Умовы - не баярскiя... | Дзяннiца

Умовы - не баярскiя...

Версия для печатиВерсия для печати

У такіх умовах утрымліваецца жывёла на ферме “Баяры” СВК “Жалудоцкі”У рэдакцыю са скаргай прыйшоў жывёлавод СВК “Жалудоцкі” А.І. Сямашка, які працуе на ферме “Баяры”. Ён эмацыянальна распавядаў аб тым, у якіх дрэнных умовах утрымліваецца жывёла: на выгульнай пляцоўцы -- багна.
– Шкада жывёлу. Месяцамі тут не вывозяць гной, – гаворыць Аляксандр Уладзіміравіч Сямашка. – Каб прагнаць цялушку на асемяненне праз выгульныя пляцоўкі, трэба па калена лезці ў жыжу. І нікому да гэтага няма справы. Ставяць задачы, каб дабіваліся прываг, а пра ўмовы працы і ўмовы ўтрымання жывёлы ніхто не дбае.
Сямашка працуе жывёлаводам на ферме ўсяго паўгода, але, як гаворыць сам, хоча парадку на рабочым месцы. Яшчэ шмат на што скардзіўся чалавек, і таму літаральна на наступны дзень, з самага ранку мы пабывалі на ферме “Баяры”.
Першай сустрэлі загадчыцу А.Т. Літкоўскую, якая, як аказалася, таксама працуе тут нядаўна.
– На ферме даглядаем 221 цялушку. Усе яны прызначаны для аднаўлення дойнага статка. Даглядчыкамі працуюць чатыры мужчыны. Прэтэнзій да іх няма, – тлумачыць загадчыца. – Сярэднясутачныя прывагі жывёлы складаюць у сярэднім па 750 грамаў. Наша ферма старая. Шмат цяжкай працы: падсцілаць саломай і выкідваць гной даводзіцца ўручную. Калі няма дажджоў, то на выгульных пляцоўках адносная чысціня. А цяпер, калі лье з неба кожны дзень, сапраўды жывёла стаіць па калені ў багне.
Прайшоўшыся па памяшканнях фермы (а іх тут тры), заўважаю, што ў праходах чысціня, столь і сцены пабелены, дзверы пафарбаваны. Амаль з усіх стойлаў гной вывезены. Жывёла накормлена. Як пазней паведамілі спецыялісты гаспадаркі, сілас і сянаж выдатнай якасці. Засмучала адно – выгульныя пляцоўкі поўныя непралазнай багны. А калі стукнуць маразы? Як жывёле тут прайсціся?
– Падсцілка жывёлы і вывазка гною заўсёды знаходзіцца на кантролі, – тлумачыў намеснік старшыні гаспадаркі С.С. Урбановіч. – У хуткім часе будзем вывозіць гной з выгульных пляцовак. Цяпер гэтаму перашкаджаюць дажджы. Калі ўсталюецца надвор’е, прыязджайце і ўбачыце, што на тэрыторыі будзе суха. А ўвогуле, на наступны год плануем выгульныя пляцоўкі заліць бетонам. Так паступова вырашым гэту праблему.
Сітуацыя, якая ўзнікла на ферме “Баяры” СВК “Жалудоцкі”, можна сказаць, тыповая для многіх гаспадарак раёна. І яна паўтараецца з года ў год. Пакутуюць у такім становішчы і жывёла, і работнікі ферм. Відаць, настаў час прымаць дзейсныя меры.
Сяргей ГАРДЗЕЙЧЫК.
Фота аўтара.