Рашаць праблему – усім грамадствам | Дзяннiца

Рашаць праблему – усім грамадствам

Версия для печатиВерсия для печати

Адна з вострых сацыяльных праблем – злачыннасць сярод непаўналетніх. І яе рашэнне залежыць ад усяго грамадства ў цэлым.
Для папярэджання безнагляднасці і правапарушэнняў падлеткаў, аховы іх правоў і законных інтарэсаў, аздараўлення абстаноўкі ў нядобранадзейных сем’ях у рэспубліцы сфарміравана шырокая заканадаўчая база, паслядоўна рэалізуецца шэраг праграм, у тым ліку Прэзідэнцкая праграма “Дзеці Беларусі”.

Мэтанакіраваны міжведамасны падыход у арганізацыі і правядзенні такой работы дазволіў аказаць пэўнае станоўчае ўздзеянне на стан правапарадку ў падлеткавым асяроддзі. Па выніках 10 месяцаў бягучага года колькасць злачынстваў з удзелам данай катэгорыі асоб у рэспубліцы скарацілася на 7,7 працэнта. Зменшылася колькасць выпадкаў наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, крадзяжоў, грабяжоў, разбояў і іншых відаў злачынстваў. На працягу апошніх пяці год вызначылася тэндэнцыя да скарачэння ўзроўню падлеткавай злачыннасці.
Асноўныя намаганні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў накіраваны на раннюю прафілактыку правапарушэнняў. Сёлета ў Беларусі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 463 непаўналетнія, якія ўчынілі наўмысныя цялесныя пашкоджанні. 8 тысяч падлеткаў распівалі спіртныя напіткі. 3,2 тысячы дарослых асоб уцягнулі непаўналетніх у антыграмадскія паводзіны. 6,3 тысячы бацькоў прыцягнуты да адказнасці за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей.
Вялікая адказнасць ускладаецца на бацькоў падлеткаў. Практыка паказвае, што проціпраўныя паводзіны дзяцей знаходзяцца ў непасрэднай залежнасці ад недахопаў сямейнага выхавання. На ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх знаходзяцца 13,7 тысячы падлеткаў-правапарушальнікаў. Самыя строгія меры ўздзеяння прымяняюцца да тых “мам” і “татаў”, якія прамянялі шчаслівае жыццё сваіх дзяцей на шклянку спіртнога.
Яшчэ нядаўна, пазбаўляючы бацькоў правоў, дзяржава вызваляла іх ад клопатаў пра сваіх дзяцей. Цяпер, пасля прыняцця Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 ад 24 лістапада 2006 года “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай ахове дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”, бацькі абавязаны вяртаць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні. На ўліку ў органах унутраных спраў – больш за 12 тысяч абавязаных асоб. Кожны з іх можа вярнуць сваё дзіця, але для гэтага неабходна пачаць жыць, а не існаваць у п’яным угары.
Праведзеная прафілактычная работа дазволіла вярнуць у гэтым годзе ў сем’і больш за 1,8 тысячы непаўналетніх.
Адна з праблем, якая набыла масавы характар ва ўсіх рэгіёнах краіны, – распіццё непаўналетнімі піва і слабаалкагольных напіткаў. Зараз распрацаваны і накіраваны ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь” у частцы ўстанаўлення адказнасці за распіццё слабаалкагольных напіткаў і піва на вуліцах, стадыёнах і г. д.  Даны праект закона ўтрымлівае адміністрацыйна-прававыя нормы, якія садзейнічаюць прафілактыцы п’янства і алкагалізму. Ён разгледжаны ў Палаце прадстаўнікоў і 11 чэрвеня быў  прыняты ў першым чытанні.
У супрацоўніцтве з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь створаны дзіцячы прававы сайт, дзе падлеткі могуць атрымаць сістэматызаваныя веды аб правамерных паводзінах.
Сёння, каб дабіцца станоўчых перамен, недастаткова папярэджваць людзей аб праблемах, звязаных з ростам падлеткавай злачыннасці, іх трэба вырашаць усім грамадствам.
Ігар КАРАЧУН,
намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Рэспублікі Беларусь.