Свой след у “Архіве часу” | Дзяннiца

Свой след у “Архіве часу”

Версия для печатиВерсия для печати

Углядзіцеся ў гэтыя кранаючыя душу фотасюжэты. Пазнаеце творчы почырк нашага фотакарэспандэнта Аляксея Бібікава, чые фотаздымкі, нібы маленькія крупінкі яго вялікасці Часу? Менавіта гэты творчы праект нашага маладога калегі  выйшаў пераможцам у намінацыі “Партрэт адыходзячага пакалення” у  тэматычным конкурсе дакументальнай фатаграфіі “Архіў часу”, арганізаваным у Мінску аддзелам па справах моладзі Мінгарвыканкама, Рэспубліканскім цэнтрам фатаграфіі і Белдзяржпедуніверсітэтам.
“Фатаграфія, валодаючы дакументальнай існасцю, захоўвае прыкметы сацыяльных з’яў і часу. Штодзень з’яўляюцца новыя фотавыявы людзей, гарадоў, вёсачак, прыроды, падзей... Збіраючы іх у тэматычны архіў, беражліва захоўваючы кожны здымак у прызначаным для яго месцы, мы ствараем візуальны вобраз нашага жыцця, фотаархіў нашага часу”, — лічаць арганізатары конкурсу.
У Мінск на суд прафесійнага журы было даслана каля 50 фотосерый з усіх рэгіёнаў краіны. Лепшыя работы, а сярод іх і прадстаўленыя на конкурс  здымкі Аляксея Бібікава, зараз экспануюцца на выставе ў сталічным кінатэатры “Перамога”. Вось так, самі таго не ведаючы, сціплыя бабулькі са Шчучыншчыны спачатку сталі “фотамадэлямі”, трапіўшы ва ўсюдыісны рэпарцёрскі фотааб’ектыў, а потым “заехалі” ажно ў Мінск, каб выклікаць сімпатыю ў жыхароў сталіцы. А калі сур’ёзна, то масцітыя  майстры фатаграфіі даюць высокую адзнаку творчасці Аляксея Бібікава. Мы вельмі рады за поспехі нашага калегі і верым, што гэта яго далёка не апошняя перамога.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.