СВЕТАЧ - сумесны агульнаадукацыйны праект газеты "Дзянніца" і раённага аддзела адукацыі | Дзяннiца

СВЕТАЧ - сумесны агульнаадукацыйны праект газеты "Дзянніца" і раённага аддзела адукацыі

Версия для печатиВерсия для печати

Школа спартыўных надзей
Дырэктар школы У.Г. Патэйковіч – аматар хакеяПра дасягненні юных орлеўскіх хакеістаў даўно вядома за межамі нашай вобласці. Чарговая з іх перамог – першае месца ў абласных спаборніцтвах па хакеі з шайбай у праграмнай спартакіядзе “Каласок” сярод хакейных каманд аграгарадкоў і другі рэзультат ў рэспубліцы. Пачэснае месца ў кабінеце дырэктара школы Уладзіміра Генадзьевіча Патэйковіча сярод іншых узнагарод займае кубак, прывезены вучнямі і з гэтых спаборніцтваў.
— У Орлеўскай школе заўсёды вялікая ўвага надавалася спорту, — расказвае Уладзімір Генадзьевіч. —   Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца футбол і хакей. Некалі Орлю нават называлі сталіцай футбола – тут была створана знакамітая каманда з ліку работнікаў калгаса, якая выступала ў рэспубліканскіх спаборніцтвах. А захапляцца гэтым відам спорту дарослыя футбалісты пачалі яшчэ ў школе.
Спартыўны дзевяты клас з настаўніцай матэматыкі А.С. СтальмаховічВыдатнымі дасягненнямі школьнікі абавязаныя настаўніку фізкультуры і свайму трэнеру У.У. Хэлскаму. Пачыналася ўсё не так гладка. З фуфаек рабяты майстравалі “абарону”, замест касак – матацыклетныя шлемы. Калі юных хакеістаў заўважылі і ацанілі іх перамогі – спартсмены атрымалі адпаведную форму. Яе падарыла раённая ўлада.
— Нашы вучні займаюцца спортам з пачатковай школы, — працягвае Уладзімір Генадзьевіч. – У нас няма ніводнага хлопчыка ці дзяўчынкі, якія б не стаялі на каньках. А ў большасці з іх і канькі ёсць.
Якім жа было наша здзіўленне, калі Уладзімір Генадзьевіч з надзейнага месца дастаў свае асабістыя … канькі!
— Я вельмі люблю спорт, захапляюся прыродай і пры кожнай магчымасці хоць мінут 20-30 у дзень абавязкова катаюся на каньках, — тлумачыць дырэктар. – І ў хакей люблю пагуляць. Дарэчы, у нашым музеі мы плануем адкрыць раздзел, прысвечаны развіццю школьнага хакея. А яшчэ у планах – стварыць хакейны клуб. Дзеці, што заканчваюць школу, не перастаюць захапляцца гэтым відам спорту. Рабочыя гаспадаркі, студэнты, школьнікі – кантынгент аматараў хакея ў нас разнастайны.
— Я стаю на каньках з чатырох гадоў, — расказвае дзевяцікласнік Юрый Камінскі. – Не адзін раз прымаў          удзел у спаборніцтвах розных узроўняў. Хакей вельмі люблю.
— А вы пацікаўцеся, — прапануе нам дырэктар, — у каго дома ёсць канькі?
Угару ўзлятае лес рук!
— Спартыўныя дасягненні – гэта, безумоўна, візітная картка нашай школы, — гаворыць Уладзімір Генадзьевіч. – Аднак, не толькі гэтым мы можам ганарыцца. Сярэдні бал у мінулым навучальным годзе ў вучняў школы быў 7,05, а 57 працэнтаў нашых выпускнікоў паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Нядаўна праект вучня 10 класа Андрэя Жлаба “Экалогія малых рэк”, над якім ён працаваў пад кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі Тарэсы Эдуардаўны Бурдзей, увайшоў у лік 39 лепшых работ (усіх было 900), што прынялі ўдзел у 8-ым Рэспубліканскім конкурсе дзіцячых і маладзёжных навукова-практычных экалагічных праектаў “Зямля – наш дом”. Яны атрымалі рэкамендацыі для ўдзелу ў Нацыянальным этапе Стакгольмскага Юніёрскага Воднага Конкурсу. У праекце размова вядзецца пра захаванне нашага воднага багацця, у прыватнасці рэк Грушынка, Дайнароўка. Дарэчы, усе вучні школы прымаюць удзел у ачыстцы рэчкі Дайнароўка. Яна знаходзіцца пад іх надзейнай аховай.
Орля – партызанскі край. Нездарма школа носіць імя С.П. Шупені. Адзін з раздзелаў школьнага музея прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне і вядомаму камандзіру партызанскага злучэння. Гісторыя развіцця калгаса і гісторыя школы – яшчэ два раздзелы музея.
Мы пакідалі школу з нейкім асаблівым пачуццём. Прыгожы ўтульны будынак школы, нядаўна адрамантаваны, добраўпарадкаваная тэрыторыя – як пашанцавала дзецям вучыцца сярод такой прыгажосці. І нават не гэта галоўнае. Галоўнае тое, як умела і якасна арганізавана абучэнне і выхаванне ўсіх 174 дзетак, якія наведваюць садок і школу. Рэгулярныя заняткі спортам, грунтоўныя веды – усё гэта ў поўным аб’ёме атрымліваюць вучні. А яшчэ яны вучацца любіць сваю малую радзіму і родную прыроду, цаніць і берагчы сваю зямлю.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота Аляксея БІБІКАВА.

Першае інтэрв’ю на новай пасадзе
Захаваць традыцыі і ісці наперад
З пачатку гэтага навучальнага года дзве гарадскія школы ўзначалілі новыя кіраўнікі. Пасля шматгадовай плённай работы Калікст Калікставіч Хрыптовіч і Аляксандр Іванавіч Росенік перадалі руль кіравання сваім пераемнікам Андрэю Станіслававічу Панасевічу і Уладзіміру Антонавічу Жданко.
Як працуецца на адказнай пасадзе новым кіраўнікам, якія планы яны выношваюць? Аб гэтым і не толькі – у інтэрв’ю.

Андрэй Станіслававіч Панасевіч,
дырэктар СШ №1 г.Шчучына:

– Калектыў, які мне давялося ўзначаліць, для мяне не новы. Тут я пачынаў сваю працоўную дзейнасць. З першай школы я перайшоў у гімназію і выкладаў матэматыку, інфарматыку, фізіку. І вось, пасля перапынку ў некалькі год, вярнуўся ў школу ў якасці кіраўніка.
Вельмі прыемна, што калегі мяне падтрымліваюць, дапамагаюць справіцца з новай роляй. У сваю чаргу я стараюся да кожнага ставіцца з разуменнем.
У наладжаны механізм, а менавіта так працуе школа, не бачу неабходнасці ўносіць кардынальныя змены. Прайшло толькі два месяцы майго кіраўніцтва, і за гэты час немагчыма ўнікнуць у кожнае пытанне. Вывады можна будзе рабіць, калі завершыцца навучальны год.
А пакуль я разлічваю на педагогаў, якія працуюць у школе. Амаль усе яны маюць вялікі вопыт работы. Ёсць у каго спытаць парады, ёсць з кім абмеркаваць розныя пытанні.
Ад выкладчыцкай работы я не адмовіўся – вяду ўрокі матэматыкі ў 10 класе. Вельмі люблю працаваць з дзецьмі.
Галоўнае для мяне цяпер, і так будзе заўсёды, стварыць такія ўмовы, каб дзецям было камфортна вучыцца, а педагогам – працаваць. Першая школа павінна быць самай лепшай!
Уладзімір Антонавіч Жданко,
дырэктар СШ №2 г. Шчучына:

— У другой гарадской школе я працую 19 год. Спачатку выкладаў фізіку, затым стаў намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Па сутнасці, я не сутыкнуўся з нечым новым і мне незнаёмым. Розніца толькі ў тым, што кола маіх абавязкаў значна пашырылася. Цяпер я займаюся выхаваўчай, гаспадарчай і іншымі відамі дзейнасці. Згадзіўся заняць гэту пасаду толькі таму, што добра ведаў калектыў і спадзяваўся на яго падтрымку.
Школа заўсёды вызначалася высокай якасцю адукацыі, арганізаванай сістэмай работы са здольнымі дзецьмі. Я прыкладу ўсе намаганні, каб і надалей захаваць лепшыя напрацоўкі і традыцыі.
Лічу, што ўсе намаганні настаўнікаў павінны быць накіраваны на паляпшэнне якасці адукацыі. Дзеці прыходзяць у школу атрымліваць веды, і ў гэтым плане для іх павінны быць створаны ўсе належныя ўмовы.
Ганна РУДСКАЯ.

Дашкольнае выхаванне
Працуем з улікам пажаданняў
Вельмі важнае значэнне ў развіцці дзіцяці ва ўзросце ад аднаго года да шасці надаецца дашкольнай адукацыі. Мы прапануем даверыць выхаванне і абучэнне вашага малыша вопытным педагогам. Дашкольныя ўстановы гатовы аказаць педагагічныя паслугі як на платнай, так і на бясплатнай асновах. Бацькі могуць выбраць паслугі ў адпаведнасці са сваімі запытамі і магчымасцямі дзіцяці.
Вельмі важна, каб з ранняга ўзросту побач з дзіцём знаходзіўся добры, любячы, уважлівы і кваліфікаваны педагог, які дапаможа хутка адаптавацца да дзіцячага садка, прывыкнуць да новых умоў жыццядзейнасці. У адаптацыйных групах, створаных у дашкольных установах горада і сяла, з радасцю сустрэнуць вашага малыша.
Дзеці, якім больш за тры гады, і якія не наведвалі дашкольныя ўстановы, групы кароткачасовага знаходжання, гульнявыя пляцоўкі, атрымаюць адпаведнае развіццё, своечасовую сацыялізацыю ў калектыве равеснікаў, у іх сфарміруюцца асновы гатоўнасці да школьнага абучэння.
У дашкольнай установе з улікам  пажаданняў бацькоў могуць быць створаны вячэрнія групы, групы выхаднога дня, якія функцыяніруюць не больш за тры гадзіны ў дзень без арганізацыі харчавання.
Згодна з праграмай дашкольнай адукацыі, выхавацелі дзяржаўнай установы могуць аказаць паслугі па выхаванні і абучэнні на даму сем’ям, якія аддаюць перавагу выхаванню дзіцяці ў дамашніх ўмовах.
Паважаныя бацькі, калі вы паведаміце свае пажаданні па тэлефоне 29740 або ў дашкольныя ўстановы вашага мікрараёна, мы зможам задаволіць усе вашы запыты.
Данута ШОСТАК,
галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама.

 

Супрацоўніцтва
На свята – да суседзяў
У кастрычніку ў Мікелеўшчынскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе Мастоўскага раёна адкрыўся музей Маці – чацвёрты ў Беларусі.
Удзел у гэтай урачыстасці прынялі і дэлегацыі дзвюх школ нашага раёна – Ражанкаўскай і Каменскай.
– Вельмі прыемна, што мае землякі са Шчучыншчыны адклікнуліся на запрашэнне і прыехалі на свята, – гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мікелеўшчынскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Марына Іосіфаўна Кажухоўская. – Мамы, што слухалі канцэртную праграму, да гэтай пары ўспамінаюць песню “Мая мама” у выкананні Вікторыі Тарасік і яркі танец дзетак з Каменкі “Мы – маленькія дзеці”. А карціна, якую намалявалі каменскія школьнікі, стала адным з экспанатаў музея.
Марына Іосіфаўна падзякавала за падтрымку і дапамогу Наталлі Генадзьеўне Шульга і Аксане Вячаславаўне Дашкевіч. Асобныя словы ўдзячнасці адрасавала дырэктарам Каменскай і Ражанкаўскай школ Віктару Леанідавічу Розмыслу і Аліне Тадэвушаўне Цівінскай. Яна спадзяецца, гэта – не апошняя іх сумесная справа.
Ганна РУДСКАЯ.