У надзейных засеках | Дзяннiца

У надзейных засеках

Версия для печатиВерсия для печати

У народзе кажуць: “Не той ураджай, што ў полі, а той, які ў засеках”. Таму вялікае працоўнае напружанне панавала і на збожжатаках Шчучынскага хлебапрыёмнага ўчастка ААТ “Гроднахлебапрадукт”. Работа кіпела днём і ноччу.
На ўчастку працуюць 23 чалавекі. Гэта кваліфікаваныя спецыялісты. Калектыў ужо не першы год узначальвае ўмелы арганізатар вытворчасці Канстанцін Іосіфавіч Булай.
— У нас работа пачынаецца з лабараторыі, — гаворыць ён. – Яна аснашчана сучасным абсталяваннем. Тут ёсць вызначальнік эрукавай кіслаты, сушыльныя шафы, усё тое, што неабходна для правядзення якаснага аналізу паступаючага збожжа. Спецыялісты дакладна спланавалі свае дзеянні. У выніку эканоміцца дарагі час.
Чэргаў на прыёмным пункце няма. Гэта стала магчымым дзякуючы зладжанай рабоце калектыву. Самых цёплых слоў удзячнасці на прадпрыемстве заслугоўваюць лабарантка Людміла Іванаўна Руткоўская, інжынер Іосіф Іванавіч Куроўскі, слесары па рамонту абсталявання Андрэй Іосіфавіч Шанчук, Раман Уладзіміравіч Трахімчык, які аддаў прадпрыемству чвэрць стагоддзя жыцця, грузчыкі Сяргей Здзіслававіч Макара, Мікалай Мікалавіч Давыдзенка.
На прыёмным пункце ўстаноўлены 30-ці тонныя вагі. Тут ёсць тры аўтамабілепад’ёмнікі. У выніку можна разгружаць транспарт любой грузападымальнасці. Ёсць 150-ці тонныя вагі, якія паспяхова выкарыстоўваюцца, напрыклад, пры адпраўцы рапсу чыгуначным транспартам.
На 8 верасня было прыняла 18.476 тон харчовай пшаніцы, піваварнага ячменю і рапсу. Значна перавыканалі дзяржзаказ па продажу харчовай пшаніцы земляробы СВК “Шчучынаграпрадукт”.
Па словах начальніка ўчастка, работа на прадпрыемстве будзе працягвацца. Сюды паступіла 3211 тон трыцікале, плануюць прымаць кукурузу. Няма сумнення ў тым, што тут змогуць надзейна захаваць дастаўленую прадукцыю.
Канстанцін КЛЕБАН.
Фота Аляксея БІБІКАВА.