У райвыканкаме | Дзяннiца

У райвыканкаме

Версия для печатиВерсия для печати

Некалькі розных па тэматыцы пытанняў складалі парадак дня чарговага пасяджэння райвыканкама. Разам з тым, кожнае з іх – з разраду актуальных і грамадска значных. Таму часу на яго разгляд не шкадавалі, дакладвалі і абмяркоўвалі грунтоўна.
“Адслужу, як трэба…”
Такое абяцанне далі сёлета сваім сябрам, родным і калегам 122 маладыя жыхары нашага раёна, якія былі прызваны на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве ў маі – верасні 2009 года. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама І.Ю. Сакалоўскі, сёлетняя прызыўная кампанія прайшла арганізавана. Армейскія рады папоўнілі маладыя людзі, якія прайшлі медыцынскі агляд і прызнаны прыгоднымі па стане здароўя. Дарэчы, ацэнку здароўю прызыўнікоў выстаўлялі 8 шчучынскіх урачоў. Іх вердыкт быў пацверджаны пазней на кантрольна-медыцынскім аглядзе ў абласным цэнтры.
Між тым, ёсць лічба, якая наводзіць на роздум: 32% юнакоў, якія належалі прызыву, прызнаны непрыгоднымі для праходжання вайсковай службы. У вобласці такі паказчык меншы – 29%. Часова непрыгоднымі да службы названы 19% абследаваных маладых людзей. Зноў жа рашэнне нашых медыкаў на гэты конт пацвярджалі іх калегі з Гродна.
Як патлумачыла загадчыца паліклінікі цэнтральнай раённай бальніцы С.І. Мілюта, добрае дыягнастычнае абсталяванне цяпер дазваляе заўважыць нават нязначнае адхіленне ў рабоце таго ці іншага органа чалавека. А раз ёсць праблема, значыць, армія пачакае – паказана дадатковае абследаванне ці нават лячэнне.
У ходзе абмеркавання прызыўнога пытання нагадалі пра пытанне транспартнае, а дакладней аб бясплатным праездзе прызыўнікоў для праходжання медкамісіі. Для хлопцаў з аддаленых ад райцэнтра вёсак у матэрыяльным плане гэта рабіць досыць накладна.
Прагучала і лічба 287: менавіта столькі маладых людзей атрымалі адтэрміноўку ад вайсковай службы – у сувязі з вучобай, па сямейных абставінах і г.д.
“У мяне печ дыміць, а ён пішчыць...”
Пажарная бяспека. Здаецца, што можа быць прасцей – усвядоміць, якую бяду тоіць у сабе агонь, і ўсё зрабіць, каб гэты джын заставаўся пад кантролем. Аднак то тут, то там ён усё ж вырвецца на волю з-за няўважлівасці, бяспечнасці людзей. Вось і сёлета за 9 месяцаў на тэрыторыі раёна адбылося 60 пажараў: замест некаторых будынкаў засталіся галавешкі, вогненная стыхія забрала жыцці 12 чалавек, двое ў гэтым спісе – дзеці… У параўнанні з мінулым годам адзначаны рост і пажараў, і загінуўшых на іх. 9 пажараў адбылося па прычыне дзіцячага свавольства з агнём, летась здарыўся толькі адзін.
Трывожныя лічбы назваў на пасяджэнні райвыканкама намеснік начальніка РАНС А.І. Валчкевіч. Як адзначыў Анатоль Іванавіч, робіцца шмат, каб пазбегнуць вогненных трагедый. Пры кожным пас- і сельвыканкаме створаны камісіі па папярэджанні гібелі людзей на пажарах, вядзецца адрасная растлумачальная работа – у першую чаргу з адзінокімі і састарэлымі людзьмі, устанаўліваюць пажарныя апавяшчальнікі, правяраюць дамы, дзе пражываюць сем’і з малымі дзецьмі. Вядуць прафілактычную работу ў школах, на сельскіх сходах. Апошніх, да прыкладу, толькі сёлета праведзена 64. Па раёне курсіруюць 9 аўталавак са спецыяльна абсталяванымі стэндамі па супрацьпажарнай тэматыцы… Але ўсё ж то тут, то там успыхне, запахне гараным.
Жорстка каменціраваў праблему старшыня райвыканкама С.І. Ушкевіч. Відаць растлумачальная работа вядзецца ўсё ж недастаткова, заўважыў ён. Пачуўшы, што аўтаматычнай пажарнай сігналізацыяй не абсталяваны некаторыя ведамасныя інтэрнаты ў Шчучыне і Ражанцы, заявіў катэгарычна: “Кіраўнікоў – да адказу! У месцах з кругласутачным знаходжаннем людзей павінны захоўвацца ўсе патрабаванні пажарнай бяспекі”. Недапрацоўвае ў гэтым плане і ЖЭС: у падвалы і на гарышчы некаторых дамоў – свабодны доступ, лесвічныя пляцоўкі застаўлены абы-чым – перакрыты шляхі для эвакуацыі людзей у выпадку пажару.
Прагучала ўказанне вызначыцца з парадкам устаноўкі пажарных апавяшчальнікаў: каму – за кошт бюджэту, каму – за сродкі прадпрыемстваў і арганізацый. І прыняць меры, каб за ўжо ўстаноўленыя прыборы гаспадары дамоў і кватэр неслі адказнасць! А то даходзіць да смешнага. “У мяне печ дыміць, а ён пішчыць. Вось узяла і выкінула”, – заяўляе састарэлая вяскоўка на пытанне, дзе ж устаноўлены нядаўна апавяшчальнік. А грошы на гэты апавяшчальнік, паміж іншым, затрачаны бюджэтныя.
Пра печы, якія дымяць, асобная размова. Сорак чатыры з іх былі адрамантаваны за бюджэтныя сродкі. Але ў раёне дамоў з такой праблемай у разы больш. Састарэлым людзям, якія засталіся жыць адны, не па сіле правесці рамонт. А дзеці зрабіць гэта не спяшаюцца. Магчыма, прадпісанні аб ухіленні недахопаў, накіраваныя ў іх адрас пажарнай службай, маглі б зрушыць справу з месца?
Аграгарадскія мы!
Гэтыя словы – не пусты гук для жыхароў  населеных пунктаў нашага раёна, якія за апошнія гады памянялі свой вясковы статус на гарадскі з прыстаўкай “агра”. Зрэшты, гэтаму папярэднічалі вялікія пераўтварэнні ў вытворчай і асабліва сацыяльна-культурнай сферы. Уведзены ў эксплуатацыю шматлікія аб’екты, многія капітальна адрамантаваны. Самы яркі прыклад зробленага для людзей, вядома ж, у Васілішках. Свае будаўнічыя “фішкі” – у Жалудку і Гурнофелі, Ражанцы і Орлі, Дэмбраве і Скрыбаўцах… ”На абуладкаванне аб’ектаў сацыяльна-культурнай сферы ў аграгарадках выдаткавана 34 мільярды 619 мільёнаў рублёў, – прывёў унушальныя лічбы намеснік старшыні райвыканкама І.Ю. Сакалоўскі. – Найбольш пашанцавала ўстановам адукацыі: за 2005 – 2008 гады на іх выдаткавана 27 мільярдаў рублёў”.
– Зроблена вельмі многа. Асабліва ў мінулым годзе. Сёння прыемна зайсці ў адрамантаваныя школы, – адзначыў Сяргей Іосіфавіч Ушкевіч. – Сёлета, праўда, аб’ёмы выкананых работ меншыя. Займаліся самым неабходным – дахам, асвятленнем – настолькі, наколькі дазвалялі фінансы.
І.Ю. Сакалоўскі, які на пасяджэнні райвыканкама дакладваў па гэтым пытанні, расказаў не толькі аб маштабах зробленага. Ён засяродзіў вагу і на тых момантах, якія ўсё яшчэ патрабуюць вырашэння. Не ўсе мерапрыемствы ўдалося рэалізаваць. Не ўсюды, куды планавалі, дайшлі будаўнікі, асобныя аб’екты і цяпер патрабуюць перапрафілявання, аб’яднання і г.д. Былі прыняты і не вельмі папулярныя, але неабходныя рашэнні аб закрыцці асобных ФАПаў, дзіцячых садоў і школ.
І самае галоўнае: работа па добраўпарадкаванні аграгарадкоў будзе мець працяг ажно да 2015 года. Так што шанц на абнаўленне маюць яшчэ многія населеныя пункты раёна.
Па зямлі ідзі, як гаспадар
Дзесяць хвілін атрымаў начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя А.В. Сушчэвіч, каб далажыць аб ходзе выканання мерапрыемстваў, прысвечаных Году роднай зямлі і праведзеных у раёне сёлета, і столькі ж – каб расказаць аб тым, што зрабіць так і не паспелі. І хаця першая частка яўна дамінавала, увагу засяродзілі ўсё ж на другой. Старшыня райвыканкама ставіў пытанні рубам. Чаму да гэтага часу не добраўпарадкавана тэрыторыя вакол кафэ “Залаты бераг”? Чаму так і не дайшлі рукі да фермы “Мардасы”, што ў СВК “Орля”, а на комплекс “Грамкі” можна даехаць толькі на “Ніве”? Няўжо складана пракласці дарожку да магазіна і “бытоўкі” у Галавічполі?
Запрошаныя на пасяджэнне райвыканкама службовыя асобы спрабавалі знайсці апраўданне яўным недапрацоўкам, але іх аргументы пераканаўча ўсё ж не гучалі. Што ж, на адсутнасць фінансавання цяпер можна спісаць любую бяздзейнасць. І ўсё ж не такія і вялікія сродкі патрэбны, каб абкасіць, абгарадзіць тэрыторыю, падсыпаць гравіем дарожку, прыбраць смецце ад адміністрацыйнага будынка. Проста паглядзець лішні раз гаспадарскім вокам і выйсце абавязкова знойдзецца.
Слушная парада прагучала ад старшыні райвыканкама і ў адрас інспекцыі прыродных рэсурсаў: не высочваць недахопы, каб прыехаць і ўладу прымяніць, а разам з кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый шукаць шляхі эфектыўнага гаспадарання на зямлі, рацыянальнага выкарыстання яе багаццяў. Тады да таго істотнага, што ўжо было зроблена ў гэтым напрамку, дабавіцца многа добрых спраў.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.