Хроніка здарэнняў - Падрыхтавана па матэрыялах РАУС | Дзяннiца

Хроніка здарэнняў - Падрыхтавана па матэрыялах РАУС

Версия для печатиВерсия для печати

Усё навокал – сваё?
Работнікам прылаўка даводзіцца кожны дзень быць у акружэнні тавару, які ім не належыць. На жаль, выпрабаванне чужым “багаццем” праходзяць не ўсе. Вось і нядаўна супрацоўнікі АБКіЭЗ РАУС выявілі факт прысваення тавара-матэрыяльных каштоўнасцей на суму звыш 11 мільёнаў рублёў загадчыцай аднаго з магазінаў райспажыўтаварыства.
Такі “апетыт” разыграўся ў жанчыны за кароткі тэрмін – нейкага паўгода.
Дадатковы “заробак”
знайшлі для сябе два жыхары Шчучына – 44-гадовы сталяр і 25-гадовы мантажнік: яны выкралі дзве акумулятарныя батарэі з аўтамабіляў, што знаходзіліся на неахоўваемай стаянцы станцыі тэхабслугоўвання па вуліцы Авіятараў. “Спецыялісты” падабралі ключы да замкоў дзвярэй.
Прыйшоў, каб узяць?
А як жа інакш растлумачыць той факт, што непрацуючы жыхар в. Зарэчча, наведаўшыся ў дом да пенсіянеркі з в. Барташы, выйшаў адтуль з грашыма гаспадыні. Да рук зламысніка “прыліплі” 152 тысячы рублёў.
Каму перашкаджаў экран?
Невядомы пакуль зламыснік пашкодзіў шкляны інфармацыйны экран кіёска “Белпошты”, размешчаны паблізу аднаго з дамоў на вуліцы Астроўскага. Шчучынскаму вузлу паштовай сувязі нанесены страты на суму звыш 1400000 рублёў.
Тайнае і яўнае
Расследаванне адной крымінальнай справы часам “выцягвае” на свет іншае незаконнае дзеянне. Да прыкладу, яшчэ ў верасні пенсіянерка з вёскі Кудзеркі збыла непрацуючаму жыхару Гродна 80 грамаў высушанай макавай саломы. І, відаць, даўно забыла пра гэты факт. Але ён усё-такі “ўсплыў”. Нядаўна была заведзена крымінальная справа.
Хлуслівы данос
Менавіта так расцанілі праваахоўнікі паведамленне аб угоне аўтамабіля і ДТЗ, якое паступіла ад жыхара вёскі Рэзы. Чаму так далёка зайшла яго “фантазія”, 31-гадоваму вяскоўцу давядзецца цяпер расказаць следчаму: на аўтаўладальніка заведзена крымінальная справа.
Крымінальны апетыт
Вечарам ва універсам №2 зайшоў малады чалавек, стан якога ў народзе вызначаецца як “цёпленькі”. Доўга ці не доўга думаючы, але гэты нецвярозы “пакупнік” адкрыта забраў прадукты харчавання з прылаўка і … рушыў у дзверы. Кошт украдзенага ацэньваецца ў 30000 рублёў. Калі асобу зламысніка ўстанавілі, прадуктаў на той момант ужо значна паменела.
Дранікі з яблыкамі
Па інгрэдыенты для новай стравы “дранікі з яблыкамі” 30-гадовы непрацуючы шчучынец пайшоў не ў краму, а ў чужы падвал. Праз аконны праём вынес каля 80 кг бульбы і 20 кг яблыкаў, якія належалі пенсіянеру з вуліцы Астроўскага.
Цяпер раней судзімы за крадзеж “нарыхтоўшчык” зноў будзе знаёміцца з арт. 205 ч.2 Крымінальнага кодэкса.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.