СЯБРЫНА - маладзёжная старонка | Дзяннiца

СЯБРЫНА - маладзёжная старонка

Версия для печатиВерсия для печати

У калектыве стала сваёй
Ва ўнітарнае камунальна-вышуковае прадпрыемства “Гроднааблаграхімізацыя” Вольга Бузюк прыйшла працаваць адразу пасля заканчэння Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Мінула крыху больш за год, і дзяўчына зразумела, што зрабіла правільны выбар. Калектыў яе прыняў як сваю. Асабліва задаволена маладым спецыялістам намеснік начальніка аналітычнага аддзела Г.Ф. Дубок.
— Любая навучальная ўстанова дае глыбокія тэарэтычныя веды. А  на справе іх выкарыстаць – гэта зусім іншае. Тым больш, што ў нашай арганізацыі работа спецыфічная, — тлумачыць Галіна Францаўна. – Тут патрэбны ўседлівасць, акуратнасць і цярпенне. Прыемна, што гэтыя якасці прысутнічаюць ў Вольгі. Працуе яна ў асноўным са шклянымі прабіркамі і колбамі – робіць розныя аграхімічныя аналізы глебы. На яе працоўным месцы заўсёды выключная чысціня і парадак.
Я з цікавасцю назіраў за работай гэтай прывабнай дзяўчыны. Сапраўды, усё ў яе атрымлівалася надзвычай хутка і прафесіянальна. Падумалася, такую работу не кожны зможа так скрупулёзна выконваць. Тут, акрамя ведаў і практыкі, патрэбна яшчэ і любоў да выбранай прафесіі.
— У маёй сям’і ніхто не звязаны з сельскай гаспадаркай. А вось дзядзя працуе старшынёй СВК “Ходараўцы”, што ў Лідскім раёне, — гаворыць Вольга Бузюк. – Калі прыязджала да яго на летнія канікулы, з задавальненнем ездзіла з ім па палях, назірала, як убіраюць ураджай. Іншы раз у сне бачыла сябе аграномам. Калі стала працаваць, то канчаткова ўпэўнілася, што не памылілася ў выбары прафесіі. Гэта маё. Тым больш, што трапіла ў вельмі дружны калектыў. Мне вельмі падабаецца тут працаваць.
Сяргей ГАРДЗЕЙЧЫК.
Фота аўтара.

Прафесiя – Радзіме служыць
У ліпені гэтага года на службу ў аддзел унутраных спраў прыбылі чатыры выпускнікі Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Маладыя адукаваныя лейтэнанты міліцыі значна ўмацавалі службы аддзела. Віталій Бурдзей і Міхаіл Станкевіч паспяхова вырашаюць пастаўленыя задачы ў аддзяленні крымінальнага вышуку, а Аляксандр Сакалоўскі – у аддзяленні па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі. У экспертна-крыміналістычным аддзяленні добра працуе Уладзімір Бадзюкоў. Менавіта яны пяць гадоў назад прынялі рашэнне звязаць свой лёс з прафесіяй юрыста і супрацоўніка органаў унутраных спраў.
Кожны год пэўная колькасць маладых людзей выказвае жаданне паспрабаваць свае сілы пры паступленні ва ўстанову адукацыі “Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь”. Сёлета залічаны курсантамі гэтай ВНУ чацвёра шчучынскіх юнакоў. А ўжо ў наступным годзе на службу ў РАУС пасля заканчэння Акадэміі прыйдуць яшчэ тры нашы землякі.
Настаў час і цяперашнім адзінаццацікласнікам вызначыцца з выбарам будучай прафесіі. Да іх сёння і хачу звярнуцца. Справа ў тым, што кадравае падраздзяленне РАУС прыступіла ўжо да адбору кандыдатаў з ліку жыхароў раёна для паступлення ў 2010 годзе на вочную форму навучання ў Акадэмію МУС.
Афіцэр міліцыі – гэта не толькі адукаваны спецыяліст. Гэта чалавек, якога служба пастаянна выпрабоўвае на трываласць, ставіць часам у самыя нечаканыя сітуацыі, уцягвае ў складаны ланцужок чалавечых узаемаадносін, правяраючы яго маральную ўстойлівасць, моц духа, прынцыповасць і чуласць да людзей. Менавіта гэтыя якасці, акрамя тэарэтычных ведаў, можна набыць і выхаваць у сабе ў перыяд вучобы ў Акадэміі.
На дзённую форму абучэння ў Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь могуць паступаць на конкурснай аснове маладыя грамадзяне нашай рэспублікі, якім у год паступлення спаўняецца 17 гадоў, але не старэй за 25 гадоў, якія маюць агульную сярэднюю, прафесіянальна-тэхнічную ці сярэднюю спецыяльную адукацыю, здольныя па сваіх асабістых, маральных і дзелавых якасцях, стане здароўя выконваць задачы, ускладзеныя на органы ўнутраных спраў.
Заявы на паступленне ў Акадэмію МУС аддзел унутраных спраў будзе прымаць да 15 красавіка 2010 года. Аднак раю звяртацца ў групу кадраў РАУС ужо ў снежні – студзені. Усім кандыдатам на вучобу неабходна прайсці медыцынскі агляд спачатку ўрачэбнай камісіяй паліклінікі УУС Гродзенскага аблвыканкама, а потым у Акадэміі МУС перад залічэннем на вучобу. У адносінах да ўсіх кандыдатаў на вучобу ва ўстаноўленым парадку праводзяцца спецыяльныя праверкі.
Абітурыенты здаюць тры ўступныя іспыты ў форме цэнтралізаванага тэсціравання па наступных прадметах: руская або беларуская мова, матэматыка, грамадазнаўства. Залічэнне ў Акадэмію праводзіцца пасля падпісання абітурыентамі кантракта, які прадугледжвае абавязацельства праходзіць службу ў органах унутраных спраў на працягу тэрміну навучання ў Акадэміі, а таксама не менш пяці гадоў пасля яе заканчэння.
На дзённай форме навучання можна атрымаць наступныя кваліфікацыі: “юрыст”, “юрыст з веданнем эканомікі”, “юрыст, эксперт-крыміналіст”.
Больш падрабязную інфармацыю вы можаце атрымаць у групе кадраў Шчучынскага РАУС, тэл. 28-4-93.
Здзіслаў ЯНКЕВІЧ,
намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні, падпалкоўнік міліцыі.

Не збочыць з роўнай сцяжынкі
Прафілактыка правапарушэнняў сярод падлеткаў займае важнае месца ў рабоце інспекцыі па справах непаўналетніх, аддзела па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама.
Днямі ў раённым Доме культуры адбылася сустрэча прадстаўнікоў правапарадку, медыкаў з рабятамі – членамі клуба “Выбар”, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх і былі затрыманы за ўжыванне алкагольных напіткаў.
Клуб “Выбар” створаны ў красавіку гэтага года. Гэта дабравольная арганізацыя аб’ядноўвае так званых “цяжкіх” падлеткаў. На рахунку клуба шмат цікавых мерапрыемстваў.
Не пакінулі раўнадушнымі ўдзельнікаў сустрэчы кадры відэафільма “Асцярожна, насілле!” Многім хацелася выказаць свае думкі, абмеркаваць убачанае.
Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Ю.В. Іоч расказаў аб адказнасці, якая чакае хлопцаў і дзяўчат за распіццё спіртных напіткаў, за ўчыненне дробных хуліганстваў.
Якую шкоду наносяць алкагольныя напіткі, у тым ліку піва, маладому арганізму? На жаль, гэта тэма ніколі не губляе сваёй актуальнасці. Прыклады згубнага ўздзеяння гэтых напіткаў на чалавека прывяла ўрач-нарколаг Шчучынскай ЦРБ Л.Я. Чудоўская.
Аднак, самае вялікае ўражанне аказалі на ўдзельнікаў сустрэчы гісторыі людзей, што некалі самі аказаліся ў палоне страшнай алкагольнай залежнасці. Цяпер яны наведваюць пасяджэнні клуба ананімных алкаголікаў “Узлёт” і радуюцца кожнай хвіліне нармальнага жыцця.   
Ганна РУДСКАЯ. 
 

У аграгарадку - новыя спецыялісты
Ветфельчар Марыя Будрэвіч— Прыгажэе наша Каменка. Выраслі дыхтоўныя катэджы, адрамантаваны школа, Дом культуры, магазін. Узводзіцца  жыллё на цэнтральнай вуліцы. Гэта прываблівае моладзь. Яна едзе сюды, пускае карані, — тлумачыць галоўны ветэрынарны ўрач СВУ “Пратасаўшчына” Часлаў Паўлавіч Прэцкайла. – На новую малочнатаварную ферму “Каменка”, якая знаходзіцца непадалёку вёскі, тры месяцы таму прыйшла працаваць маладая сям’я: Марыя і Дзмітрый Будрэвічы. Яна — ветэрынарны фельчар, ён – аператар-жывёлавод. 
Марыя пасля заканчэння Ваўкавыскага сельскагаспадарчага каледжа працавала ў СВК “Драпава” Ваўкавыскага раёна. Там сустрэла свайго каханага, дарэчы, нашага каменскага юнака. Пажаніліся. А неўзабаве прыехалі на радзіму Дзмітрыя. Тут ім адразу прапанавалі жыллё і работу.
  — Такую моладзь можна браць на працу з закрытымі вачыма. Марыя і Дзмітрый добрасумленныя, старанныя, — гаворыць Часлаў Паўлавіч. – Цяпер вельмі строгія патрабаванні да якасці малака. Вось Марыя і сочыць, каб на дойку не трапіла хворая жывёла. Менавіта яна вядзе строгі ўлік, фарміруе статак і адпраўляе кароў у спецыяльнае памяшканне, дзе асобна іх дояць. Ведаеце, яна не лічыцца іншы раз з часам. Заўсёды прысутнічае на дойцы, можа застацца і пазней, пакуль не завяршыць работу. Гэта вельмі добрая рыса характару. Прыемна, што ва ўсім ёй дапамагае Дзмітрый.
Сяргей ГАРДЗЕЙЧЫК.
Фота аўтара.