Хроніка здарэнняў - Падрыхтавана па матэрыялах РАУС | Дзяннiца

Хроніка здарэнняў - Падрыхтавана па матэрыялах РАУС

Версия для печатиВерсия для печати

Балончык … з бядой
Пры ўстаноўцы дзвярэй на адным з аб’ектаў адбыўся адвольны ўзрыў балона з мантажнай пенай. У выніку быў смяротна траўміраваны 20-гадовы сталяр МПМК-166.
Цемра. Дом. Выстралы
Адзін з дамоў па вуліцы Пушкіна ў Шчучыне трапіў пад прыцэл невядомага зламысніка. Каля дзевяці гадзін вечара ён выстраліў у бок будынка, у выніку атрымаў раненне пляча непрацуючы 34-гадовы грамадзянін, які ў гэты час знаходзіўся на верандзе. Хто і з чаго страляў, цяпер высвятляюць праваахоўнікі.
Час не ўсе сляды хавае
Кашалёк з грашыма быў украдзены з кватэры па вуліцы Будаўнікоў у Шчучыне яшчэ ў чэрвені. Тады зламыснік адціснуў рыгель замка і прабраўся ў памяшканне. І вось нядаўна ў ходзе расследавання крымінальнай справы “ўсплыло” прозвішча таго “здольнага” зладзюжкі. Ім аказаўся навучэнец ДПТВ-198, жыхар Шчучына. На яго заведзена крымінальная справа.
На мышэй не скінеш…
Маленькія шэрыя грызуны дакладна не маюць дачынення да здарэння, якое мела месца ў падсобным памяшканні “Універсама”, што па вуліцы 17 Верасня ў Шчучыне. У апошні кастрычніцкі дзень, раніцай, адсюль знік кашалёк з 20000 рублёў і 50 еўра, а таксама пашпарт адной з прадаўцоў. Усё гэта работнік прылаўка неабачліва пакінула на стале ў памяшканні, якое не было закрыта на ключ.
Хітры, лоўкі, няўлоўны
І усё гэта пра яго – злодзея, які арудуе на цэнтральным рынку ў Шчучыне. 1 лістапада ад яго ліпкіх рук пацярпелі дзве жанчыны – жыхаркі Жалудка і Шчучына. У першай зламыснік сцібрыў кашалёк з 90 тысячамі беларускіх рублёў, а другая па яго міласці страціла 300 тысяч рублёў.
Што пад руку трапіла
Нядоўга пабывала ў чужых руках асабістая пячатка аднаго з урачоў паліклінікі Шчучынскай ЦРБ. Таго, хто сцібрыў гэтую рэч, хутка ўстанавілі. Шустрым “пацыентам”, які зазірнуў у кабінет доктара, аказаўся навучэнец мясцовага вучылішча. Пячатку ён вярнуў, а сам стаў фігурантам крымінальнай справы.
Навошта ж так, “мастак”?
Сапраўды, цяжка зразумець дзеянні невядомага пакуль “мастака”, які распісаў фарбай павільёны на дарозе Мінск – Гродна ў вёсках Прудцы, Каменка, Вароны і Пратасаўшчына. Страты, нанесеныя РУП “Гроднааўтадор”, склалі звыш чатырох з палавінай мільёнаў рублёў.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.