У мітусні ўласных спраў не прапусціце крык аб дапамозе... | Дзяннiца

У мітусні ўласных спраў не прапусціце крык аб дапамозе...

Версия для печатиВерсия для печати

Да Сусветнага дня прадухілення самазабойстваў
У структуры агульнай смяротнасці суіцыд займае 4-ае месца. Дарэчы, смяротнасць у выніку забойстваў займае толькі 8-ае месца.
Да суіцыдаў больш схільныя мужчыны. Яны добраахвотна пакідаюць свет у 3-6 разоў часцей, чым жанчыны. Гэта – сусветная тэндэнцыя.
Часам самазабойствам папярэднічаюць суіцыдальныя спробы. Не ўсе яны заканчваюцца смерцю. Між тым, іх у 10-20 разоў больш, чым закончаных суіцыдаў. Некаторыя спецыялісты лічаць, што такія лічбы значна большыя...
Да любых суіцыдальных спроб, нават тых, якія ўспрымаюцца як маніпуляцыя навакольнымі, трэба адносіцца сур’ёзна. Сёлета за паўгоддзе ў нас у раёне пяць чалавек спрабавалі атруціцца медыкаментамі з суіцыдальнай мэтай.
Галоўнай прычынай суіцыду спецыялісты лічаць дэпрэсію. Пагаршэнне настрою, зніжэнне прафесіянальнай актыўнасці, сексуальнага лібіда, бяссонніца, зніжэнне апетыту – класічныя прыкметы гэтай хваробы. Часта яна своечасова не дыягнастуецца: або хворы чалавек увогуле не звяртаецца да ўрача, або шукае палёгку, ходзячы па кабінетах гастраэнтэролага, кардыёлага, неўрапатолага... І зноў па крузе, які часта замыкаецца... суіцыдам.
На другім месцы сярод прычын суіцыдаў знаходзяцца псіхічныя расстройствы. На трэцім – залежнасць ад псіхаактыўных рэчываў (алкагалізм, наркаманія). Дарэчы, прыкладна ў 60 працэнтаў памёршых у выніку суіцыду ў Беларусі фіксуецца стан алкагольнага ап’янення. Калі тры асноўныя фактары сходзяцца – рызыка суіцыду павялічваецца.
Прафілактыка суіцыдаў павінна быць накіравана на ранняе выяўленне псіхічных расстройстваў, дэпрэсій, залежнасці ад псіхаактыўных рэчываў і на паўнацэннае спецыялізаванае лячэнне.
Акрамя гэтага, важна разумець, што цяжкія думкі, якія перажывае чалавек у крызісныя мінуты, могуць быць ім раздзелены з іншымі людзьмі. Менавіта прафесіянальная дапамога псіхолага, псіхатэрапеўта, псіхіятра можа стаць выратавальнай саломінкай.
Сярод самазабойцаў людзі з захворваннямі псіхікі складаюць толькі 25-27 працэнтаў. Яшчэ 19 – алкаголікі, а астатнія – гэта тыя, хто ніколі не лячыўся ў псіхіятраў і ніколі не вызначаўся якімі-небудзь асаблівасцямі паводзін, якія б дазвалялі аднесці іх да катэгорыі псіхічна хворых. Даводзіцца прызнаць, што і ў цывілізаванага чалавека могуць быць каштоўнасці, якія могуць перавысіць каштоўнасць уласнага жыцця.
Важна пачуць, не прапусціць у мітусні ўласных спраў гэты крык аб дапамозе. І тады, магчыма, нам выпадзе рэдкае шчасце – захаваць жыццё іншаму.
Экстраную псіхатэрапеўтычную дапамогу можна атрымаць па тэлефоне даверу ў Мінску – 296-11-11 (кругласутачна і без выхадных); у Гродне – 75-51-04; у Шчучыне – 28-4-92 (у аўторак і пятніцу з 11 да 12 гадзін).
Эла ГЛАЗ,
урач-псіхатэрапеўт УАЗ “Шчучынская ЦРБ”.