Скажам СНІДу – не! | Дзяннiца

Скажам СНІДу – не!

Версия для печатиВерсия для печати

Пераканаўчая мова мастацтва
1 снежня, у Сусветны дзень барацьбы са СНІДам, школьнікі Шчучына ўбачылі на сцэне РДК узрушваючы маральна – пазнавальны спектакль, які ўзняў праблемы наркаманіі, ВІЧ і маральнасці ў сучасным свеце.
Выдатнае тэатральнае дзейства, падрыхтаванае пад кіраўніцтвам Таццяны Аляксандраўны Цікуновай, дало магчымасць юным шчучынцам паглядзець на сябе і свае заганы з боку. Юныя артысты, занятыя ў спектаклі, выдатна абыгралі сцэны барацьбы з залежнасцю ад спакусаў, якія на кожным кроку сустракаюцца ў нашым жыцці, і далі сваім аднагодкам урок, як пражыць жыццё, застаючыся духоўна чыстым чалавекам.
Напрыканцы сустрэчы да моладзі звярнуўся настаяцель прыхода храма Богаяўлення іерэй Сергій Сямашка, які напомніў, што чалавек мае высокае прызначэнне насіць у сабе вобраз Божы і ўпадабляцца Госпаду стваральнымі ўчынкамі.
Ала ГЕОРГІЕВА.
Шчучынскія валанцёры – супраць ВІЧ
Днямі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна ў рамках праекта “Падтрымай тых, хто побач” прайшло цікавае мерапрыемства, прысвечанае Сусветнаму дню барацьбы са СНІДам. Яго арганізатарамі выступіла шчучынская група валанцёраў “Апора” Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.
Вельмі ўразіла сама форма правядзення акцыі. Кожны з удзельнікаў, а гэта былі гімназісты, сакратары пярвічак БРСМ і дарослыя – педагогі, медыкі, прадстаўнікі сацыяльнай службы, пры ўваходзе ў залу атрымаў бэйдж і чырвоную стужку – сімвал барацьбы са СНІДам. Пасля знаёмства аўдыторыі дэманстраваўся дакументальны фільм. Затым пачаліся дзелавыя гульні і трэнінгі. Удзельнікі аналізавалі розныя жыццёвыя сітуацыі, якія ім прапаноўвалі вядучыя, дыскуціравалі.
— Мы выбралі менавіта такую форму правядзення нашага мерапрыемства таму, што яна з’яўляецца найбольш эфектыўнай, — тлумачыць Ганна Янаўна Чарняк, член групы валанцёраў “Апора”, адна з арганізатараў акцыі. – Асноўны акцэнт быў зроблены на аўдыторыю старшакласнікаў, таму што яны – маладое пакаленне, якое хутка пойдзе ў самастойнае жыццё. Галоўная мэта — “зачапіць” рабят за жывое, адкарэкціраваць іх разуменне і адносіны да праблемы ВІЧ/СНІД.
— Вось ужо два месяцы пры нашым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуе група валанцёраў Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, — расказвае Анжаліна Расціславаўна Шпакоўская. – Я з’яўляюся членам абласнога валанцёрскага савета. Мы з калегай нядаўна прымалі ўдзел у абласным трохдзённым форуме валанцёраў у горадзе Гродна. Там узбагаціліся цікавымі ідэямі, узброіліся вопытам, які перанеслі ў свой раён. Скажу шчыра, што ўдзел у валанцёрскай дзейнасці напоўніў маё жыццё новым сэнсам.
— Мне вельмі спадабалася сяброўская атмасфера, якая валадарыла падчас мерапрыемства “Не трэба баяцца. Трэба ведаць”, — працягвае Анжаліна Расціславаўна. —  Хочацца ад усяго сэрца падзякаваць работнікам Шчучынскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэмалогіі і ДУ “ТЦСАН Шчучынскага раёна”, аддзелу ідэалагічнай работы і гімназістам за актыўны ўдзел у акцыі і пажадаць ім моцнага здароўя і аптымізму!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
У тэму
Паралельна праходзіла акцыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа “Натуральна і бяспечна”, мэтай якой было павышэнне ўзроўню ведаў пра СНІД, папулярызацыя каштоўнасцей здаровага ладу жыцця і адказных паводзін.
Валанцёры з ДПТВ-198, тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання і цэнтра гігіены, апрануўшы валанцёрскую ўніформу – майкі і кепкі, выйшлі на вуліцы горада і ў вельмі даступнай нагляднай форме даказвалі прахожым: перасцерагацца ад магчымай ВІЧ-інфекцыі павінна быць так жа звыкла і натуральна, як чысціць зубы ці прытрымлівацца іншых паўсядзённых норм асабістай гігіены.
Наш кар.