СПОРТ | Дзяннiца

СПОРТ

Версия для печатиВерсия для печати

Дзве каманды і тры пакаленніФутбольны матч, як успамін...
На стадыёне “Алімп” 24 кастрычніка сабраліся сапраўдныя прыхільнікі папулярнай гульні. На закрыцці футбольнага сезона тут сустракаліся каманды ветэранаў і моладзі.
Прыйшлі паглядзець на спартыўнае свята і заядлыя балельшчыкі. Сярод іх былі знаёмыя і родныя спартсменаў, людзі, для якіх спорт стаў ладам жыцця, — былы начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму А.У. Шыран, наш зямляк, які прыехаў з Казахстана ў госці да бацькоў, чэмпіён Беларусі па лёгкай атлетыцы М.Г. Філіпаў, былыя шчучынскія спартсмены І.Ф. Яцэвіч, Я.А. Уласень, В.С. Жолік. Ганялі мяч па полі і дзеці — будучая змена сённяшніх футбалістаў. Ва ўсіх быў прыўзняты настрой. Ды і не дзіва, бо акрамя гульні тут урачыста ўшаноўвалі вядомых футбалістаў Шчучыншчыны.
— Я памятаю, як спяшаліся на стадыён балельшчыкі гадоў пятнаццаць таму, каб паглядзець на прыгожую гульню Міхаіла Шашко і Дзмітрыя Кірылава. Як эмацыянальна рэагавалі шчучынцы на кожны гол, забіты Міхаілам Жоглам і Уладзімірам Сідаравым, — гаварыў перад пачаткам гульні дырэктар раённага цэнтра фізкультурнай і аздараўленчай работы А.В. Пашук. – Бурныя эмоцыі былі і калі мяч ляцеў міма варот. Аб тым, што здаралася на футбольным полі, маглі чуць жыхары не толькі вуліцы Заводскай, але і Зялёнай...
Гэтыя словы нібы настроілі спартсменаў на выдатную гульню. Барацьба была ўпартай і інтрыгуючай, мяч рэдка даходзіў да варот. Сапернікі проста не дазвалялі прабіцца нападаючым да сваіх варот.  І ўсё ж моладзь літаральна на апошніх мінутах змагла забіць першы гол. Вызначыўся Віктар Сеўка. А вось у другім тайме востра атакавалі і тыя, і другія сапернікі. Праводзіліся замены футбалістаў. Суддзі часта фіксіравалі парушэнні і назначалі штрафныя ўдары. Але моладзь больш валодала мячом і таму хутка забіла яшчэ два галы. Аднак і ветэраны не здаваліся. Нарэшце, гол у адказ забіў Уладзімір Сідараў. Услед з пенальці  Андрэй Козіч забіў і другі. На большае ветэранам не хапіла сіл. Сустрэча завяршылася перамогай маладзёжнай каманды 3:2. Як кажуць, перамагла маладосць. Але ў ветэранаў настрой ад гэтага не сапсаваўся. Наадварот, яны былі вельмі задаволены гульнёй, бо атрымалі ад яе мноства станоўчых эмоцый.
У час ушанавання Міхаіл Жогла, Уладзімір Сідараў, Міхаіл Шашко і Дзмітрый Кірылаў пачулі шмат цёплых слоў у свой адрас, атрымалі каштоўныя падарункі ад спонсараў мерапрыемства — дырэкцыі завода “Аўтапровад”, фермера І.Ф. Яцэвіча. Віноўнікам урачыстасці былі таксама ўручаны ганаровыя граматы ад абласнога ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму і памятныя футбольныя мячы ад абласной федэрацыі футбола.
Сяргей ГАРДЗЕЙЧЫК.
Фота аўтара.

Першае месца – ў шчучынскіх лёгкаатлетаў
У Гродне адбыліся абласныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы сярод навучэнцаў 1996-97 гадоў нараджэння. Першае агульнакаманднае месца заняла каманда Шчучынскай ДЮСШ. Найбольшы ўклад у агульную скарбонку перамог унеслі навучэнцы Дэмбраўскай сярэдняй школы, трэнерам якіх з’яўляецца У.І. Біндзей. Так, Віктар Вербаль двойчы перамог у спартыўнай хадзьбе на 2 і 3 кіламетры. А вось Вікторыя Ульянава двойчы да фінішу прыходзіла другой. Двойчы сярэбранай прызёркай станавілася Наталля Бадак.
Навучэнец Ражанкаўскай сярэдняй школы Віталій Жук заняў першае месца ў скачках у вышыню і другое – у скачках з шастом. Кацярына Максіменка з Галавічпольскай сярэдняй школы была другой у скачках у даўжыню і трэцяй у трайным скачку. Кацярына Грэсь з дзяржаўнай гімназіі г.Шчучын стала сярэбранай прызёркай у бегу на дыстанцыі 2 тысячы метраў.
Добрыя вынікі ў спартыўных спаборніцтвах паказалі таксама навучэнкі Кацярына Канюк з Ражанкаўскай і Кацярына Курса з Жалудоцкай сярэдніх школ.
Сяргей ЛЯВОНАЎ.