Фестываль надзей | Дзяннiца

Фестываль надзей

Версия для печатиВерсия для печати

Днямі ў Шчучынскім цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі прайшоў раённы фестываль дзіцячай творчасці. У ім прынялі ўдзел каля пяцідзесяці дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.
У зале было надзвычай людна, панавала сяброўская атмасфера. Дырэктар карэкцыйнага цэнтра Марыя Яўгеньеўна Ціцяк пажадала ўдзельнікам фестывалю удачы, творчых поспехаў, душэўнай дабрыні і моцнага здароўя.
Вядома, дзеці вельмі хваляваліся перад сваім выхадам на сцэну, але гэта не перашкодзіла ім прадэманстраваць свае здольнасці і выдатна выступіць.  Юныя артысты выконвалі песні і танцавалі, чыталі вершы і паказвалі сцэнкі. Нераўнадушная аўдыторыя была вельмі ўражана ўбачаным і не скупілася на апладысменты.
Журы, улічваючы высокі ўзровень падрыхтоўкі рабят, аднадушна вырашыла ўзнагародзіць усіх удзельнікаў мерапрыемства ганаровымі граматамі і каштоўнымі падарункамі.
— Такі фестываль у нас стаў традыцыйным, — расказвае Марыя Яўгеньеўна Ціцяк. – Дзеці з усяго раёна прыязджаюць сюды не толькі каб прадэманстраваць свой талент, але і пагутарыць са сваімі сябрамі, “падсілкавацца” новымі эмоцыямі і ўражаннямі.
Сваімі пачуццямі ад убачанага з намі падзяліліся Сяргей Валкавіцкі, Васілій Мінчонак, Максім Аўрамчыкаў, Анастасія Данільчанка.
– Гэта выдатна, што мы можам часцей бачыцца з сябрамі і заводзіць новыя знаёмствы! – гавораць рабяты.
Безумоўна, такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць дзяцей, дапамагаюць ім лепей адаптавацца ў грамадстве, адчуць цеплыню чалавечай душы.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.