Хроніка здарэнняў - Падрыхтавана па матэрыялах РАУС | Дзяннiца

Хроніка здарэнняў - Падрыхтавана па матэрыялах РАУС

Версия для печатиВерсия для печати

“Спецыялісты” аднаго профілю
Агульны занятак знайшлі 28-гадовы непрацуючы жыхар в. Крупава і 47-гадовы механізатар, жыхар в. Рымкі. Абодва – раней судзімыя за крадзяжы. І цяпер, відаць, успомнілі “спецыялізацыю”: сарвалі навясны замок у адным з дамоў у в. Рымкі, праніклі ў памяшканне і ўкралі 200000 рублёў.
Як устанавілі аператыўнікі, гэтая ж парачка падазраецца яшчэ ў адным “свежым” злачынстве – спробе ўгону легкавога аўтамабіля з падворка дома ў Руткевічах. Але ажыццявіць намечанае не ўдалося.
Мінута ўдачы… для зламысніка
Фактычна “падарылі” яе нячыстай на руку асобе ў магазіне “Тэхніка ў быце”. Прадавец не закрыла на ключ касавы апарат, калі сама ненадоўга адлучылася з рабочага месца. Рэзультат неабачлівасці – “мінус” 1260000 рублёў грашовай выручкі.
Што насцярожвае: у падобную сітуацыю траплялі нядаўна і работнікі іншых гандлёвых кропак. Відаць, зламыснік “вандруе” па магазінах у чаканні “шчаслівага” для сябе выпадку. Не дайце яму яшчэ адзін шанц!
Вадзіцель дзятлаўскі, самагонка іўеўская
Шчучынскія аператыўнікі на дарозе паблізу ст. Ражанка “тармазнулі” легкавушку, якой кіраваў вясковец з Дзятлаўскага раёна. У салоне знайшлі “каштоўны” груз – 300 літраў самагону. Пасажыр – пенсіянер з Іўя – прызнаў сваё дачыненне да спецыфічнага прадукту.
Па факце праводзіцца праверка.
Сярод белага дня
У абедзенны час зламыснік праверыў на трываласць фортку ў гандлёвым кіёску па вуліцы Савецкай у Шчучыне. Калі ўдалося яе адціснуць, прасунуў унутр руку і выцягнуў каля 488 тысяч рублёў грашовай выручкі. Сігналізацыя ў гэты момант была адключана, хаця ўвогуле кіёск ёй абсталяваны.
У падвале – “госць”
30-гадовы непрацуючы раней судзімы шчучынец пранік у падвал дома па вуліцы Астроўскага. Там яго зацікавілі кансервы хатняга прыгатавання, чым і пажывіўся. На момант прыезду аператыўнікаў у злодзея засталася толькі частка прадуктаў…
Выпілі. Паелі. Пакурылі
Усё неабходнае для застолля два зламыснікі – жыхары вёсак Борці і Рымкі – здабылі ў магазіне вёскі Рымкі. Менавіта здабылі, а не купілі. А канкрэтней – вынеслі са склада гандлёвай кропкі, у які вечарком прабраліся выставіўшы аконную раму і выламаўшы металічную рашотку. Спіртныя напіткі, тытунёвыя вырабы і прадукты харчавання – якраз тое, што іх зацікавіла.
І 40-гадовы няпрошаны “пакупнік”, і яго 23-гадовы “калега” да гэтага ўжо мелі праблемы з законам, але вывадаў для сябе так і не зрабілі.
Спрытны на рукі, хуткі на ногі
Вуглашліфмашынка “Макіта” за нейкай паўгадзіны змяніла свайго гаспадара. Інструмент сцібрылі з будаўнічага аб’екта ў ААТ “Васілішкі”. Хто – пакуль невядома. А што зламыснік спрытны і хуткі – дакладна.
Бывай, ноутбук!
Пашанцавала шчучынцу, які, дзякуючы аператыўнікам, ненадоўга застаўся без свайго ноутбука. Як высветлілася, на чужую рэч паквапіліся двое маладых шчучынцаў, якія напярэдадні гасцілі ў пацярпеўшага і пайшлі з яго кватэры не з пустымі рукамі.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.