УДАР У СПІНУ | Дзяннiца

УДАР У СПІНУ

Версия для печатиВерсия для печати

На лаве падсудных, абхапіўшы галаву рукамі, сядзела маладая жанчына. Яна то ўздрыгвала ад плачу, то заціхала, гледзячы ў адну кропку на сцяне. Яна абвінавачвалася ў забойстве. “Я не хацела яго забіваць”, – раз-пораз паўтарала жанчына, звяртаючыся то да суддзі, то да маці маладога чалавека, якога заўчасна адправіла на той свет. Адным ударам нажа…
Сустрэліся … на бяду
На той момант, калі Марыя і Сяргей (тут і далей імёны зменены. – Заўв. аўтараў) сустрэліся, у яе ўжо быў сумны вопыт сямейных адносін: з мужам развялася, на руках – двое дзетак. З дахам над галавой праблем не мела – жыла ў адным з гарадскіх інтэрнатаў. Адносіны развіваліся хутка, і вось ужо хлопец перанёс сюды свае рэчы.
Спачатку жылі ціха-мірна. Але рос стаж сужыцельства, раслі і праблемы. Марыя нарадзіла яшчэ адно дзіцятка. Аднак радасць ад яго з’яўлення на свет пачала цьмянець і губляцца ў шуме сямейных разборак. Сяргей піў, нідзе не працаваў. Не адмаўлялася ад чаркі і сужыцелька. Даход сям’і складаўся з дапамогі на малодшае дзіця, аліментаў на старэйшых ды часовых заробкаў “на выездзе” – “у калгасе”. Грашыма і прадуктамі дапамагала маці Сяргея.
З матэрыяльнымі цяжкасцямі, магчыма, можна было яшчэ мірыцца, але хвароба “ад градусаў” моцна псавала іх адносіны. Сваркі і скандалы пары чулі вушы многіх жыльцоў інтэрната. Калі “пажар” разгараўся надзвычай моцна, даходзіла і да боек. Тады Сяргей збіраў рэчы і ішоў у бацькоўскую кватэру.
“Не ідзі ты туды больш”, – упрошвала маці сына, гледзячы на яго падрапаны твар. “Не пайду”, – абяцаў ён. А праз нейкі час зноў вяртаўся да Марыі і дзяцей. “Мамачка, я яе люблю…”, – апраўдваў перад родным чалавекам гэта сваё рашэнне.
Мацярынскае сэрца балела, трывожылася… і спадзявалася. На лепшае. Хаця, як прызналася жанчына на судзе, яна не ўхвальвала сына за такі выбар “палавінкі”. Добрыя людзі пераказалі ёй “біяграфію” Марыі, якая мела судзімасці, хаця і пагашаныя. А вось сваякі аднесліся да выбару Сяргея памяркоўна-філасафічна: “А мо і будуць жыць…” Ведалі ж – і іх не без граху: таксама быў асуджаны за ўдзел у бойцы, да таго ж знаходзіўся на ўліку ў наркалагічным кабінеце…
Прычыны сварак у гэтай сям’і кожны бок бачыў праз свае “акуляры”. Сын тлумачыў маці, што заступаўся за дзяцей, якіх быццам бы незаслужана крыўдзіла Марыя. “Я жыла дзеля дзяцей”, – ужо на судзе не пагаджалася з такім абвінавачаннем маладая жанчына. Яе словы пацвердзіла і сведка – суседка па інтэрнаце. Маўляў, да дзетак сваіх яна адносілася вельмі добра, клапацілася аб іх.
Калі ў жыцці Марыі і Сяргея былі “мірныя” дні, яны разам хадзілі ў госці да яго матулі. Пры ёй вялі сябе спакойна, не сварыліся.
І ўсё ж жыццё на аліменты ды дзіцячую дапамогу не атрымлівалася. Да ўсяго, па словах адваката, сужыцель неаднаразова забіраў грошы на спіртное, а дзяцей трэба было карміць і апранаць.
Марыя ўсё ж уладкавала Сяргея на работу. Сама схадзіла да начальства, папрасіла за яго… А ён пратрымаўся дзён з дваццаць, а потым “прыняў” прама на рабочым месцы. У той дзень мужчыну адправілі дамоў працверазіцца. Было зразумела, што другой такой спробы ўжо не даруюць – звольняць.
Той чорны дзень
Драма разыгралася на другі дзень светлага і вялікага Вялікадня. А напярэдадні сужыцелі амаль цэлы дзень гасцявалі ў маці Сяргея. Нішто не прадказвала бяду.
Раніцай наступнага дня малады мужчына адправіўся на працу. Праз нейкі час ён патэлефанаваў… з бацькоўскай кватэры. Маўляў, пашкодзіў нагу і таму прыйшоў дамоў. Не вытрымаўшы Марыін “допыт з прыдзіркамі”, прызнаўся: вярнуўся, таму што выпіў і не мог заставацца на рабоце, бо баяўся звальнення…
Узяўшы за кампанію суседку па паверсе, маладая жанчына рушыла праведаць Сяргея. Там жа ў кватэры наладзілі застолле – свята ж… Там жа сужыцелі і пасварыліся – ужо ў прысутнасці маці і Марыінай сяброўкі. Гаспадыня кватэры не вытрымала шуму і паказала “нявестцы” на дзверы.
Тая пайшла, а сын застаўся. “Ляж, сынок, засні”, – угаворвала яго маці. “Вось схаджу ў інтэрнат, пагляджу малога ды вярнуся”, – супакойваў ён яе. Гэта былі апошнія словы Сяргея.
Пайшоў, каб не вярнуцца… Аб тым, што адбылося пазней у інтэрнацкім пакоі, яго родныя даведаліся з паказанняў сведкаў і самой Марыі, якая і абвінавачвалася ў забойстве. Зрэшты, ведаючы гісторыю іх “сямейнага” жыцця, не цяжка здагадацца, пры якіх абставінах наступіла трагічная развязка.
З паказанняў Марыі:
“Сяргей вярнуўся дамоў і стаў пагражаць, што пойдзе ад мяне і забярэ з сабой сына. Такім агрэсіўным я яго ніколі не бачыла… Пагражаў, што будзе біць… Я спрабавала абараніць сябе… Узяла нож – першае, што трапіла пад руку… Забіваць я яго не хацела!”
“Праўду” абвінавачваемай падкарэкціравалі сведкі – усё тая  ж сяброўка і яе малалетняя дачка. Па іх словах, сварка ў інтэрнацкім пакоі то заціхала,  то аднаўлялася з новай сілай. На нейкі момант жанчыне ўдалося астудзіць пыл абодвух бакоў. Сяргей сеў на крэсла. Здавалася, супакоілася і Марыя, хаця і нервова пахаджвала па пакоі. Калі суседка на хвілінку адхілілася, каб зачыніць дзверы, Марыя моўчкі ўзяла нож і ўдарыла Сяргея ў спіну. Той глядзеў тэлевізар і нат не паспеў зразумець, што здарылася. Смерць наступіла імгненна.
“Я не хацела яго забіваць”
“Я не хацела яго забіваць”, – не пераставала паўтараць у судзе Марыя. Пракурор, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачанне, аргументам для змякчэння віны гэтыя словы не прызнаў, канстатаваўшы, што жанчына сама часта была ініцыятарам канфліктаў, прад’яўляла прэтэнзіі да сужыцеля. А той ракавы ўдар нанесла наўмысна – з мэтай адпомсціць за пабоі і абразу. І ніхто не даваў ёй права распараджацца чужым жыццём.
Прыгавор суда быў адпаведны цяжкасці ўчыненага злачынства: 30-гадовая Марыя правядзе ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму 8 гадоў і 6 месяцаў. За гэты час старэйшыя сын і дачка стануць амаль дарослымі, першыя крокі зробіць без матулі і малодшы хлопчык – сын забітага Сяргея. Старэйшых дзяцей цяпер выхоўвае іх бабуля – маці першага мужа, а меншанькі – ў прыёмнай сям’і. Ой як прасіла Марыя пакінуць дзіцятка пры ёй – там, дзе будзе адбываць пакаранне. Але ці ж месца такому анёлачку за сценамі казённага дома?.. Не заслужыў ён такой долі – стаць аб’ектам для суцяшэння.
Васіль РОЗМЫСЛА,
старшыня суда Шчучынскага раёна.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Р.S. Адзін з аўтараў гэтых радкоў – журналіст – ведала Марыю задоўга да таго, як яна трапіла на лаву падсудных. Тады гэтая дзяўчынка-падлетак прыехала з вёскі разам з маці і маленькім братам. Яны траіх і сужыцель маці туліліся ў аднапакаёвай кватэры апошняга.
Маша хутка асвоілася ў гарадскім асяродку, ды так, што абавязак хадзіць у школу часам саступаў месца вясёлым забавам. Брат Міша з раніцы да вечара “бурчаў” з машынкай у пясочніцы. Спагадлівыя суседкі часта падкормлівалі малога.
Відаць, іх матулі надакучыў гарадскі сужыцель, і яна падалася зноў у вёску – у пошуках новага.
Сляды гэтай сям’і на нейкі час згубіліся. А потым іх прозвішча зноў усплыло – у міліцэйскіх зводках. Парушыла закон Марыя, артыкулы Крымінальнага кодэкса стаў “калекцыяніраваць” і брат.
Потым, як паведамілі дасведчаныя суседзі, дзяўчына выйшла замуж, нарадзіла дзетак. “То і слава Богу!” – падумалася многім. Аказваецца, паспяшылі дзякаваць. Марыя зноў трапіла на лаву падсудных. І не банальны крадзеж таму віной. Грознае слова “забойства” не раз гучала ў судовым працэсе і, здавалася, моцна раніла падсудную.
У зале судовага пасяджэння маці Марыі так і не з’явілася. Мо ў пошуках чарговага сужыцеля “заляцела” занадта далёка ад горада. Мо ў такой сваёй сямейнай “спецыялізацыі” жанчына растраціла ўжо ўсе сілы…
Рэаліі сённяшняга дня: інстытут сям’і, як любяць гаварыць сур’ёзныя навукоўцы, выцясняе з’ява досыць супярэчлівая і неадназначная – сужыцельства. Людзі жывуць пад адным дахам, хаця не гатовы, а часам і не хочуць, несці адказнасць адзін за аднаго, не гатовы ахвяраваць сваімі звычкамі дзеля спакою бліжняга і дабрабыту сям’і, якую быццам бы стварылі. У многіх выпадках сужыцельства крочыць поруч з п’янствам дарослых з усімі негатыўнымі наступствамі, а сведкамі непрывабных “сямейных” сцэн з‘яўляюцца дзеці. І не важна – непаўналетнія яны ці ўжо дарослыя. Дзецям аднолькава балюча. І не дай Бог, каб яны скапіравалі гэтыя адносіны ды перанеслі ў свае будучыя сем’і.
Нож у спіну сужыцеля. Хутка, бяздумна. Трагічная кропка ў сумесным жыцці. Але ці было яно, гэта жыццё?