Рыбка малая, ды залатая | Дзяннiца

Рыбка малая, ды залатая

Версия для печатиВерсия для печати

Чаславу даўно рупіла наведацца на Клешнякоўскае возера, што знаходзіцца непадалёку вёскі Малая Нявіша. Ён быў заядлым рыбаком, а калі даведаўся, што ў возера летась запусцілі малька, і зараз ён павінен ужо вырасці, дык увогуле стала невыносна. Ён нават ноччу дрэнна спаў: усё мроілася вялізная рыба. Не турбавала яго і тое, што гэтае возера арэндуе ПУП “ЗІМЛен”, і яно ахоўваецца.
І вось адным ранкам Часлаў тайком прабраўся да возера. Закінуў вуду раз, другі, трэці. Клявала, але ўсё малая рыба. Упэўненасць, што яго ніхто не знойдзе, падштурхоўвала пастаяць тут яшчэ. А раптам і трапіць на кручок што-небудзь важкае?
Прытаіўшыся ў чароце, ён выцягнуў чарговую драбнату, але тут, адкуль ні вазьміся, выплыла лодка з ахоўнікамі. Доўга адпіраўся браканьер. Называў розныя імёны, несапраўднае месца працы, але калі інспектары вырашылі яго адвезці ў раён – прызнаўся. Аказалася, што ён з Лычкаўцаў і завуць яго Часлаў В. І хоць улоў аказаўся не вельмі багаты, адказваць прыйшлося па поўнай. Пасля разгляду ў судзе справы аб браканьерстве, ён атрымаў штраф у памеры 10 базавых велічынь.
Здавалася б, такая “залатая рыбка” будзе не па кішэні і для іншых аматараў-браканьераў. Але не. Жыхар вёскі Бакшты Анатоль Б. таксама быў аштрафаваны. Пад строгі кантроль трапілі і браты з вёскі Клешнякі Антон і Мар’ян Г.
Нібы магнітам цягне да прыватнага возера жыхароў бліжніх вёсак. І кожны раз яны пападаюцца і нясуць адміністрацыйнае пакаранне. Толькі хочацца спытаць у парушальнікаў, няўжо яны не разумеюць, што прыватная маёмасць, у даным выпадку — возера, заўсёды знаходзіцца пад аховай закону? Няўжо яны, браканьеры, пусцяць проста так да сябе на падворак чужога чалавека, каб той вынес іх маёмасць?!
Уладзіслаў НОСЕВІЧ,
старшы дзяржаўны інспектар Гродзенскай абласной інспекцыі аховы расліннага і жывёльнага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.