Сімвал эпохі ў гісторыі музыкі | Дзяннiца

Сімвал эпохі ў гісторыі музыкі

Версия для печатиВерсия для печати

Адзін мудрэц сказаў: “Не толькі чалавек павінен адчуваць удзячнае дачыненне да якога-небудзь куточка зямлі. Справядліва і наадварот: куточак зямлі таксама можа ганарыцца сваёй прыналежнасцю да нараджэння чалавека”.
Час, як рака, сцірае з памяці многія падзеі, даты, імёны. Аднак ёсць імя, якое я адкрыла для сябе, адкрыла занава. Гэта імя Чэслава Выджыцкага (Немэна). Вядомы вакаліст, кампазітар, аранжыроўшчык, наватар у музыцы. Для моладзі 60-80-х стаў духоўным правадніком, геніем музыкі, сімвалам бунту.
“Час, як рака...”, – так называлася сустрэча з творчасцю Немэна, якая днямі адбылася ў шчучынскім Доме палякаў. І ўдзельнікі сустрэчы, як і я, адкрывалі для сябе імя Чэслава Немэна, нашага земляка, які нарадзіўся ў Старых Васілішках, названага ў 1999 годзе штотыднёвікам “Палітыка” польскім музыкантам стагоддзя. Польскае радыё прысудзіла яму прэмію за асобы ўклад у культуру.
Спявак “уздымаў” залу знакамітай парыжскай “Алімпіі”, выступаў на адной сцэне з М. Дзітрых, С. Уандэрам, гастраляваў у буйнейшых заходніх краінах, пры жыцці выдаў два альбомы з вядомай фірмай “Соні”.
Ён не пайшоў у бок камерцыі, божы дар дазваляў адчуваць паэзію і музыку. У творчасці Немэна было столькі наватарства, але і ў той жа час столькі духоўнасці, славянізму, глыбіні. Калі ўдзельніца сустрэчы – вучаніца 10 класа Васілішкаўскай сярэдняй школы Алёна Брыль выканала “Как странен этот мир”, павеяла далёкім, узнік вобраз прыгожага, таленавітага спевака, які стаў сімвалам эпохі ў гісторыі музыкі.
Цудоўныя вершы Чэслава Немэна прачытала Віталіна Панімаш. Выдатна іграў на акардэоне Раман Вашчыла. З роляй вядучай паспяхова справілася  Юлія Іванова.
Час, як рака... Адносіць многае, пакідае нам белыя плямы і незаменныя пропускі ў летапісе часу. І як важна запоўніць белыя плямы памяццю аб тых людзях, якімі ганарыцца і будзе ганарыцца зямля. І публікацыі ў газеце, і фільм пра Немэна, зняты на яго радзіме, які тэлебачанне пакажа ў лістападзе, і такія сустрэчы – гэта даніна павагі і памяці пра Вялікага земляка.
Галіна РУДЗЬ.