Прэзідэнцкі аркестр пазнаёміў шчучынцаў з новымі “залатымі галасамі” Беларусі | Дзяннiца

Прэзідэнцкі аркестр пазнаёміў шчучынцаў з новымі “залатымі галасамі” Беларусі

Версия для печатиВерсия для печати

Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь – у Шчучыне.Гэта быў супераншлаг! У вялікай зале раённага Дома культуры давялося дастаўляць крэслы, з балконаў эмацыянальныя слухачы крычалі “брава”, а больш памяркоўная публіка не шкадавала далоняў пасля кожнага канцэртнага нумару. І віртуозы-аркестранты, і маэстра Віталь Кульбакоў, і маладыя вакалісты сваім талентам абуджалі шквал пачуццяў у душах людзей, што прыйшлі сустрэцца з высокім мастацтвам.
І надзеі гэтыя спраўдзіліся. Калекцыя залатых шлягераў, класічныя творы, беларускія, рускія, неапалітанскія, італьянскія, французкія, сербскія – ды якіх толькі песень не гучала ў мінулую пятніцу!? Шчучынцы прыйшлі на канцэрт з кветкамі, хто-ніхто нават прысвяціў Прэзідэнцкаму аркестру свае паэтычныя радкі і набраўся-такі смеласці, каб зачытаць іх напрыканцы пад салідарныя апладысменты землякоў. Удзячная публіка  доўга не пакідала залу, а сталічныя госці былі шчыра ўзрушаны такім цёплым, сардэчным прыёмам.


— Віталь Рыгоравіч, не будзем утойваць: нашым шчучынцам вельмі ж хацелася пазнаёміцца яшчэ і з мастацкім кіраўніком ды галоўным дырыжорам Прэзідэнцкага аркестра Віктарам Бабарыкіным. Па якой прычыне не прыехаў ён?
— Гэта звязана з афіцыйнымі візітамі ў нашу краіну, шчодрымі на якія аказаліся апошнія лістападаўскія дні. Але ў Прэзідэнцкім аркестры два дырыжоры, і, спадзяюся, я вас не расчараваў.
— Ні ў якім разе. Вы, маэстра, былі на вышыні, як і Ваш высокапрафесійны аркестр. А раскажыце пра гісторыю ўзнікнення калектыву.
— Наш аркестр быў створаны сем гадоў таму па указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Акурат 15 лістапада 2002 года ў Палацы Рэспублікі адбылася наша першая рэпетыцыя. Прэзідэнцкі аркестр сёння – гэта 52 музыканты, 10 салістаў-вакалістаў і два дырыжоры. А нядаўна, дзякуючы нашаму сумеснаму з ОНТ тэлепраекту, мы адшукалі новыя маладыя таленты, якія і прывезлі сёння да вас у Шчучын, каб здзівіць і зачараваць. Упэўнены, што галасы Ірыны Патаповіч, Арцёма Міхаленкі, Егіазара Фарашана, Вольгі Сансевіч, сясцёр-двайнят Алены і Нінэль Карповіч вы ўжо не забудзеце.  Дарэчы, ёсць сярод нашых новых салістаў і вашы землякі — выхадцы з Гродзеншчыны. Да прыкладу, Юлія Шышко і Радміла Сямёнава. Між іншым, гэтых надзвычай таленавітых маладых людзей мы адшуквалі па ўсіх рэгіёнах Беларусі. Праслухванне прайшлі амаль дзве тысячы (!) прэтэндэнтаў, а адабралі 25 чалавек. З 8-ю з іх вы сёння пазнаёміліся, і, як адчувалася па прыёме, моладзь надзвычай спадабалася публіцы.
— Віталь, Вы таксама зусім малады чалавек. Як пачыналі сваю творчую кар’еру?
— Закончыў музычнае вучылішча імя Глінкі, а затым акадэмію. Працаваў у оперным тэатры, а потым трамбаністам у Прэзідэнцкім аркестры. Вось ужо на працягу чатырох гадоў з’яўляюся дырыжорам.
— А што б хацелі пажадаць нашым шчучынцам?
— Няхай іх сэрцы заўсёды будуць так жа шырока адчынены для дабрыні і прыгажосці, як гэта было на канцэрце. Усім здароўя, цеплыні, сардэчнасці. Няхай добрая музыка заўсёды гучыць у вашым доме і прыносіць радасць...
— Вялікі Вам дзякуй.
— Гэта вам дзякуй за цёплы прыём. Запрашайце яшчэ – абавязкова прыедзем...
Гутарыла Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Аляксея БІБІКАВА.