаддзела і абласнога ўпраўлення. Было ўстаноўлена, што начны разбой – справа рук маладога расіяніна, які часова пражываў на тэрыторыі нашага раёна.
Канцы ў вадзе не патанулі…
Гэтыя злачынствы былі ўчынены яшчэ летам і восенню. Зламыснікі, відаць, спадзяваліся, што калі іх не знайшлі па гарачых слядах, то не адшукаюць і цяпер. Аднак, памыліліся. Канцы ў ваду схаваць не ўдалося…
Так, нядаўна праваахоўнікі ўстанавілі, што 370000 рублёў з гандлёвага павільёна на міні-рынку “Раніца” украў навучэнец ДПТВ-198. Гэты ж хлопец падазраецца ў крадзяжы 290000 рублёў і залатога крыжыка з аўтамабіля жыхара Астрыны.
 А вось 380 кілаграмаў бульбы ў пенсіянера з в. Лагады сцібрылі непрацуючы жыхар г.п. Астрыны і мясцовы жыхар.
Выдала дабравольна
43-гадовая жыхарка Шчучына дабравольна выдала супрацоўнікам міліцыі 36 літраў самагону, 5 літраў спіртаўтрымліваючай вадкасці і самагонны апарат.
Галоўнае, каб гэта партыя “вогненнай вады” стала апошняй у “бізнэсе” непрацуючай гараджанкі.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.