У трэнажорнай зале ўсё новае, да апошняга вінціка | Дзяннiца

У трэнажорнай зале ўсё новае, да апошняга вінціка

Версия для печатиВерсия для печати

У новай трэнажорнай залеКіраўніцтва МПМК-167 шмат увагі надае здароваму ладу жыцця і актыўна прыцягвае да заняткаў спортам сваіх работнікаў. Тут часта  праводзяцца розныя спартыўныя мерапрыемствы, набываецца форма і інвентар. А нядаўна пайшлі яшчэ далей – у мінулую суботу адчыніла  дзверы трэнажорная зала. У адным з пустуючых памяшканняў зрабілі рамонт. Абсталявалі раздзявалку, змайстравалі душавую, дзе ёсць гарачая вада. У вялікай зале ўстанавілі трэнажоры, паставілі тэнісныя сталы, да сцяны прымацавалі гімнастычную лесвіцу. Ёсць тут штанга, гіры і іншы спартыўны інвентар.
— Трэнажораў набылі амаль на 10 мільёнаў рублёў, — тлумачыць намеснік дырэктара па ідэалагічнай і прававой рабоце М.М. Батура. – Але на гэтым не будзем спыняцца. Мяркуем набыць яшчэ некалькі трэнажораў, абсталяваць дадатковыя памяшканні для адпачынку людзей. Дарэчы, непадалёку будынка зроблена пляцоўка для гульняў па міні-футболе.
Заняткі ў трэнажорнай зале будуць праводзіцца тры разы на тыдзень — па аўторках, чацвяргах і суботах. Адказным за залу назначаны адзін з лепшых спартсменаў прадпрыемства цясляр Дзмітрый Татарынаў.
Адметна, што на адкрыццё трэнажорнай залы прыйшлі не толькі аматары спорту Дзяніс Лобач, Дзмітрый Татарынаў, М.М. Хільмановіч, Руслан Шур але і іншыя работнікі МПМК-167. Усім тут вельмі спадабалася. Асаблівай папулярнасцю карысталіся бегавая дарожка, веласіпед, сілавы трэнажор і гульня ў тэніс.
Я і сам паспрабаваў “праехацца” на веліку. На гэтым трэнажоры можна выбраць любую нагрузку, камп’ютар паказваў пульс, затрачаныя калорыі.
Людзі ў адзін голас дзякавалі кіраўніцтву за такі падарунак. Цяпер можна з карысцю для здароўя бавіць вольны час. Між іншым, такая трэнажорная зала пакуль што адзіная ў горадзе.
Сяргей ГАРДЗЕЙЧЫК.
Фота аўтара.