САДРУЖНАСЦЬ - этнаканфесіянальная старонка | Дзяннiца

САДРУЖНАСЦЬ - этнаканфесіянальная старонка

Версия для печатиВерсия для печати

ВЫХАВАННЕ ЛЮБОЎЮ
Такі прынцып матушкі Таццяны ў адносінах да дзяцей – сваіх і чужых
– Менавіта пра такую сям’ю я заўжды марыла, – усміхаецца Таццяна Грэцкая. – Дзіцячы гоман, смех, радасць, аднадушша…
Са сваім будучым мужам матушка Таццяна пазнаёмілася ля святой крыніцы ў Жыровіцкай абіцелі. Юнак з Міёр Віцебскай вобласці прыехаў паступаць у семінарыю, а дзяўчына з вёскі Зіновічы, што на Брэстчыне, вучылася ў рэгенцкай школе пры гэтай жа вучэльні. Маладыя людзі не адразу зразумелі, што гэта яно, каханне. І яшчэ гадоў пяць лёс вадзіў іх рознымі сцяжынкамі, каб аднойчы злучыць назаўжды.
– Я яе вымаліў, – кажа айцец Аляксандр Грэцкі. – Бо моцна запала ў душу. І нікога іншага ў ролі суджанай не бачыў…
– І ён мне адразу спадабаўся… Дапамагаў, падтрымліваў у цяжкіх сітуацыях. Праўда, пэўны час я бачыла ў ім толькі сябра, – удакладняе Таццяна.
Павянчаліся закаханыя ў верасні 2001-га. Серафіма нарадзілася ў Міёрах, куды маладая сям’я прыехала, каб жыць і працаваць. Аляксандру давялося перавесціся на завочнае аддзяленне семінарыі і панамарыць у Міёрскім храме, а Таня расціла дзіцятка і дапамагала яму ў духоўнай адукацыі дзяцей і моладзі. Праваслаўны цэнтр, дзе працавалі Грэцкія, стаў сапраўдным духоўным цэнтрам горада. Арганізавалі дзіцячы хор, праваслаўную бібліятэку, ездзілі ў шматлікія паломніцтвы. У студзені 2005-га Бог даў ім яшчэ адну дачушку Настачку.
На Гродзеншчыну Грэцкія пераехалі летам 2006-га. 11 жніўня айца Аляксандра прызначылі настаяцелем Ракавіцкай Ражаства-Багародзічнай царквы Шчучынскага раёна. А матушка Таццяна раздзяліла з мужам усе цяжкасці працы сельскага святара. Яна ва ўсім падтрымлівае яго і чакае са службы, нясе ў народ хрысціянскія каштоўнасці, спявае ў царкоўным хоры і кіруе дзіцячым, займаецца з вясковымі дзецьмі. Пры гэтым – выдатна водзіць машыну і завочна вучыцца ў праваслаўным Свята-Ціханаўскім гуманітарным універсітэце на факультэце праваслаўнай педагогікі!
18 кастрычніка 2007-га сям’я Грэцкіх папоўнілася адразу двума чалавечкамі: на свет з’явіліся Мікіта і Кірыл. Калі, па словах бацькоў, з дзяўчынкамі клопатаў было няшмат, то гэтыя “маторчыкі” не сядзяць без справы ні хвілінкі і патрабуюць пастаяннай увагі. Прычым, абодва і адначасова!
– Як жа вы з імі спраўляецеся? – шчыра здзіўляюся я.
– З Божай дапамогай, – у адзін голас адказваюць матушка і бацюшка. – Стараемся выхоўваць любоўю…
– А пакаранні? Няўжо можна абыходзіцца без гэтага?
– Нават караць дзяцей трэба з любоўю. Наказанне – ад слова “наказ”. І рабіць гэта трэба толькі за сур’ёзныя недахопы, а не за дробязі…
Чацвёра дзяцей – не жартачкі. Да кожнага патрэбен свой падыход. Мудрасці і любові захавальніцы сямейнага ачага матушцы Таццяне хапае на ўсіх. Яна ўпэўнена ў тым, што дзяцей трэба чымсьці зацікавіць, каб яны былі пастаянна заняты і як мага актыўней насычалі розум і душу.
Другакласніца Серафіма і музыкай займаецца, і англійскай мовай, і наведвае шэраг гурткоў: выяўленчага мастацтва, швейны, саломапляцення. Насця пакуль ходзіць у дзіцячы садок, вельмі любіць творчасць, выдатна малюе. Двухгадовыя Мікіта і Кірыл увесь час пры маме, але таксама не сядзяць без справы: малююць, слухаюць казкі, глядзяць мультфільмы, займаюцца развіваючымі гульнямі, катаюцца на арэлях.
Дзіцячы пакой Грэцкіх – сапраўдны шэдэўр: і па афармленні, і па начынні. Тут ёсць усё, што трэба малым: казачны домік, пісьмовыя сталы, камп’ютар, паліцы з кнігамі і дыскамі, цацкі, спартыўны куток, спальныя месцы. Утульна, прыгожа, цёпла.
Радасць, памножаная на чатыры. Атмасфера любові і ўзаемаразумення. Агульная малітва і агульныя інтарэсы. Шчаслівыя дзеці побач з цудоўнымі бацькамі. Ніякіх сакрэтаў сямейнага шчасця бацюшка Аляксандр і матушка Таццяна не маюць. Кажуць, жыць трэба з Богам, дараваць адзін другому, паважаць і падтрымліваць...
Ала БІБІКАВА.
Фота аўтара.

 

Жыццё, як доўгая песня
Старажылы Каменкі, напэўна, добра помняць, як некалі гучаў у касцёле арган. Кожны гук кранаў за жывое, даходзіў да самых патаемных куточкаў душы. Так іграць на інструменце мог толькі чалавек, які “прапускаў” праз сябе кожную мелодыю, тонка адчуваў музыку. Так іграла арганістка касцёла сястра Гэлена. Цяпер яна – Маці Генеральна Супольнасці Сясцёр Маці Міласэрнасці ў Каменцы.
У далёкім 1967 годзе сястра Гэлена прыехала ў Каменку разам з ксяндзом Юзэфам Грасевічам. За больш чым чатыры дзесяткі год гэта вёсачка на Шчучыншчыне стала для яе другой радзімай. 
Гэлена вырасла ў вялікай сям’і. Яна была дзесятай – самай малодшай сярод дзяцей. Любоў да музыкі перадаў ёй старэйшы брат, які быў арганістам. Ён жа навучыў Гэлену іграць на аргане.
Яе шлях у рэлігіі пачынаўся ў складаныя гады рэпрэсій. Жаданне служыць Богу трэба было трымаць у тайне. Таму Гэлена ў той час хадзіла ў звычайным адзенні і працавала кухаркай. Спачатку ў Лаўна, Крэменніцы, Друскенінкаі. Затым пяць год была арганісткай.
Тады лёс і  звёў яе з ксяндзом Юзэфам Грасевічам – чалавекам творчым і неардынарным. Напісаныя ім байкі і інсцэніроўкі былі выдадзены асобным зборнікам.
Колькі год, як пакінула Гэлена сваю малую радзіму, але і цяпер не забывае дарагія сэрцу мясціны – вёсачку Новая Руда, што на Гродзеншчыне.
– Непадалёку нашай вёскі былі вялікія азёры, акружаныя лясамі, – успамінае Гэлена. – Здаецца, сёння бачу празрыстыя хвалі, іх зіхаценне на сонцы, чую іх усплёскі.
У Гэлены, Маці Генеральнай, прыродны талент. У яе душы ніколі не перастаюць гучаць цудоўныя гукі музыкі. Яна заўсёды такая ўзнёслая, перапоўненая светлым жаданнем жыць  для іншых.
Галоўная місія, якую, нягледзячы на вельмі паважаны ўзрост, і цяпер працягвае выконваць сястра Гэлена, – гэта служэнне людзям. На ўтрыманні сясцёр абшчыны Маці Міласэрнасці знаходзяцца адзінокія нямоглыя бабулькі, якім так патрэбен не толькі догляд, але і цёплае чалавечае слова. А слова Маці Генеральнай, як і ўсіх сясцёр, для многіх з тых, хто знайшоў прытулак у божым доме, – жыватворная сіла, што дапамагае жыць і пераносіць цяжкасці. 
Марыя ДУЖЫК,
в. Каменка.

Гэта трэба жывым
Актывісты раённага аддзела Саюза палякаў на Беларусі правялі акцыю па ўшанаванні памяці продкаў. Сябры арганізацыі ўсклалі кветкі і запалілі знічы на магілках ахвяр фашысцкага рэжыму, а таксама знакамітых асоб польскага паходжання, пахаваных у Шчучыне.
– Свяшчэнны абавязак жывых – памятаць і ўшаноўваць тых, каго няма з намі, хто аддаў жыццё за незалежнасць Радзімы, – падкрэсліў старшыня Шчучынскага раённага аддзела Саюза палякаў на Беларусі Віктар Богдан.
Аляксей БІБІКАЎ.
Фота аўтара.