У зямлі наша сіла | Дзяннiца

У зямлі наша сіла

Версия для печатиВерсия для печати

Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці для мяне вельмі дарагі. Зрэшты, як і для ўсіх тых, хто сёння працуе ў аграрным сектары, хто вырас і звязаў свой лёс з вёскай.  Радуюся тым добрым зменам, што адбываюцца ў вёсцы, ведаю праблемы яе жыхароў...
Сёлета выдаўся няпросты год. Надвор’е не песціла хлебаробаў, але працаўнікі змаглі дабіцца добрых вытворчых паказчыкаў, унесці дастойны ўклад у харчовую бяспеку краіны. З кожнага гектара палеткаў атрымана па 46,7 цэнтнера збожжавых і зернебабовых, 220 – бульбы і 442 цэнтнеры цукровых буракоў.
Самая высокая ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых у РСУП “Эксперыментальная база “Руткевічы” і СВК “Дэмбрава”, адпаведна 64,7 і 56,8 цэнтнера з гектара.
Трэба адзначыць, што сёлета нарыхтавана больш мінулагодняга сенажу 145359 тон (108,4%), сіласу 194665 тон (119,7%). Сена крыху не дабралі, але атрыманых 25,9 цэнтнера кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы дастаткова, каб паспяхова правесці зімоўку. Дарэчы, прагнозныя паказчыкі па вытворчасці мяса і малака гаспадаркамі раёна выконваюцца. Тут вялікую ролю адыгралі новыя малочнатаварныя фермы, якія на працягу апошніх гадоў былі пабудаваны і яшчэ будуюцца. Так, у СВУ “Пратасаўшчына” сёлета ўступіла ў строй ферма па вытворчасці малака на 860 галоў. Да канца года будзе здадзена яшчэ адна ў ААТ “Васілішкі”. Распачалося будаўніцтва новай фермы ў РУСП “Саўгас “Вялікае Мажэйкава”.
Сёння нашы земляробы апрацоўваюць палеткі, займаюцца сяўбой і ўборкай ураджаю практычна на новай сучаснай тэхніцы, большасць якой аснашчана камп’ютарамі. Для прыкладу, сёлета працаўнікі гаспадарак атрымалі яшчэ 6 новых збожжаўборачных камбайнаў “Ліда-1600” і 3 КЗС-1218, 32 трактары “Беларус”, з іх 13 энерганасычаных “Беларус-3022”, 10 пагрузчыкаў “Амкадор”, шмат агрэгатаў і прычапной тэхнікі. Усё гэта дазволіла хутка правесці ворыва і пасеяць азімыя збожжавыя, прытрымліваючыся ўсіх тэхналагічных нормаў. Гэта значыць, што мы заклалі добры падмурак будучаму ўраджаю.
У апошнія гады кіраўніцкі корпус абнаўляецца, сюды прыходзяць высокаадукаваныя, энергічныя спецыялісты. Прыкладам таму старшыня СВК “Дэмбрава” А.В. Туля, дырэктар КСУП “Першамайск-агра” У.С. Янковіч. Гаспадаркі, якія яны ўзначалілі, можна сказаць, проста рванулі ўперад.
Значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці ўносяць вопытныя аграномы А.К. Русіновіч з ААТ “Васілішкі”, В.Я. Фядзюк з СВК “Шчучынаграпрадукт”, І.І. Рамашкевіч з СВК Жалудоцкі”, І.Ю. Клімук з СВК “Дэмбрава”, галоўныя інжынеры А.У. Руль з СВК “Дэмбрава”, Г.І. Юрэвіч з СВК “Жалудоцкі”, У.М. Фіруновіч з саўгаса “Першамайск-агра”, Ю.Ю. Шалесны з саўгаса “Вялікае Мажэйкава”.
Некалькі слоў пра нашы праблемы. Сёння мы па-сапраўднаму змагаемся за якаснае малако. Вядома, яшчэ не на ўсіх фермах створаны дастойныя ўмовы для працы і адпачынку жывёлаводаў, шмат старых памяшканняў патрабуюць рамонту, а гэта немалыя грашовыя выдаткі. На жаль,  мы не можам адразу выправіць становішча. Для гэтага патрэбен час.
Востра паўстала і кадравае пытанне. У гаспадарках не хапае спецыялістаў у жывёлагадоўчай галіне, мала прыходзіць на вёску і застаецца ў ёй жыць маладых аграномаў, інжынераў. Як правіла, іх не здавальняюць заработная плата і сацыяльныя ўмовы пражывання і адпачынку.
Аднак, нягледзячы на ўсё, будуем аграгарадкі, узводзім  новыя фермы, рамантуем школы і дзіцячыя сады. І самае галоўнае, будуем шмат прыгожых і сучасных дамоў. Моладзь гэта прываблівае.
Хочацца пажадаць усім працаўнікам аграпрамысловага комплексу добрага здароўя, выдатнага настрою, упэўненасці ў заўтрашнім дні і новых працоўных здзяйсненняў.
Генрых ВІЛЬКЕВІЧ,
начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.