СЕЛЬСКI ДОКТАР – НАДЗЕЯ ВЁСКІ? | Дзяннiца

СЕЛЬСКI ДОКТАР – НАДЗЕЯ ВЁСКІ?

Версия для печатиВерсия для печати

Наталля Гацук і Алеся Вярцінская (Вайцешык) - маладыя сельскія ўрачы.Алеся Вярцінская прыехала ў Ражанкаўскую ўрачэбную амбулаторыю пасля сталічнага медуніверсітэта, Наталля Гацук - пасля Гродзенскага. Новых дактароў мясцовыя жыхары чакалі з нецярпеннем: лекараў тут катастрафічна бракуе! Бабулі і дзядулі, людзі сярэдняга ўзросту і дзятва з цікаўнасцю прыходзяць на прыём. Не толькі за лячэннем, але і за добрым словам…
- Сустрэлі нас з распасцёртымі абдымкамі, - распавядаюць абаяльныя дзяўчыны. - Умовы ў амбулаторыі добрыя, калектыў дружны, старэйшыя калегі выдатныя. Сапраўдным настаўнікам стала для нас загадчыца амбулаторыі Яніна Аляксандраўна Шубадзёрава. Да яе звяртаемся з любой нагоды, і заўсёды знаходзім падтрымку.
- Цяжка працаваць сельскім доктарам? - пытаю.
- Добрая практыка для ўрача,- усміхаюцца яны. - Але насамрэч рамантыкі менш, чым здаецца. Мы ж тут і тэрапеўты, і педыятры, і псіхатэрапеўты, і хуткая дапамога…
Сельскі доктар – спецыяліст універсальны. На яго плечы кладзецца велізарная адказнасць і катаржная праца. Выклікі па аддаленых вёсках, мінімальная дыягнастычная база, цяжкія размовы са старымі людзьмі. Пад “крылом” урачэбнай амбулаторыі - 5646 жыхароў Ражанкаўскага і Ракавіцкага сельскіх саветаў.
Маладыя ўрачы спраўляюцца. Яны як сапраўдныя профі, любяць сваю прафесію і перажываюць за людзей, якіх лечаць. Пацыенты ж жывуць надзеяй, што Алеся і Наталля, адпрацаваўшы два вызначаныя гады, не з’едуць з вёскі, як з’ехаў іх папярэднік - выдатны доктар Юрый Люткевіч, які сёння ратуе людзей у рэанімацыйным аддзяленні Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы.
– Я з’еду, – шчыра прызнаецца Наталля. – І справа не ў тым, добра мне тут ці дрэнна. Для нас стварылі нармальныя ўмовы, мне вось кватэру прапанавалі… Але я гродзенка, разумееце, там у мяне жыллё, сям’я, любімы чалавек, сябры, мой свет…
Алеся на Шчучыншчыне “ўкараняецца”: улетку выйшла замуж за мясцовага хлопца Аляксея Вайцешыка. Жыве ў сям’і мужа ў Шчучыне і ездзіць на працу ў Ражанку. Маладыя мараць пра ўласнае жыллё, дзяцей і доўгае сумеснае жыццё…
- Сёлета ў Шчучынскі раён прыехалі адзінаццаць маладых дактароў, - гаворыць галоўны ўрач Шчучынскай ЦРБ Станіслаў Георгіевіч Амбрушкевіч. - Шанцаў на тое, што ўсе яны праз два гады застануцца ў раёне, вельмі мала… Наш жа раён мае патрэбу ў дваццаці васьмі спецыялістах!
Як жа зацікавіць маладога доктара? Чым, акрамя вымушанага тэрміну адпрацоўкі, прывязаць яго да сяла? Маладыя ўрачы кажуць, што тут іх, перш за ўсё, не задавальняюць адсутнасць жылля (ведамаснае ўспрымаецца як часовае), перспектыў, нізкія зарплаты і прымітыўная сацыяльная сфера. Таму рвуцца туды, дзе больш шанцаў на выжыванне і прафесійны рост…
Ала БІБІКАВА.
Фота аўтара.