Разам лягчэй перасіліць бяду | Дзяннiца

Разам лягчэй перасіліць бяду

Версия для печатиВерсия для печати

У кожнага з гэтых людзей свой нялёгкі лёс, свае праблемы, але яны не прывыклі скардзіцца на жыццё. А ў Дзень інвалідаў сабраліся, каб сказаць адзін аднаму добрае слова, падтрымаць маральна, успомніць, чым жылі гэты год.
Цёпла вітала гасцей старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” Р.А. Сарока. Яна паклапацілася, каб сустрэча адбылася менавіта тут, у сваім “штабе”, дзе месціцца арганізацыя. Было чым і пачаставаць гасцей, сталы накрыць дапамаглі спонсары – раённая арганізацыя Фонду міру, масласырзавод, рамзавод, прадпрымальнікі М. Арлова, С. Клышэвіч, Т. Шамарына, І. Паўлюкевіч, В. Панімаш і інш.
Як адзначыла Р.А. Сарока, раённая арганізацыя інвалідаў аб’яднала 367 чалавек, якія мужна змагаюцца з хваробай. Нягледзячы на тое, што арганізацыя існуе за кошт членскіх узносаў, ахвяраванняў, добраахвотнай дапамогі, намаганні старшыні і актывістаў накіраваны на тое, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі не адчувалі сябе адзінокімі, бездапаможнымі і забытымі. Вялікая роля ў гэтым актывістаў М. Даніловіча, І. Рагінскай, Ч. Вашчыла, К. Марук. В. Фіцавай і іншых. Члены арганізацыі наведваюць канцэрты, удзельнічаюць у выставах і конкурсах, бываюць на экскурсіях. Арганізацыя цесна супрацоўнічае з раённым таварыствам інвалідаў па зроку. Гэта пацвердзіла і яго старшыня Т.М. Кулакова, якая цёпла павіншавала прысутных, пажадала ім аптымізму і дабра.
Радасць сустрэчы ў гэты дзень з членамі раённай арганізацыі інвалідаў раздзялілі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама С.Г. Шандроха, загадчык аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Д.І. Кахновіч, дырэктар камбіната надомнай працы А.М. Грынько, ксёндз Вітальд.
Як адзначыў Алег Мікалаевіч Грынько, дзень 3 снежня дае падставу звярнуць увагу на тых, каму найбольш цяжка ў жыцці. Гэтым людзям патрэбна рэальная дапамога. Яны не просяць грошай, яны просяць даць магчымасць іх зарабіць.
Ксёндз Вітальд пажадаў прысутным жыць з Богам у сэрцы і прасіць Усявышняга, каб даў сілы змагацца з немаччу. Шчыра дзякавалі Р.А. Сарока за арганізацыю гэтага святочнага сходу Л.П. Яхімчык, Д.М. Шпаковіч, М.М. Даніловіч. А юбілярам, тым каму споўнілася 65, 70 і больш гадоў, было вельмі прыемна атрымаць у гэты дзень падарункі.
Вясёлую нотку задалі сустрэчы жартоўныя вершы, якія дарылі прысутным К.С. Марук і З.В. Пернікава. А потым жанчыны завялі песню пад цудоўны акампанемент баяна – падтрымаць спявачак прыйшоў Генадзь Паноў.
Сагрэліся ў зімовы дзень цёплым словам, пяшчотнай песняй душы людзей, у сябрах  якіх часта бывае адзінота. Застаецца пажадаць, каб такіх сустрэч у іх жыцці было больш.
* * *
Днём раней урачысты сход ладзілі члены раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку.
Жаданым госцем на ім стаў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама М.М. Куц. Ён расказаў аб мерах дзяржаўнай падтрымкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Сапраўдным падарункам для ўдзельнікаў сходу стала выступленне самадзейных артыстаў Жалудоцкага гарпасялковага Дома культуры.
Ала УЛАДЗІМІРАВА.
Фота Аляксея БІБІКАВА.