У цэнтры ўвагі — Дырэктыва №1 | Дзяннiца

У цэнтры ўвагі — Дырэктыва №1

Версия для печатиВерсия для печати

Нельга эканоміць на тым, што звязана з бяспекай чалавечага жыцця
Гэта думка чырвонай ніткай праходзіла праз усё пасяджэнне райвыканкама, якое адбылося ў мінулую пятніцу. Пра павышаную ўвагу ў нашай краіне да выканання патрабаванняў прэзідэнцкай Дырэктывы №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” гаворыць хоць бы і такі факт: паўдзельнічаць у гэтым пасяджэнні прыехалі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны В.В.Кароль, намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь А.В.Агееў, старшыня Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці С.В.Раўнейка, першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама А.К.Зімнавода. Пасяджэнне райвыканкама адкрыў першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Г.І.Вількевіч.
 Была заслухана інфармацыя намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне А.Ю.Кузняцова “Аб стане аховы працы, транспартнай і пажарнай бяспекі ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна ў святле патрабаванняў Дырэктывы №1”. Прыводзілася мноства прыкладаў, як дынамічна сёння мяняюцца да лепшага ўмовы працы нашых аграрыяў. У гаспадаркі раёна паступае новая тэхніка, праводзіцца рэканструкцыя даільных залаў на жывёлагадоўчых фермах, уводзяцца ў эксплуатацыю новыя малочнатаварныя комплексы, дзе сучасныя тэхналогіі робяць працу жывёлавода максімальна бяспечнай і  камфортнай.
— За дзевяць месяцаў гэтага года, — канстатаваў Аляксандр Юр’евіч, — на мерапрыемствы па ахове працы выкарыстана 440,8 мільёна рублёў, што на 171 мільён больш, чым летась.
  І ўсё ж нельга сказаць, што праблем у  нас няма. Дастаткова высокім застаецца ў раёне ўзровень  вытворчага траўматызму. Сёлета ў сельгасарганізацыях адбыліся два няшчасныя выпадкі. У канцы верасня ў ААТ “Васілішкі” пры пагрузцы буракоў быў цяжка траўміраваны палявод М., які знаходзіўся  ... у стане алкагольнага ап’янення, што, канешне ж, гаворыць пра неналежны  кантроль і нізкую дысцыпліну.
А 1 кастрычніка на тэрыторыі зернесклада ППРФ у вёсцы Мураўёўка вадзіцель МАЗа пры руху заднім ходам не пераканаўся ў бяспецы і наехаў на загадчыцу склада. Ад атрыманых траўм жанчына загінула на месцы. Зараз праводзіцца расследаванне.
За мінулы год у сельгасарганізацыях раёна адбыліся тры выпадкі вытворчага траўматызму. Такая сітуацыя не можа не хваляваць раённую ўладу. Як падкрэслівалася на пасяджэнні райвыканкама, менавіта работадаўца нясе адказнасць за бяспеку працы сваіх падначаленых. У гэтай сувязі на пасяджэнні райвыканкама прыйшлося трымаць справаздачы многім з кіраўнікоў гаспадарак і інжынераў па ахове працы.
 Намеснік міністра В.В.Кароль ставіў пытанні аб забеспячэнні працаўнікоў спецадзеннем, аб якасці правядзення Дзён бяспекі працы, цікавіўся, наколькі сур’ёзна напярэдадні ацяпляльнага сезона былі абследаваны дамы адзінокіх і састарэлых вяскоўцаў. Намесніка старшыні  Дзяржкантролю А.В.Агеева і яго гродзенскага калегу С.В.Раўнейку цікавілі праблемы недастаткова высокай вытворчай дысцыпліны ў асобных гаспадарках, дзе паўторна адбываюцца выпадкі траўматызму на рабочых месцах. Прынцыповая размова ішла аб праблемах транспартнай і пажарнай бяспекі.
Прынята рашэнне райвыканкама, у якім кіраўнікі сельгасарганізацый павінны да канца года кадрава ўмацаваць свае службы аховы працы ў адпаведнасці з нарматывамі. Прызнана недастатковай работа па ахове працы ў СВК “Балічы”, “Астрына”, “Жалудоцкі”, “Орля” і інш., а работа па ахове працы Шчучынскай племптушкафабрыкі і ААТ “Васілішкі”, дзе дапушчаны выпадкі вытворчага траўматызму з трагічным і цяжкім зыходамі,  прызнана наогул нездавальняючай.
— Усе правілы аховы працы, як ні прыкра, напісаны крывёю. І нельга эканоміць на тым, што звязана з бяспекай чалавечага жыцця, — гэтыя словы, сказаныя Валяр’янам Васільевічам Каралём, як заклік да вельмі сур’ёзных і адказных адносін да ўмацавання грамадскай бяспекі і дысцыпліны. – За апошнія 15 год у краіне ў 10 разоў знізіўся вытворчы траўматызм, у 2,5 раза скараціўся смяротны зыход “ЧП” на рабочым месцы. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў на постсавецкай прасторы, але нам ёсць над чым працаваць. Няма нічога больш каштоўнага, чым жыццё і здароўе чалавека. Мы ставім задачу ў бліжэйшы час зменшыць як мінімум на 20 працэнтаў колькасць рабочых месц з дрэннымі ўмовамі працы, — падкрэсліў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
У тэму
* За 2008-ы і адзінаццаць месяцаў гэтага года гаспадаркі раёна атрымалі 57 трактароў, 49 зерне- і кормаўборачных камбайнаў і іншай высокапрадукцыйнай сельскагаспадарчай тэхнікі. Уведзены ў эксплуатацыю 6 новых газіфікаваных зернесушыльных комплексаў.
* За апошні час праведзена рэканструкцыя даільных залаў на жывёлагадоўчых фермах “Жылічы” (СВК “Шчучынаграпрадукт”), “Мураўёўка” (КПУП “Шчучынская ППРФ”), “Заполле” (Э/б “Руткевічы”). У СВК “Дэмбрава” праведзена рэканструкцыя камбікормавага цэха на комплексе па дарошчванні буйной рагатай жывёлы, у ППРФ адбылася мадэрнізацыя абсталявання птушніка: ручная праца заменена на механізаваную, што значна палепшыла ўмовы працы.
* У СВК “Шчучынаграпрадукт”, ААТ “Васілішкі”, СВК “Орля” праведзена рэканструкцыя штучнай выцяжкі вентыляцыі ад зварачных пастоў.
* Толькі за апошні час у рамках Праграмы па паляпшэнні ўмоў працы на 2006-2010г.г. прыведзены ў адпаведнасць з санітарнымі ўмовамі па загазаванасці два рабочыя месцы для пяці чалавек, 24 рабочыя месцы для 30 чалавек – па шуме, столькі ж — па пыле, 4 рабочыя месцы — па асвечанасці.
* Толькі ў дзвюх гаспадарках раёна – СВК “Дэмбрава” і ААТ “Васілішкі” кабінеты па ахове працы абсталяваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі дзеючага заканадаўства.
* Не арганізаваны вытворчы лабараторны кантроль ў СВК “Орля”, “Балічы”, саўгасе “Першамайск-агра”, ППРФ.
* Нізкімі тэмпамі на прадпрыемствах раёна ўкараняецца сістэма ўпраўлення аховай працы на падставе дзяржаўных стандартаў СТБ 18001-2009 і СТБ 18002-2009.