Сельсавецкая ўлада працуе для людзей | Дзяннiца

Сельсавецкая ўлада працуе для людзей

Версия для печатиВерсия для печати

Не за гарамі 2010 год, калі стартуе кампанія па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Лепшыя ці горшыя дэпутаты прыйдуць на змену цяперашнім нашым абраннікам – невядома. Пра гэта даведаемся потым. А цяпер працягваюць сваю работу каманды, абраныя ў мясцовыя Саветы на папярэдніх выбарах.
Аб тым, як працуе дэпутацкі сельсавецкі корпус, аб яго ўзаемадзеянні з органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання расказвае сёння старшыня Васілішкаўскага сельвыканкама Уладзімір Уладзіміравіч СЯНЮТА.

– У Васілішкаўскі сельскі Савет выбраны 12 найбольш актыўных, вопытных і паважаных жыхароў аграгарадка і навакольных вёсак. Гэта кіраўнікі ўстаноў і прадпрыемстваў, педагогі, урачы, спецыялісты ААТ “Васілішкі”… Дэпутацкі сельсавецкі корпус ва ўзаемадзеянні з органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання паспяхова вырашае самыя розныя пытанні жыццядзейнасці людзей.
Дэпутаты нашага сельскага Савета актыўна ўдзельнічаюць таксама ў рабоце розных грамадскіх фарміраванняў. Да прыкладу, Т.І. Зубрыцкая з’яўляецца старшынёй камісіі садзеяння сям’і і школе, дэпутаты І.І. Крывулец і І.С. Шкубель – члены дабравольных дружын па ахове законнасці і правапарадку, а М.А. Кучура з’яўляецца намеснікам старшыні сельвыканкама. Гэта дае магчымасць быць у курсе ўсіх спраў, ведаць, адкуль “растуць” людскія праблемы і як іх лепш вырашыць.
Заслужаным аўтарытэтам сярод вяскоўцаў карыстаюцца 22 старасты. Усе яны выбраны згодна з заканадаўствам на сходах жыхароў вёсак. Гэтыя людзі ведаюць, хто з іх землякоў мае патрэбу ў дапамозе, якія вясковыя справы можна зрабіць талакой, каго падтрымаць у бядзе ці пажурыць за неналежны лад жыцця. Так, стараста в. Збражкі Марыя Фляр’янаўна Адзярэйка праявіла ініцыятыву і арганізатарскія здольнасці, каб сабраць сродкі для добраўпарадкавання нядзеючых могілак у в. Васілішкі. У выніку тут праведзена расчыстка ад дзікарослых кустоў, старых дрэў і пнёў.
Стараста в. Кронькі Валянціна Іванаўна Малюкевіч многа ўвагі ўдзяляе санітарнаму стану вёскі, сочыць за тым, каб сядзібы вабілі вока прыгожымі кветнікамі, чысцінёй на падворках, а не кучамі смецця ды ламачча. Супрацьпажарная бяспека таксама ўваходзіць у кола інтарэсаў старасты.
Старасты – людзі нераўнадушныя. І лічаць сваім абавязкам не быць пабочнымі назіральнікамі, калі няма ладу ў нядобранадзейных сем’ях, калі нехта празмерна заглядвае ў бутэльку, ці дзеці забыліся пра бацькоўскі дом ды адзінокую матулю ў ім…  Стараста не пройдзе ля бытавой ці асабістай праблемы чалавека – абавязкова паведаміць аб гэтым у сельвыканкам. Падобныя сігналы – як накірунак нам для дзеяння. На кантролі ў стараст – работа аўтамагазінаў, збор малака, апрацоўка прысядзібных участкаў і іншыя пытанні, з якіх складаецца практычна кожны новы дзень.
Вельмі важна, што самі старасты паказваюць прыклад і ў сямейных, і ў бытавых адносінах. Так, за лепшае афармленне прыдамавой тэрыторыі атрымала спецыяльны прыз стараста в. Дзегцяры Г.А. Галавач. Добрых слоў заслугоўвае работа і яе “калег” з вёсак Біцеўцы, Шайбакі, Кронькі, Зенявічы і іншых.
У аграгарадку Васілішкі дзейнічае сельскі камітэт, які ўзначальвае Яніна Антонаўна Сяргей. Педагог па адукацыі і дзелавы чалавек па прызванні, яна, нягледзячы на пенсійны ўзрост, з’яўляецца надзейным памочнікам як для сельвыканкама, так і для 1600 жыхароў Васілішак. Яніна Антонаўна не толькі дапамагае вырашыць пытанні нейкага канкрэтнага чалавека, да прыкладу, знайсці жыллё, арганізаваць пахаванне, але і ставіць перад сабой задачу зрабіць жыццё сваіх аднавяскоўцаў якасна лепшым. Так, пры сустрэчы з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу М.М. Біруковай наша старшыня селькама звярнула ўвагу службовай асобы на праблему тэмпературнага рэжыму ў мясцовай бальніцы. І, ведаеце,  рашэнне хутка было знойдзена. Галоўны акцыянер ААТ “Васілішкі” – Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выдзеліў фінансавыя сродкі на замену старых вокнаў на новыя пластыкавыя. І яшчэ летам гэтыя работы былі выкананы.
Адна з форм дзейнасці тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання – вясковыя сходы. На іх абмяркоўваем пытанні добраўпарадкавання, стану законнасці і правапарадку, знаёмім жыхароў з важнейшымі заканадаўчымі актамі, раім, як абараніць асабістую маёмасць, занатоўваем просьбы аб дапамозе ад адзінокіх, інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Удзел у такіх сходах часта прымаюць работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна, спецыялісты сельгаспрадпрыемства, медыкі, супрацоўнікі РАУС і іншых службаў. Кожнаму канкрэтнаму чалавеку ўдзяляецца максімум увагі. На месцы вырашаюцца і многія канфліктныя сітуацыі.
Дыялогу “народ – улада” садзейнічаюць Дні адкрытага пісьма, якія праводзяцца сумесна з райвыканкамам і райсаветам дэпутатаў. Добры эфект даюць сустрэчы з раённымі інфармацыйнымі групамі. Многія праблемы перасталі існаваць якраз пасля іх агучвання на такіх мерапрыемствах.
Падрыхтавала Таццяна ВІТАЛЬЕВА.