Сцяжынкі памяці | Дзяннiца

Сцяжынкі памяці

Версия для печатиВерсия для печати

Міхаіл Антонавіч па даўняй звычцы ўстае рана. А цяпер доўгія восеньскія вечары так надакучылі, што ён стараецца больш застаць светлага дня. Паленцаў прынясе, печку падпаліць, сваю гаспадарку праверыць. З некалі вялікай засталіся толькі Бобік, коцік і дзве курыцы. І то добра, па словах гаспадара, ёсць на каго паглядзець на падворку. Накорміць ён жывёлін, а потым сняданак для сваёй палавіны робіць.
Вось і мы завіталі да Міхаіла Антонавіча, можна сказаць, раніцай. А ён ужо з дамашнімі справамі разабраўся, выняў з паштовай скрыні газету і з навінамі раённымі знаёміўся. Прыемна было бачыць на стале нашу “Дзянніцу”. Сам гаспадар у добрым настроі, выглядае малайцом, нягледзячы на паважаны ўзрост – яму ўжо ідзе 85-ы год.

Міхаіл Антонавіч і Валянціна Іосіфаўна Карэцкія крочаць разам па жыцці вось ужо шэсцьдзесят (!) гадоў. У канцы верасня якраз і сустрэлі яны юбілейную дату. Пражылі яны ўсе гэтыя доўгія гады дружна, сумленна працавалі, дзяцей гадавалі. Валянціна Іосіфаўна была адмысловай швачкай і краўчыхай, яе залатыя рукі на ўсю вёску славіліся, ды і з суседніх заказы паступалі. А цяпер моцна хварэе жанчына, зрок страціла. Міхаіл Антонавіч пяшчотна даглядае жонку. І дачка Вольга прыходзіць, яна тут, у Орлі, жыве і працуе.
Карэцкіх не песціў лёс, з дзяцінства многа працавалі, потым іх юнацтва апаліла вайна. Перажылі яны разруху, нястачу, выгадавалі чацвярых дзяцей, зведалі гора страты… Сын Анатоль па камсамольскай пуцёўцы паехаў на БАМ. Дзевяць гадоў там працаваў, будаваў Байкала-Амурскую магістраль. І раптам – няшчасны выпадак, загінуў Анатоль. Цела сына самалётам даставілі на радзіму…
– Добра, што Оля побач, – гаворыць Міхаіл Антонавіч. – Даглядае нас, агарод садзіць. Таіса жыве ў Гродне, а Леанід у Хойніках, што ў Гомельскай вобласці. Мы з Валянцінай багатыя – маем сямёра ўнукаў і пяць праўнукаў. Не дарма пражылі, атрымліваецца…
Міхаіл Антонавіч родам з вёскі Зачэпічы. У вайну там лютаваў немец, бацькі перабраліся ў Орлю. Міхаіла забралі ў армію адразу пасля вызвалення Беларусі.
– З Ліды да Баранавіч ішлі пешшу, а потым на цягніку прывезлі нас, навабранцаў, у Жабінкаўскі раён, – расказвае Міхаіл Антонавіч. –Там прайшлі мы кароткатэрміновыя ваенныя курсы, навучыліся, як трэба са зброяй абыходзіцца, – і на І Беларускі фронт адправілі. Я быў радавым зенітна-артылерыйскага палка, які ахоўваў штаб фронта.
Міхаіл Антонавіч вызваляў Варшаву, удзельнічаў у баях на Одэры. Перамогу сустрэў на ўскраіне Берліна.
– Гэту навіну мы ўсе сустрэлі са слязамі радасці, – успамінае ветэран, – абдымаліся, спявалі песню пра непераможную Маскву. Перамога прыйшла, але ворага яшчэ трэба было выбіваць з засценкаў. Бывала, даганялі нашых салдат шалёныя варожыя кулі. Так было крыўдна, што гінулі байцы пасля Перамогі…
Дэмабілізаваўся я вясной 1949 года. Старэйшыя вайскоўцы, што прайшлі шляхамі вайны з першага яе дня, паехалі дадому адразу пасля заканчэння вайны. А мы, маладыя, яшчэ служылі. Нашы часці стаялі нейкі час у нямецкіх гарадах Швэрын, Вісмер і іншых.
Дамоў Міхаіл вярнуўся акурат на Вялікдзень. А восенню, у канцы верасня, у хаце Карэцкіх ладзілася вяселле. Ліпічанская дзяўчына Валянціна стала яго другой палавінкай. І як аказалася, назаўсёды. Маладыя пасяліліся ў старым, паўразбураным доме. Потым паступова перабудавалі яго. Жылі ў міры і згодзе, расцілі дзяцей, працавалі ў калгасе.
Ветэрана Вялікай Айчыннай вайны часта запрашаюць выступіць у мясцовай школе. Міхаіл Антонавіч ніколі не адмаўляецца, выступае і ў школе, і на мітынгах у вёсцы, што ладзяцца на 9 Мая і ў Дзень Незалежнасці. Лічыць, моладзь павінна ведаць, што вайна – гэта страшная бяда. Колькі пакут і гора яна прыносіць людзям. Маладыя людзі павінны ведаць і пра бессмяротны подзвіг дзядоў і прадзедаў, якія аддавалі жыцці за іх сённяшні мірны дзень.
– Заўсёды жадаю моладзі: жывіце ў міры доўга і шчасліва! – гаворыць ветэран.
Ала УЛАДЗІМІРАВА.
Фота Аляксея БІБІКАВА.