Санітарная служба інфармуе… | Дзяннiца

Санітарная служба інфармуе…

Версия для печатиВерсия для печати

У двор забегла ліса. Шалёная
Яшчэ ў верасні ў раёне былі зарэгістраваны 3 выпадкі лабараторна пацверджанага шаленства сярод буйной рагатай жывёлы на жывёлагадоўчых фермах у Ражанкаўскім, Каменскім сельсаветах і Астрынскім пассавеце.
Пачасціліся выпадкі, калі дзікія жывёлы з’яўляюцца ў вёсках і без страху ідуць на кантакт з людзьмі. Такія іх паводзіны павінны насцярожваць, бо з’яўляюцца адной з прыкмет захворвання на шаленства. У в. Стадаляны ў пачатку кастрычніка шалёная куніца ўкусіла мясцовага жыхара. Гэта паўторны на працягу паўгода выпадак. У сярэдзіне гэтага ж месяца ў в. Н. Падражанка ліса пранікла ў двор жылога дома і пакусала сабаку. Лабараторна пацверджана, што лясная госця была хворая на шаленства. Хатняга рэкса давялося ўсыпіць, а два чалавекі, што мелі непрамы кантакт з сабакам, праходзяць курс лячэбна-прафілактычнай імунізацыі супраць шаленства.
Усё пад кантролем!
Працягваецца работа па кантролі якасці прадукцыі, якую экспартуе ААТ “Шчучынскі масласырзавод”, а таксама якасці малака, што пастаўляецца на перапрацоўку з гаспадарак раёна. Так, толькі ў трэцім квартале па выніках праверкі складзены 21 пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за незахаванне санітарна-гігіенічных патрабаванняў пры вытворчасці малака. На адказных асоб накладзены 21 штраф на суму 2450000 рублёў.
Кантралюецца якасць рэалізуемай насельніцтву плодаагароднінай прадукцыі, у тым ліку і імпартнай вытворчасці. За парушэнні ўмоў захоўвання фруктаў у гандлёвых кропках да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 6 адказных асоб, якія аштрафаваны на агульную суму 840000 рублёў.
* * *
За 9 месяцаў 2009 года на прамысловых прадпрыемствах з прымяненнем лабараторных метадаў абследавана 466 рабочых месц. З іх 86 (18,5%) не адпавядаюць гігіенічным нарматывам. Вышэй за гігіенічныя нарматывы запыленасць і загазаванасць на асобных рабочых месцах газазварачных пастоў, на ўчастках дрэваапрацоўкі. Ёсць рабочыя месцы, дзе шум перавышае дапушчальны ўзровень.
Па прапанове санітарнай службы суб’ектамі гаспадарання распрацаваны мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне ўмоў працы. У выніку на прадпрыемствах прамысловасці і сельгасвытворчасці раёна прыведзена да патрабаванняў санітарных правіл і норм 59 рабочых месц, на якіх працуюць 69 чалавек, у тым ліку 8 жанчын. Да прыкладу, у СВК “Дэмбрава” і “Шчучынаграпрадукт”, ДП “Шчучынскі рамзавод” пасля рэканструкцыі сістэм вентыляцыі зніжана загазаванасць на рабочых месцах зваршчыкаў. У ДЛГУ “Шчучынскі лясгас” праведзена мадэрнізацыя дрэваапрацоўчага цэха, у выніку чаго зніжаны шум і запыленасць на рабочых месцах.
Лабараторыя ўпаўнаважана заявіць…
Па планавым лабараторным кантролі даследавана 202 пробы агародніны на наяўнасць яек гельмінтаў. У адной пробе бульбы знойдзены яйкі валасагаловаў. Заражэнне адбылося пры забруджванні зямельнага ўчастка, дзе вырошчвалася бульба, сцёкамі з дваровай прыбіральні.
За трэці квартал даследавана 413 проб харчовых прадуктаў. Нестандартных па бактэрыялагічных паказчыках не выяўлена.
Праведзена лабараторнае даследаванне вады з 465 шахтавых калодзежаў у розных населеных пунктах раёна. Па бактэрыялагічных паказчыках не адпавядаюць санітарна-гігіенічным патрабаванням 27,9% проб, перавышэнне ўтрымання нітратаў у калодзежнай вадзе ўстаноўлена ў 53% выпадкаў. Якасць водаправоднай вады некалькі лепшая: з 308 даследаваных проб толькі 1,6% аказаліся нестандартнымі. Утрыманне жалеза перавышае дапушчальныя нормы ў 19,8% проб.
Павел ВОЛЧАК,
галоўны ўрач ДУ “Шчучынскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”.