Хроніка здарэнняў - Падрыхтавана па матэрыялах РАУС | Дзяннiца

Хроніка здарэнняў - Падрыхтавана па матэрыялах РАУС

Версия для печатиВерсия для печати

Свой ведае ўсё?..
У вёсцы ўсё, як на далоні. “Засакрэчанай” інфармацыі тут практычна не бывае. Часам гэтай адкрытасцю карыстаюцца нячыстыя на руку людзі. Падаецца, што і 30-гадовы непрацуючы жыхар Шчанца “наведаўся” ў адзін з пустых дамоў невыпадкова. І знайшоў там вінна-гарэлачныя вырабы, якія, як кажуць, піць-есці не прасілі і не для злодзея там стаялі.
Следча-аператыўная група знайшла на месцы “візіту” злодзея малаток, адвёртку, металічны прабой і іншыя атрыбуты падобнага крымінальнага дзеяння. Самога ж “спецыяліста” цяпер вышукваюць.
* * *
Набегу зладзеяў падверглася і нежылая сядзіба ў в. Шастакі. З гаража ля дома зніклі бензапіла і балгарка.
Дарога без знакаў
На ўчастку дарогі Мінск – Гродна ля в. Вароны вяліся рамонтныя работы. Часова ўстанавілі тут адпаведныя дарожныя знакі. Праўда, у адныя з выхадных дзён ім “прырабілі ногі”. Міліцыя завяла крымінальную справу і шукае аматара пажывіцца чужым, каб задаць яму некалькі пытанняў і спагнаць нанесеныя страты – звыш 700 тысяч рублёў.
А на будучае, мабыць, трэба ўстанаўліваць на дарозе яшчэ адзін знак – “Не чапайце знакі!”
Чужая “музыка”
З дзвюх аўтамашын, якія сталі ля аднаго з дамоў па вул. Астроўскага, ноччу ўкралі аўтамагнітолы “Проладжы” і “Панасонік”. Зламыснікі не абцяжарвалі сябе падборам ключоў, а проста разбілі шкло ў дзверцах…
На жаль, такія крымінальныя эпізоды – не рэдкія ў хроніцы здарэнняў. І ўсё таму, што гаспадары аўтамабіляў не пакідаюць іх у гаражах ці на ахоўваемых стаянках, а паркуюць ля дамоў – практычна давяраюць транспарт … цемры. А яна, як вядома, спадарожніца людзей з дрэннымі намерамі.
Грошы – гэта спакуса
84-гадовы жыхар вёскі Дзерванцы напрыканцы лістапада заявіў у міліцыю аб крадзяжы з дома 1500000 рублёў. Аператыўнікам будзе няпроста знайсці злодзея, бо ёсць падставы меркаваць, што грашовыя зберажэнні зніклі ўжо месяц таму назад…
* * *
Спачатку ўсё ішло добра. 25-гадовы жыхар в. Алішкаўцы, раней судзімы за крадзеж, выпіў з пенсіянерам з г.п. Астрыны ў доме апошняга. А потым… украў у гаспадара 92000 рублёў.
Сцэнарый знаёмы, ці не праўда? І, на жаль, распаўсюджаны.
Такі вось паварот…
На дарозе ля в. Клімаўшчына адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Вадзіцель “Рэно-Мегана” рабіў разварот і не пераканаўся ў бяспецы такога манеўра. У выніку – сутыкненне з іншай аўтамашынай, якая ехала ў спадарожным накірунку. Два пасажыры “Рэно” з траўмамі былі змешчаны ў бальніцу, дзе адзін з іх праз некалькі гадзін памёр.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.