Страхавы дагавор – упэўненасць у заўтрашнім дні | Дзяннiца

Страхавы дагавор – упэўненасць у заўтрашнім дні

Версия для печатиВерсия для печати

“Прамая лінія” з дырэктарам прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Шчучынскім раёне В.І. Антановічам адбылася напярэдадні прафесійнага свята беларускіх страхоўшчыкаў. Віктар Іванавіч папрасіў павіншаваць страхавых работнікаў раёна, пажадаць ім поспехаў у працы, дабрабыту, ладу ў сем’ях.
Мяркуючы па пытаннях, якія паступалі ў час правядзення “прамой лініі” ад жыхароў раёна, яны давяраюць паслугам, што прапануе сваім кліентам Белдзяржстрах. Дарэчы, паслугі гэтыя становяцца больш зручнымі, разнастайнымі і даступнымі. Большасць пытанняў паступіла ад уладальнікаў транспартных сродкаў, але былі пытанні і па іншых тэмах, на якія жыхары Шчучына і раёна хацелі атрымаць адказы, так бы мовіць, з першых вуснаў.

– Мой аўтамабіль застрахаваны па абавязковым страхаванні. У якіх выпадках я атрымаю страхавую кампенсацыю?
– У гэтым відзе страхавання закладзена выключна Ваша грамадзянская адказнасць перад трэцімі асобамі, якім Вы можаце нанесці ўрон. Вы атрымаеце кампенсацыю толькі тады, калі будзеце прызнаны пацярпеўшым у выніку ДТЗ, а вінаваты мае поліс абавязковага страхавання ўладальнікаў транспартных сродкаў (АСГА УТС). А вось калі Вы застрахуеце аўтамабіль і ў дабравольным парадку (Аўтакаска), то кампенсацыю ўрону атрымаеце ў любым выпадку пашкоджання аўтамабіля.
– Аўтамабіль знаходзіўся на стаянцы і быў пашкоджаны неўстаноўленай асобай. Ці магу я атрымаць страхавую кампенсацыю за ўчыненую шкоду?
– Калі аўтамабіль застрахаваны дабравольна, то – так, Вы атрымаеце кампенсацыю. Па абавязковым страхаванні неабходна выявіць вінаватага. Калі ён не знойдзены, то няма і выплаты.
– Калі мой аўтамабіль застрахаваны як дабравольна так і па абавязковым страхаванні, ці атрымаю я страхавую кампенсацыю па дзвюх страхоўках за адно ДТЗ?
– Не, але Вы зможаце выбраць, па якім відзе страхавання атрымаць кампенсацыю. Методыка разліку ўрону адна, але па дабравольным відзе страхавання выплата ажыццяўляецца больш аператыўна з-за меншай колькасці неабходных дакументаў.
– Чаму дабравольнае страхаванне транспартных сродкаў называюць “Каска”?
– Гэта іспанскае слова, у перакладзе: “абарона”. Страхуючы аўтамабіль па Каска, вы абараняеце свае маёмасныя інтарэсы ад магчымых страт.
– Чытаў, што ў іншых гарадах у квітанцыі па аплаце камунальных плацяжоў уключаюцца і сумы страхоўкі за кватэру. А як у нас заплаціць гэту страхоўку?
– Страхаванне кватэр у нашым раёне ажыццяўляюць страхавыя агенты, якіх можна выклікаць на дом па тэлефоне 28-9-36. Заключыць дагавор страхавання можна ў прадстаўніцтве Белдзяржстраху ў дзяжурнага агента.
– Мой сусед застрахаваў каня, а таксама і грамадзянскую адказнасць. Што гэта за страхоўка?
– Размова ідзе аб страхаванні грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў жывёл. Страхавая кампенсацыя выплачваецца пацярпеўшаму ў тым выпадку, калі ўрон нанесены самой жывёлай. Напрыклад, калі конь пашкодзіў чыйсці аўтамабіль або другую маёмасць, то страхавая арганізацыя кампенсуе ўрон за гаспадара каня. Такі дагавор можа быць заключаны ў адносінах да іншых дамашніх жывёл, напрыклад, сабак.
– У 1982 годзе застрахавала дзвюх унучак на суму па 1 тысячы рублёў. Ці ёсць надзея атрымаць грошы па тых страхоўках?
– Ці будзе кампенсацыя па доўгатэрміновых дагаворах змешанага страхавання жыцця?
– У выніку распаду СССР, яго крэдытна-фінансавай сістэмы, абвастрыўшыхся ў 90-х гадах на ўсёй постсавецкай прасторы інфляцыйных працэсаў, страхавыя сумы выплат па дагаворах доўгатэрміновага страхавання (як і ўклады насельніцтва ў банках) былі па незалежных ад Белдзяржстраху прычынах абясцэнены, а таксама зменшаны адпаведна ў 10 і 1000 разоў у выніку праведзеных дэнамінацый беларускага рубля 1994 і 2000 гадоў. Грашовыя рэзервы Белдзяржстраху, прызначаныя для выплаты вышэйуказаных сум, таксама былі абясцэнены. Таму праіндэксаваць выплаты страхавых сум суразмерна інфляцыі за мінулыя гады не было магчымасці.
Данае пытанне застаецца адкрытым. Яго рашэнне знаходзіцца на разглядзе органаў дзяржкіравання.
Падрыхтавала Ала УЛАДЗІМІРАВА.