Рэгістрацыя шлюбу – па iндывiдуальным сцэнарыi | Дзяннiца

Рэгістрацыя шлюбу – па iндывiдуальным сцэнарыi

Версия для печатиВерсия для печати

Імя аднаго чалавека ў розных дакументах запісана па-рознаму, недакладныя звесткі пра бацькоў у пасведчанні аб нараджэнні дзіцяці – гэтыя і іншыя пытанні такога роду ўзнікаюць пастаянна, і рана ці позна людзям прыходзіцца выпраўляць недарэчнасці, якія “закраліся” у іх дакументы, звяртацца ў адпаведныя дзяржаўныя органы. Як правільна паступіць у такіх сітуацыях? На гэтыя і іншыя пытанні ў час “прамой лініі” адказвала начальнік аддзела ЗАГС Шчучынскага райвыканкама  Ларыса Зіноўеўна Міхно.
– У якіх выпадках можна зарэгістраваць шлюб не ў аддзеле ЗАГС?
– Гэта можна зрабіць у выключных выпадках, калі адзін з тых, хто ўступае ў шлюб, не можа з’явіцца ў ЗАГС па прычыне хваробы або па іншай уважлівай прычыне. Гэта павінна быць пацверджана медыцынскімі або іншымі дакументамі, якія прыкладваюцца да заявы. У гэтым выпадку супрацоўнікі аддзела ЗАГС правядуць дзяржаўную рэгістрацыю шлюбу ў медыцынскай установе або дома.
– Ці праўда, што згодна з прынятай пастановай Міністэрства юстыцыі, аддзелы ЗАГС павінны выязджаць на рэгістрацыю шлюбу па жаданні маладажонаў у любое месца?
– 18 жніўня 2009 года Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь прынята пастанова №62 “Аб забеспячэнні ўрачыстай абстаноўкі пры рэгістрацыі заключэння шлюбу”. Даная пастанова ўрэгулявала і дазволіла (але не абавязала) законна праводзіць выязныя рэгістрацыі ў межах Рэспублікі Беларусь. Калі ў супрацоўнікаў аддзела ЗАГС ёсць час, яны могуць пайсці насустрач маладажонам і зарэгістраваць шлюб у іншым месцы. На падставе заявы ад маладажонаў на выязную рэгістрацыю і службовай запіскі начальніка аддзела ЗАГС рыхтуецца распараджэнне старшыні райвыканкама наконт таго, у які дзень і час супрацоўніка аддзела ЗАГС не будзе на сваім рабочым месцы. Гэта значыць, што працоўная нагрузка поўнасцю кладзецца на другога супрацоўніка аддзела, які павінен весці прыём грамадзян, выдаваць даведкі, паўторныя пасведчанні, рэгістраваць нараджэнні, шлюбы, смерць... У асенне-летні перыяд мы рэгіструем да 10 супружных пар у дзень. Пра які выезд у такім выпадку можа ісці размова?
– Куды могуць выязджаць супрацоўнікі аддзелаў ЗАГС? Мы, напрыклад, хацелі б зарэгістраваць шлюб там, дзе ўпершыню прызналіся ў каханні адзін аднаму. Вяселле ў нас у жніўні. Гэта магчыма?
– Месцам выезду могуць быць памяшканні, якія вызначаюцца райвыканкамам па ўзгадненні з галоўным упраўленнем юстыцыі. Гэта могуць быць установы культуры, а таксама памяшканні, размешчаныя ў гістарычных і памятных мясцінах, помніках архітэктуры, мастацтва або гісторыі. Інфармацыя аб тым, што супрацоўнікі аддзелаў ЗАГС могуць выязджаць куды хочаш, напрыклад, у рэстаран або на зялёны лужок, недакладная.
– Калі заключаецца шлюбны дагавор? Мы хацелі б падпісаць усе дакументы да рэгістрацыі шлюбу.
– Гэта магчыма. Шлюбны дагавор заключаецца ў пісьмовай форме і падлягае натарыяльнаму засведчанню. Заключыць яго могуць як муж і жонка (незалежна ад даўнасці знаходжання ў шлюбе), так і асобы, якія толькі заключаюць шлюб. У другім выпадку дагавор уступае ў сілу толькі з дня рэгістрацыі заключэння шлюбу.
– Ці можна адмовіцца ад урачыстай рэгістрацыі шлюбу?
– Урачыстая рэгістрацыя шлюбу, у адпаведнасці з заканадаўствам, праводзіцца толькі па жаданні асоб, якія ўступаюць у шлюб. Шлюб можна зарэгістраваць у кабінеце аддзела ЗАГС.
– Ці можа муж узяць прозвішча жонкі пасля рэгістрацыі шлюбу?
– Муж мае права ўзяць прозвішча жонкі ў любы час, звярнуўшыся ў аддзел ЗАГС з заявай аб перамене прозвішча.
– Мы падалі заяву на рэгістрацыю шлюбу, але ў прызначаны дзень па ўважлівых прычынах прыйсці не зможам. Як быць у такім выпадку?
– Вам неабходна звярнуцца ў аддзел ЗАГС, дзе вы падавалі заяву на рэгістрацыю шлюбу, і напісаць заяву аб пераносе даты рэгістрацыі на працягу трох месяцаў, указаўшы прычыну.
–  Мы вырашылі паехаць у вясельнае падарожжа за мяжу адразу пасля вяселля. Ці ставіцца цяпер у аддзеле ЗАГС штамп у пашпарце “Падлягае абмену”?
– Такі штамп мы ўжо не ставім. Аднак мы робім адзнаку аб рэгістрацыі заключэння шлюбу, у якой указваем, калі была рэгістрацыя шлюбу, і якое прозвішча абралі муж ці жонка пасля заключэння шлюбу.
– Атрымліваецца, што нявеста можа выехаць за межы Рэспублікі Беларусь у вясельнае падарожжа адразу пасля вяселля нават не мяняючы пашпарт?
– Справа ў тым, што пашпарт з нашай адзнакай аб рэгістрацыі шлюбу сапраўдны на працягу месяца. Таму пагранічныя службы правяраюць усе адзнакі, зробленыя ў пашпарце, і на падставе гэтага дазваляюць або забараняюць перасячэнне мяжы. І нават калі вас выпусцяць з нашай краіны, не факт, што з гэтым пашпартам вам дазволяць уезд у іншую краіну.
– Мы б хацелі, каб у час урачыстай рэгістрацыі шлюбу гучала “наша” музыка. Гэта магчыма?
– Так. Аддзел ЗАГС аказвае платныя паслугі па ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу і рэгістрацыі нараджэння па індывідуальным сцэнарыі. Каштуе гэта паслуга 15150 рублёў і 11800 рублёў адпаведна. З улікам выказаных вамі пажаданняў цырымонія заключэння шлюбу можа суправаджацца прадстаўленымі вамі музычнымі творамі, утрымліваць элементы нацыянальных традыцый і абрадаў, прычым не толькі беларускіх.
– Што значыць “рэгістрацыя шлюбу па індывідуальным сцэнарыі”?
– Па жаданні грамадзян аддзел ЗАГС распрацоўвае індывідуальны сцэнарый з выкарыстаннем нацыянальных элементаў і традыцый той ці іншай культуры. Для гэтага асобам, якія маюць намер уступіць у шлюб, неабходна грунтоўна і канкрэтна прадумаць сваё бачанне ўрачыстай цырымоніі і патлумачыць супрацоўнікам аддзела ЗАГС. За месяц да прызначанай даты рэгістрацыі шлюбу грамадзянам неабходна абмеркаваць сцэнарый урачыстай рэгістрацыі з супрацоўнікамі аддзела ЗАГС.
– Я нарадзіўся ў Шчучынскім раёне. У маім пасведчанні аб нараджэнні няправільна ўказана імя па бацьку майго бацькі, які нядаўна памёр. Я жыву ў іншым горадзе. Як паправіць памылку? Мне неабходна ехаць у Шчучын?
– Вам неабходна звярнуцца ў аддзел ЗАГС па  месцы жыхарства з заявай аб унясенні змяненняў у запіс акту аб нараджэнні.
– У мяне ва ўсіх дакументах (пашпарт, ваенны білет, пасведчанне аб шлюбе, аб нараджэнні дзяцей) указана імя Генадзій, а ў пасведчанні аб нараджэнні – Генрых. Што рабіць?
– Неабходна звярнуцца ў аддзел ЗАГС з заявай аб перамене імені ў парадку выключэння для прывядзення дакументаў у адпаведнасць. Калі галоўнае ўпраўленне юстыцыі палічыць Вашу прычыну перамены імя ўважлівай, Вам будзе дадзены дазвол.
Падрыхтавала Ганна РУДСКАЯ.
Фота Аляксея БІБІКАВА.