СВЯТА ДУШЫ | Дзяннiца

СВЯТА ДУШЫ

Версия для печатиВерсия для печати

Хрысціяне ў храме Божым - адна вялікая дружная сям’я. Гэта пачуццё асабліва ўзмацняецца падчас важных падзей і святаў. Добразычлівыя ўсмешкі, адухоўленыя твары, цёплыя позіркі… У мінулую суботу прыхаджане Свята-Міхайлаўскай царквы г. Шчучына агульнай шчырай малітвай ды ачышчэннем душ святкавалі сваё прастольнае свята – свята прадвадзіцеля Нябесных Сіл Бясплотных святога Архістраціга Божага Міхаіла. Царква ўшаноўвае гэтага святога як абаронцу веры і барацьбіта супраць ерасяў і ўсялякага зла.
Па традыцыі ў гэты дзень у шчучынскай царкве, асвечанай у гонар святога Архістраціга Міхаіла, адбылося саборнае служэнне духавенства Гродзенскага благачыння. Боскую літургію ўзначаліў Епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. Яму саслужылі сакратар Гродзенскай Епархіі протаіерэй Анатоль Ненартовіч, Гродзенскі і Шчучынскі благачынныя протаіерэі Аляксандр і Міхаіл Велісейчыкі і ўсе святары Шчучынскага благачыння. Радасць прастольнага свята з праваслаўнымі вернікамі раздзялілі айцы-піяры з касцёла Святой Тэрэзы.
Пасля службы Божай адбыўся Хрэсны ход вакол храма. Правячы Архірэй Епіскап Арцемій звярнуўся да прыхаджан з казаннем, прысвечаным святу Архістраціга Міхаіла, шчыра павіншаваў вернікаў з ўрачыстасцю і распавёў, якім павінен быць хрысціянін у нашы дні.
Прыхаджане ад душы павіншавалі свайго духоўнага айца – настаяцеля Свята-Міхайлаўскай царквы протаіерэя Міхаіла Велісейчыка з Днём анёла.
Уладыка Арцемій наведаў таксама Богаяўленскі прыход г. Шчучына. Пасля сустрэчы з вернікамі ў вагончыку, дзе часова вядуцца богаслужэнні, ён агледзеў месца будаўніцтва храма і звярнуўся да шчучынцаў са шчырымі цёплымі словамі.
Ала БІБІКАВА.
На здымках: падчас урачыстасцей у Свята-Міхайлаўскім храме.
Фота Аляксея БІБІКАВА.