Уладзімір Рышкевіч: “Я не мог прайсці міма” | Дзяннiца

Уладзімір Рышкевіч: “Я не мог прайсці міма”

Версия для печатиВерсия для печати

М.Я. Герасімчык уручае прэмію і кнігу Валодзю РышкевічуСтаршакласнік СШ №2 г. Шчучына дапамог затрымаць грабежніка, які спрабаваў адабраць сумку ў цяжарнай жанчыны
Калі ў калідоры СШ №2 г. Шчучына з’явіліся людзі ў міліцэйскай форме, настаўнікі і вучні ўжо ведалі, што завіталі яны сюды з прыемнай місіяй. Сапраўды, начальнік Шчучынскага РАУС падпалкоўнік міліцыі Мечыслаў Янавіч Герасімчык і намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні падпалкоўнік міліцыі Здзіслаў Іосіфавіч Янкевіч прыйшлі ў школу, каб, як кажуць, прынародна падзякаваць адзінаццацікласніку Уладзіміру Рышкевічу за дапамогу ў затрыманні і выкрыцці злачынца. У надзвычайнай сітуацыі гэты хлопец павёў сябе вельмі смела і мужна.
… А здарылася ўсё ў першы снежаньскі дзень, а палове восьмай вечара. Цемра ўжо апусцілася на будынкі, хаця на вуліцах яшчэ сустракаліся рэдкія прахожыя. Маладая жанчына з сумкай у руках якраз праходзіла завулак паміж Домам гандлю і касцёлам, калі да яе кінуўся незнаёмец, які яшчэ хвілінку назад стаяў і курыў цыгарэту. Мужчына не хаваў сваіх злых намераў – ухапіўся за сумку і пачаў вырываць яе з рук гараджанкі. Жанчына, хаця і напалохалася, саступаць грабежніку не хацела: сумку з рук не выпусціла і стала клікаць на дапамогу…
Адчайныя крыкі пачулі адзінаццацікласнік другой гарадской школы Валодзя Рышкевіч і вучаніца 10 класа гімназіі Каця Валчкевіч, якія праходзілі непадалёку. Зламыснік жа, відаць ацаніўшы абстаноўку і зразумеўшы, што церпіць фіяска, кінуўся наўцёкі. Шанцы згубіцца ў цёмных бязлюдных дварах, трэба прызнаць, у яго былі добрыя. Аднак не ўдалося…
Не раздумваючы, Валодзя Рышкевіч пабег наперарэз уцекачу. Дагнаў, “падсёк” нагой. Калі той упаў, моцна трымаў яго. Зламыснік – раней судзімы за хуліганства 37-гадовы мужчына – спрабаваў схітрыць: маўляў, не я гэта, не таго ты схапіў… Але дарэмна. Каця Валчкевіч, якая была тут жа, дапамагла хлопцу патэлефанаваць у міліцыю. На месца здарэння на той момант падаспеў яшчэ адзін гімназіст – Міша Станевіч, таксама хлопец не з баязлівых.
Цяпер, узгадваючы падзеі таго злашчаснага вечара, Валодзя Рышкевіч прызнаецца, што насамрэч тады было страшна. Але тут жа дабаўляе: “Крычала, прасіла аб дапамозе жанчына. І я не мог прайсці міма… Я ж мужчына”.
Аляксандр Іванавіч Ярмалаў – класны кіраўнік 11 “А”, дзе вучыцца Валодзя, кажа, што не здзіўлены ўчынкам свайго выхаванца, нечага падобнага чакаў ад яго. Бо гэты вучань – “надзвычай адказны за свае словы і ўчынкі, дысцыплінаваны, тактоўны і таварыскі. А яшчэ – добры спартсмен, рыхтуецца да паступлення ў Ваенную Акадэмію”. Ухвальна характарызавалі хлопца і іншыя педагогі.
Каця ВалчкевічВыступаючы перад школьнікамі, начальнік РАУС М.Я. Герасімчык назваў дзеянні іх адважнага таварыша сапраўдным мужчынскім учынкам. Ён уручыў Валодзю Рышкевічу прэмію ў памеры дзесяці базавых велічынь і кнігу “Міліцыя Гродзеншчыны” з памятным надпісам. Такія ж кнігі і дастойнае грашовае ўзнагароджанне атрымалі з рук Мечыслава Янавіча гімназісты Каця Валчкевіч і Міша Станевіч.
Разам з тым, падпалкоўнік міліцыі перасцярог падлеткаў ад неапраўданага геройства пры сустрэчы з небяспечнымі злачынцамі, расказаў, як правільна паводзіць сябе ў падобных сітуацыях. “А дастойна супрацьстаяць парушальнікам спакою людзей і грамадскага парадку можна, стаўшы афіцэрам міліцыі, – зрабіў акцэнт у сваім звароце да старшакласнікаў З.І. Янкевіч і запрасіў іх паспрабаваць свае сілы пры паступленні ў міліцэйскія навучальныя ўстановы.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота Аляксея БІБІКАВА.