Сум дзіцячых вачэй | Дзяннiца

Сум дзіцячых вачэй

Версия для печатиВерсия для печати

... На вуліцы ішоў дождж. Буйныя кроплі падалі часта-часта і, здавалася, што яны ніколі не спыняцца. Напэўна таму і будынак, да якога мы неўзабаве падбеглі з маёй цёткай, выглядаў шэрым і панурым. Але так было толькі звонку. Унутры панаваў асаблівы настрой. Ад мноства прыгожых карцінак, на якіх было намалявана сонейка, станавілася цяплей і святлей. Мая цётка працавала ў дзіцячым доме.
Мы ўвайшлі ў пакой. “Мама!” – закрычаў адзін з хлопчыкаў і падбег да цёткі (многія дзеткі называюць мамамі сваіх выхавальніц). За некалькі гадзін я даведалася, як называецца лялька ў Ксюшы, колькі вершаў ведае Міша, кім хоча стаць Юля, калі вырасце. Здаецца, звычайныя рэчы, але дзеткі расказвалі ўсё гэта з такім захапленнем, перабіваючы адзін аднаго, быццам баяліся, што не паспеюць расказаць нешта вельмі значнае.
Прыйшоў час развітвацца. Я ішла па вуліцы і ўвесь час успамінала сумныя вочкі дзяцей. У іх ёсць любімыя цацкі, сябры, але няма самага галоўнага – мацярынскай ласкі.
Я пачала прыходзіць у дзіцячы дом падчас змены цёткі і дапамагаць, чым магла.
Скончылася лета, але я добра ведаю, што абавязкова прыеду да маіх маленькіх сяброў у першую ж вольную часінку.
Вольга САЛІМАВА,
студэнтка факультэта  журналістыкі БДУ.