Хроніка здарэнняў - Падрыхтавана па матэрыялах РАУС | Дзяннiца

Хроніка здарэнняў - Падрыхтавана па матэрыялах РАУС

Версия для печатиВерсия для печати

Па тым жа адрасе…
На навучэнца ДПТВ-198, жыхара Шчучына, якога мы ўзгадвалі ў мінулым выпуску “Хронікі здарэнняў”, заведзены яшчэ тры (!) крымінальныя справы. Сюжэт злачынных дзеянняў, у якіх ён падазраецца, фактычна адзін і той жа: як да сябе дамоў, ён неаднойчы заходзіў у адну з чужых кватэр па вуліцы Будаўнікоў. І ўсялякі раз там удавалася разжыцца на грошы. Розняцца толькі сумы – 300000, 1300000, 70000 рублёў. “Працаваў” хлопец у асноўным адзін, толькі аднойчы ўзяў у напарнікі старэйшага на два гады непрацуючага шчучынца.
Спосаб, якім трапляў у чужое жыллё, просты – адціскаў рыгель замка. Усе тры “візіты” ажыццявіў сярод белага дня.
Бліжэй пакладзеш – не знойдзеш
Ключ пад дыванком, пад вядром ці ў сетцы на сцяне… Усе гэтыя ненадзейныя схованкі зладзеі вылічваюць вельмі хутка. Гэтак жа хутка пранікаюць затым у дамы і кватэры.
Гаспадары толькі рукамі пляскаюць – прапалі рэчы ці грошы! Па падобнай схеме дзейнічаў зламыснік і ў Вярбілках. Ключ адшукаў, потым грошы – 100 тысяч рублёў. “Візіткі”, зразумела, гаспадару дома не пакінуў. Устанаўленнем яго асобы займаюцца цяпер міліцыянеры.
Вартаўнік злодзея не бачыў…
У ноч на 7 лістапада з незачыненага памяшкання мехмайстэрні ў в. Барташы нехта ўкраў слясарныя інструменты і акумулятарную батарэю. Тэрыторыю гэту ахоўвае ведамасны вартаўнік. Але зламыснік з ім удала размінуўся…
Пацярпеў школьнік
Вучань 11 класа Скрыбаўскай школы трапіў з траўмамі ў бальніцу пасля таго, як на яго на начной вуліцы наехаў аўтамабіль. 19-гадовы жыхар Гродна, што знаходзіўся за рулём “Аўдзі”, не справіўся з кіраваннем і выехаў на паласу сустрэчнага руху. Хлопец, які пацярпеў, ішоў па краі праезнай часткі і быў абазначаны святлоадбівальнымі элементамі.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.