Сады зацвітаюць у верасні? | Дзяннiца

Сады зацвітаюць у верасні?

Версия для печатиВерсия для печати

Яшчэ тыдзень назад давялося ў вёсцы Бабічы ўбачыць квецень на голлі маладой ... вішанькі. “Сакура ды й годзе!” – падумалася тады. А вось нашы чытачы – малайцы!  Убачыўшы падобны цуд, трое чалавек не абмежаваліся ўласнымі думкамі, а пазванілі ў рэдакцыю з пажаданнем, каб мы абавязкова сфатаграфавалі і расказалі ўсім пра незвычайную яблыню, якая надумалася цяпер расцвісці, нягледзячы на яблыкі літаральна на тых жа галінах. Расце гэты “цуд” па вуліцы Гастэлы ў Шчучыне, непадалёку ад дзіцячага сада №7. Тут нібыта восень з вясною спатканне тайнае назначылі, але хіба ўтоіш нешта ад цікаўных людзей, якія ад душы ўсміхаюцца штукарствам прыроды альбо шчыра выказваюць сваё неўразуменне?
Мы папрасілі пракаменціраваць гэту з’яву намесніка дырэктара па навуцы Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства Люцыю Руткоўскую.
– Усё намнога празаічней, – пераканана кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт Л.С.Руткоўская. — Дрэва падверглася стрэсу з боку няўстойлівага надвор’я, ужо прыгатавалася да “спячкі”, а тут раптам цяплынь як сігнал да вясновага цвіцення. На самой справе гэта не вельмі добра для расліны, — тлумачыць наша суразмоўца. – Дрэва такім “няштатным” цвіценнем падрывае свае сілы, што негатыўна адаб’ецца на ягонай перазімоўцы, фарміраванні пладовых почак, а зрэшты і на будучай ураджайнасці.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.